39
Празаік са Смалічоў
09.11.2012
У гады вайны ад рук фашыстаў загінуў самы малады пісьменнік-празаік Капыльшчыны Уладзімір Кандраценя. Яго апавяданні, якія ўдала раскрываюць характар і паводзіны героя, заўважыў наш зямляк, класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны. Менавіта ён падтрымаў маладога аўтара, дапамог яму ўзяць творчы кірунак у распрацоўцы твораў і даў празаіку рэкамендацыю ў пісьменніцкую арганізацыю. Кандраценя быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР у 1938 годзе. Падтрымліваў творчасць нашага земляка і вядомы беларускі пісьменнік Міхась Клімковіч, які некаторы час кіраваў пісьменніцкім саюзам. Сёлета споўнілася 95 год з дня нараджэння таленавітага пісьменніка, ураджэнца вёскі Смалічы Бучацінскага сельсавета.
У сям’і хлебаробаў Кандраценяў нарадзілася сем дзяцей, і самым старэйшым быў Уладзімір, як кажуць, равеснік кастрычніка, бо на свет з’явіўся ў самым вірлівым 1917 годзе. Ён стаў добрым сябрам і нянькай для сваіх сясцёр і братоў: Марыі, Адама, Івана, Надзі, Лёні і Сашы. Цікава, што яго мама Кацярына Спірыдонаўна навучыла яго рабіць хатнюю справу. Яна ласкай і сваёй дабрынёй закладвала ў душу хлопчыка любоў да роднай зямлі і песеннай спадчыны. А любоў да матчынай мовы яму прывіў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Смаліцкой сямігодкі Іван Банькоўскі. Неўзабаве ў Смалічах арганізаваўся калгас, у які ўступіла ўся сям’я Кандраценяў. Уладзіміру давялося асвоіць усе сельскагаспадарчыя работы. Ён улетку пасвіў жывёлу, касіў і абганяў бульбу, ды і цяслярыць мог не горш за бацьку. Бацькі зычылі яму хлебаробскую прафесію, а ён пасля заканчэння сямігодкі паступае на рабфак (г. Бабруйск) і праз тры гады, у 1935 годзе, яго заканчвае. Далей вучыцца на літаратурна-лінгвістычным факультэце Мінскага педінстытута, які закончыць з адзнакай. Давялося юнаку некаторы час папрацаваць настаўнікам у Чырвонаслабодскай сярэдняй школе. Знаёміў вучняў з гордасцю нашай літаратуры: Максімам Багдановічам, Янкам Купалам, Якубам Коласам і, вядома ж, з творчасцю знакамітага земляка Кузьмы Чорнага. Прачытаў хлопчыкам і дзяўчынкам цудоўную паэму «Дзіва» Нічыпара Чарнушэвіча — вядомага паэта з Капыля. Літаратурны гурток на Бабруйскім рабфаку, калі вучыўся там Кандраценя, даваў аматарам паэзіі і прозы веды аб беларускай літаратуры. I вельмі цанілася імя аўтара «Дзіва».
Традыцыі літгурткоўцаў Уладзімір Кандраценя перанёс у школу. У яго былі планы такую літсуполку стварыць у Чырвонай Слабадзе, але прызыў у Чырвоную Армію, а затым вайна перакрэслілі задумы.
Ён паваюе 2-3 месяцы, стане камандзірам невялічкага аддзялення, будзе адступаць і хадзіць у атаку, але іх полк трапіць у акружэнне. Перажыве пакуты канцлагера і смерць закатаваных сяброў, але цудам вернецца адтуль і прыйдзе дадому.
Фашысты расстрэльваюць ні ў чым не павінных грамадзян, і таму патрыёты помсцяць ім. Ствараюць у лясным масіве «Орлік» партызанскі атрад пад камандаваннем В. А. Васільева. Уладзімір ідзе ў гэты атрад, але доўга яму быць партызанам не давялося. Камандзір атрада, як яго называлі дзядзька Вася, накіроўвае хлопца ў Чырвонаслабодскую камсамольска-падпольную групу, якой кіраваў былы франтавік фінскай вайны Адам Андрэевіч Чыгір (аб гэтым паведамляе кніга «Памяць» Салігорскага раёна). Уладзімір разам з маладымі падпольшчыкамі збірае звесткі аб руху і колькасці немцаў, здабывае для атрада зброю і боепрыпасы і дастаўляе ў «Орлік». Па радыёпрыёмніку даведваецца, што Масква выстаяла і піша лістоўку. У канцы 1942 года атрад дзядзькі Васі разграміў буйны гарнізон фашыстаў у Чырвонай Слабадзе. Пасля гэтага гарнізон не аднаўляўся.
Васільеў даў заданне Кандраценю арганізаваць падполле ў Слуцку. Ён парэкамендаваў патрыёту ўзмацніць канспірацыю, каб пазбегнуць правалаў. Яго група расклейвала па гора-дзе лістоўкі, паведамляла партызанам аб задумах ворага. Але знайшоўся правакатар, і па яго даносе падпольшчыкаў арыштавалі і расстралялі. Маці Уладзіміра цудам удалося забраць цела сына і пахаваць у Смалічах.
Яшчэ калі Уладзімір Ігнатавіч вучыўся ў сямігодцы, у 1932 годзе газета «Палеская праўда» змясціла яго апавяданне «Спаганяюць падаткі». А затым яго творчасць раскрыла крылы, калі юнак вучыўся на Бабруйскім рабфаку. А літгурток даў моцы. Ён нават дасылае вершык і літаратурныя артыкулы ў газету «ЛіМ». Часопісы «Полымя рэвалюцыі», «Работніца і сялянка» друкуюць з задавальненнем апавяданні маладога аўтара. I нават яўрэйскі часопіс «Штэрн» надрукуе на мове выдання апавяданне «Каханне», гэтым самым узніме на пісьменніцкі п’едэстал талент пісьменніка са Смалічоў.
У 1938 годзе ў беларускім выдавецтве выходзіць кніга апавяданняў У. Кандрацені «Любоў». У даваенным друку ў часопісе «Полымя» і ў газетах «ЛіМ», «Чырвоная змена» пісьменнікі Клімковіч, Мурашка, Маслоўскі лічаць, што ў свежай літаратурнай сіле Кандраценя займае дастойнае месца, яго творы любяць чытаць і з нецярпеннем чакаюць новых.
Ушаноўвае спадчыну яго малодшы брат Аляксандр, які ў званні генерал-маёра доўгі час узначальваў адзін з аддзелаў генштаба расійскай арміі і зараз жыве ў Маскве. Ён сабраў неапублікаваныя артыкулы і творы брата, і ў гэтым годзе павінна выйсці кніга, прысвечаная юбіляру. Аб гэтым паведаміла пляменніца Наталля Навіцкая. Сваякі ганарацца сваім продкам-пісьменнікам, які аддаў жыццё за Радзіму.
Уладзімір Кандраценя, як і Аляксей Коршак, згарэў, нібы зорка, але пакінуў значны след у літаратуры.
Іван ІГНАТЧЫК,
г. Капыль
Поделиться
Комментарии