Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

25

Скабінскія перадавікі

29.07.2010

СВК “Скабін” адным з першых у раёне пачаў сёлетнюю ўборачную кампанію. Нягледзячы на моцныя маразы зімой, паспеў неблагі ўраджай азімага рапсу, дзе першыя тоны і набіралі сем камбайнавых экіпажаў, занятых на жніве. У гаспадарцы пад збожжавыя і зернебабовыя занята 1190 га. Дзякуючы высокай арганізацыі працы, па стане на 27 ліпеня ўжо ўбрана 784 га, што складае 65,9%, і намалочана 3137 тон.

Падчас наведвання гаспадаркі (мінулая пятніца) на 10-гектарным полі ля вёскі Скабін, дзе паспеў яравы ячмень, шчыраваў экіпаж камбайна КЗС-7 у складзе Сяргея Апанасчыка і Аляксея Чаркаса. Хаця хлопцы на ўборачнай працуюць першы сезон, высокі тэмп дазволіў ім у адпаведнай групе камбайнераў на 24 ліпеня стаць лідэрамі раённага  спаборніцтва на ўборцы сярод маладых удзельнікаў уборачнай кампаніі.

Для Сяргея, студэнта ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага універсітэта, будучага інжынера, адначасова – гэта і сур’ёзны экзамен, і студэнцкая практыка. А вось Аляксей – вопытны трактарыст. Працаваў у розных арганізацыях, але спыніўся-такі на “Скабіне”, дзе і шчыруе другі год.

Аляксандр Грынкевіч і Аляксандр Паўлюшчык, экіпаж камбайна КЗС-1218, — двойчы лідэры. На ўчарашні дзень са 186 гектараў хлопцы намалацілі 744 тоны, што дазваляе ім першынстваваць і ў сельгаспрадпрыемстве, і сярод маладзёжных экіпажаў раёна. Навічку гарачай летняй кампаніі Аляксандру Паўлюшчыку (таксама студэнту БДАТУ) ёсць чаму павучыцца ў старэйшага калегі Аляксандра Грынкевіча, на рахунку якога гэта ўжо адзінаццаты ўборачны сезон. Па-майстэрску разам з астатнімі экіпажамі хлопцы заканчвалі ўборку ячменю ля в. Мазалі.

На гэтым жа полі засталі яшчэ аднаго скабінскога перадавіка. Вадзіцель МАЗа-5551 Уладзімір Калпак праводзіць сваё другое жніво. І робіць гэта “на выдатна”, аб чым сведчыць Дошка гонару, надрукаваная ў мінулым нумары раёнкі. На збожжаток на ўчарашні дзень Уладзімір даставіў ад камбайнаў 766 тон зерня.

Збожжасушыльныя комплексы СЗК-100 і КЗС-10, дзе ідзе работа ў дзве змены, дазваляюць хутка і якасна весці дапрацоўку новага ўраджаю. А для бесперабойнага правядзення ўборачнай кампаніі ў СВК “Скабін” арганізавана двухразовае харчаванне, якое гатуецца ў ПВУП “Капыльскі каапхарч”, пастаянна падвозіцца пітная і мінеральная вада. Штодня ў гаспадарцы падводзяцца вынікі работы хлебаробаў, узнімаецца сцяг у гонар лідэраў.

Каб павіншаваць перадавікоў маладзёжнага спаборніцтва, у СВК “Скабін” завіталі начальнік аддзела па справах  моладзі райвыканкама Валянціна Балажынская і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч. Яны падзякавалі маладым хлебаробам за высокія тэмпы на ўборцы і ўручылі вымпелы з сімволікай маладзёжнага саюза.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКАХ: 1. Экіпаж камбайна КЗС-1218 А. Грынкевіч і А. Паўлюшчык. 2. В. Балажынская, С. Апанасчык, А. Чаркас, Н. Гарпбацэвіч. 3. Вадзіцель У. Калпак.

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей