Знаёмцеся: наш зямляк, прафесар, доктар сельскагаспадарчых навук, член-карэспандэнт Беларускай інжынернай акадэміі Канстанцін Уладзіміравіч Каляда.
Нарадзіўся ён 25 кастрычніка 1941 года ў в. Старыца. Косцік добра запомніў цёмную зямлянку, у якой жыла сям’я, і дзе на земляной падлозе ён любіў гуляць з сястрычкай Ганнай і брацікам Уладзімірам. Пазней народзяцца Марыйка і Сашка. Яшчэ доўга, нават пасля вызвалення роднай Капыльшчыны ад фашыстаў, шматдзетная сям’я жыла ў непрыдатным падзямеллі. Бацька, Уладзімір Піліпавіч, выдатны цясляр, нейкім чынам прыдбаў хлевушок, змайстраваў хатку і накрыў яе саломай. Пазней, у 60-я гады, сям’я набыла новы прыгожы дом.
Цяжкім было дзяцінства Канстанціна Уладзіміравіча, як кажуць, паўгалодным. Таму будучы вучоны з малых гадоў дапамагаў бацьку цяслярыць, каб неяк зарабіць на хлеб. Навучыўся добра араць, абганяць на кані бульбу, лёгка ўпраўляўся з касой, вадзіў коней, якія цягнулі жатку. Працаваў нараўне з дарослымі. Канстанцін Уладзіміравіч лічыць, што ён у юнацтве атрымаў добрую загартоўку, і ў дарослым узросце паспяхова адольвае ўсе перашкоды. Ужо тады ён палюбіў хлебнае поле і марыў стаць аграномам. Прыгожыя ваколіцы, лес, багаты грыбамі, і рэчка — рыбай, не давалі прапасці з голаду, таму ён стаў заўзятым грыбніком і рыбаком.
Косцік выдатна вучыўся ў Бадзяжоўскай сямігодцы, менавіта яна дала добры старт у навуку і педагогіку многім сваім выхаванцам. У восьмым класе давялося вучыцца крыху далей ад дома ў Камсамольскай дзесяцігодцы.
У экстрэмальных умовах праходзіла яго армейская служба ў пустыні Каракум. Сяржант Каляда абслугоўваў энергасістэмы “Байканура”. Яму давялося ўбачыць узлёт у космас Юрыя Гагарына. У войску ён набыў прафесію электрыка і вадзіцеля. У сцюжу і спёку ездзіў па стэпе і рамантаваў пашкоджаныя электракабелі, якія сілкавалі касмадром. Лез на 35-метровую вышыню апораў ЛЭП, дзяўбаў мёрзлую зямлю ломам і адладжваў электрасістэму. Наш зямляк праслужыў Айчыне тры гады і тры месяцы.
Яго цікавы лёс мог бы стаць займальным сюжэтам для фільмаў. Быў выпадак, калі ён мог патануць у бурлівых водах Енісея, але не спужаўся, змагаўся з вірамі і выплыў. Ужо калі вучыўся ў Гродзенскім сельгасінстытуце, адкапаў хлопчыка, якога засыпала ў канаве метровым слоем зямлі. А затым выратаваў свайго аднакурсніка: сам ледзь не патануў, але выцягнуў хлопца з Нёмана і вярнуў да жыцця. На адпачынку ў горадзе Сочы выратаваў школьніка ў хвалях марскога прыбоя. Ён не любіць хваліцца сваім высакароддзем, але яго сябры могуць расказаць, што ў Каляды дзясяткі такіх учынкаў, і ён кожны дзень гатовы прыйсці людзям на дапамогу.
Але самы галоўны яго клопат — каб у людзей на стале быў хлебны каравай. I пасля заканчэння інстытута аграном Канстанцін Уладзіміравіч Каляда прысвяціў сябе памнажэнню хлебнага багацця. Ён працуе загадчыкам аддзялення “Зарыца” вучгаса “Прынёманскі”. У яго распараджэнні звыш дзвюх тысяч гектараў ворных зямель, шмат кароў, авечак, сельгастэхнікі - гэта цэлы калгас. Ураджайнасць збожжа вырасла тут у два разы. Гэты поспех не задаволіў маладога агранома, і ён вырашыў заняцца селекцыяй азімай пшаніцы, стварэннем новых, больш ураджайных яе гатункаў. Напрацоўкі павысілі ўраджайнасць важнай збожжавай культуры. У 1975 годзе Каляда абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў выкладчыкам, а затым дацэнтам кафедры раслінаводства Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Улетку 1999 года становіцца яе загадчыкам, а ў канцы года атрымлівае ступень доктара сельскагаспадарчых навук. У 2003 годзе нашаму земляку прысвойваецца званне прафесара. Гэта пік яго славы: створаныя вучоным гатункі пшаніцы прымяняюцца ва ўсіх раёнах Беларусі. Арганізаваны ім у Зарыцы навуковы палігон дае ашаламляльныя вынікі. Восем новых гатункаў мяккай азімай пшаніцы і адзін трыці-кале, стваральнікам якіх з’яўляецца Каляда, занесены ў дзяржаўны рэестр. Часта з таленавітым вучоным сустракаўся Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, хваліў нашага земляка за яго творчыя здабыткі і жадаў яму новых адкрыццяў.
У гонар сваёй матулі Канстанцін Каляда назваў высокаўраджайны гатунак пшаніцы “Ядзвіся”, а месца, дзе ён адточваў сваё майстэрства, увекавечана гатункам “Зарыца”, у гонар любімага горада пайшлі ў свет “Гродзенская-7”, “Гродзенская-23”. Яго жонка Іна Андрэеўна дапамагае ва ўсім Канстанціну Уладзіміравічу. Стала нават суаўтарам новага гатунку мяккай азімай пшаніцы “Веда”, і там, дзе добра гаспадараць, яна дае да 90 цэнтнераў з аднаго гектара. Іх дачка Алена, кандыдат сельгаснавук, працуе на бацькавай кафедры, а сын Дзмітрый — аграном вопытнага ўчастка. Гэта радасць для вучонага, бо дзеці працягнуць далей яго справу.
За свае дасягненні Каляда адзначаны Радзімай многімі медалямі, ганаровымі граматамі. А галоўнае, ён шмат напісаў навуковых работ і даў пуцёўку ў навуку многім вучоным. Ён занесены на Дошку Гонару ў Ленінскім раёне горада Гродна.
Іван ІГНАТЧЫК,
г. Капыль
Комментарии