Уборачная — самая гарачая пара для вяскоўцаў як у прамым, так і пераносным сэнсе слова. Аднак, ня-гледзячы на спякоту, кіпіць работа на палетках і таках, сельгасвытворцы імкнуцца хутчэй убраць вырашчаны ўраджай, пакуль пагодлівыя дні не змяніліся на дажджлівыя.
У сельскагаспадарчым філіяле “Грозава” КУП “Мінскаблдарбуд” паставілі перад сабой задачу — справіцца з уборкай да 5 жніўня. У тым, што гэта вяскоўцам па сілах, упэўнены галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Мікалай Млынарчык. Па-першае, ёсць новая высокапрадукцыйная ўборачная тэхніка: толькі ў бягучым годзе набылі па лізінгу два камбайны вытворчасці “Гомсельмаш”, яшчэ два “Палессі” сёлета распачалі другі сезон сваёй работы на грозаўскіх палетках, на рахунку двух “Донаў” па чатыры гады працы. Па-другое, вельмі ж стараюцца людзі! Падабраныя экіпажы даволі згуртаваныя, камбайнеры маюць вопыт работы і добрую загартоўку, таму іх не напалохаць ні спякотай, ні іншымі цяжкасцямі.
Усяго грозаўскім аграрыям неабходна ўбраць 1330 га. Работы, згодна з інфармацыяй дыспетчарскай упраўлення райсельгасхарчу па стане на 27 ліпеня, ужо праведзены на 65,6 % плошчаў. На пытанне, ці задаволены галоўны аграном вырашчаным ураджаем, Мікалай Міхайлавіч адказаў:“Ураджайнасць на ўзроўні мінулагодняй. Для сёлетняга няпростага года — нядрэнна. Хаця, каб не спякота, якая не дала коласу наліцца ў поўнай меры, зерне было б больш важкім. Мяркуем, што павінны намалаціць каля 4700 тон пры сярэдняй ураджайнасці 33 — 34 ц/га. Хаця рабіць прагнозы — справа няўдзячная. Як кажуць, пажывём — пабачым”. А яшчэ Мікалай Млынарчык адзначыў, што сёлета палеткі даволі чыстыя — добра папрацавалі з хімікатамі, няма і палёгліцы. Галоўнае, за што зараз “змагаюцца”, — за якасць вядзення работ. На палетку ля працуючых камбайнаў заўсёды дзяжураць адказныя спецыялісты. Вось і на дзень нашага прыезду ў гаспадарку мы пазнаёміліся з дзвюмя сімпатычнымі дзяўчынамі: у Марыны Бранько (брыгадзіра брыгады №2) і Наталлі Гуенковай (галоўнага эканаміста сельгасфіліяла) вельмі адказная задача — сачыць за тым, каб камбайнеры і вадзіцелі магутных МАЗаў (іх на адвозцы задзейнічана чатыры) дакладна выконвалі патрабаванні тэхналогіі вядзення ўборачных работ, не парушалі і тэхніку бяспекі. На ўсялякі выпадак побач трактар з бочкай вады.
За штурвалам аднаго з камбайнаў — самага новенькага, які выйшаў на палеткі ў мінулы чацвер, капылянін Аляксей Новікаў. Не паверыце, юнак толькі ў аўторак вярнуўся дамоў пасля службы ў арміі і адразу ж атрымаў прапанову ад кіраўніцтва СГФ “Грозава” ўключыцца ва ўборачныя работы. Не доўга раздумваючы, згадзіўся. У памочнікі запрасіў аднакласніка Андрэя Пылілу. Назаўтра хлопцы былі ў гаспадарцы, абследавалі свой “стэпавы карабель” і прыступілі да работы. Яшчэ да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь Аляксею чатыры сезоны запар давялося працаваць памочнікам камбайнера ў СГФ “Грозава”, у гэты ж час ён атрымліваў рабочую спецыяльнасць у Капыльскім СПЛ. На маё пытанне, ці звязвае ён сваё далейшае жыццё з Грозавам, юнак паведаміў, што мяркуе павышаць свой прафесійны ўзровень і абавязкова паспрабуе паступіць у вышэйшую альбо хаця б сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову. А потым паглядзім…
У гэты дзень давялося пазнаёміцца яшчэ з адным прадстаўніком маладога пакалення, пра якога вельмі хораша адазваўся галоўны аграном: “З Мішы Суворава (дарэчы, таксама ездзіць на працу з Капыля — М.С.) з цягам часу будзе добры спецыяліст”. Міхаіла мы сустрэлі ля зернесушылкі ў Грозаве. Як аказалася, пасля заканчэння Бабруйскага аўтатранспартнага каледжа ён працуе ў сельгасфіліяле механікам, а на час уборачнай прызначаны адказным на ЗСК-15, які ў гаспадарцы трэці сезон. Шчыра кажучы, убачанае на зернетаку вельмі ўразіла. Вакол такая чысціня і парадак! У гэтым, вядома ж, вялікая заслуга як загадчыцы склада Таццяны Езэпчук, так і ўсіх работнікаў, якія тут працуюць. Таццяна Мікалаеўна, стаж работы якой у гаспадарцы амаль 32 гады (была аграномам, брыгадзірам, дыспетчарам, інспектарам аддзела кадраў, цяпер вось — загадвае складам), прызнаецца, ёй лёгка са сваімі падначаленымі. Кожны ведае, што яму трэба рабіць, падганяць альбо лішні раз напамінаць не трэба. Рабочыя Алена Бохан і Наталля Шыдлоўская накіраваны ў гаспадарку аддзелам занятасці і дапамагаюць падчас уборачнай не першы год. Зла-джана працуюць і машыністы зернесушылкі: з Міхаілам Суворавым у адной змене — Сяргей Плахоцкі, а праз 12 гадзін працы іх змяняюць Мікалай Захарык і Сяргей Дарашэвіч. Ёсць у гаспадарцы яшчэ адна сушылка, у Яўсеевічах, — старэнькая, невысокай магутнасці, аднак за сезон не менш за 1000 тон дапрацоўвае. У якасці паліва на абедзвюх сушылках выкарыстоўваюцца дровы, што, безумоўна, уносіць свой уклад у выкананне праграмы энергазберажэння.
Адначасова з абмалотам зерня вядзецца прасаванне саломы. У філіяле падлічылі, колькі неабходна яе для гаспадарчых патрэб. Астатняя, як гэта рэкамендуе кіраўнік нашай дзяржавы, будзе здрабняцца і выкарыстаецца ў якасці ўгнаення. Асабліва гэта актуальна, за-значыў Мікалай Млынарчык, для палеткаў, якія пойдуць пад азімы рапс. У хуткім часе там будзе праведзена лушчэнне пожні, а затым і сяўба.
Не скідваюць у гаспадарцы з рахунку і выкананне дзяржзаказу. На дзень нашага прыезду тут ужо было адгружана 400 тон збажыны.
Людзі, якія так напружана працуюць, вядома ж, заслугоўваюць вялікай увагі да сябе. Для ўсіх занятых на жніве арганізавана двухразовае харчаванне, камбайнеры забяспечваюцца мінеральнай вадой, у працаўнікоў ёсць магчымасць памыцца пасля цяжкага дня, даведацца пра вынікі сваёй работы. І ўсе гэтыя зручнасці ствараюць для іх іншыя спецыялісты, якія таксама не лічацца ні з часам, ні з цяжкасцямі, што даводзіцца перажываць, бо, як сказала ў гутарцы галоўны эканаміст Наталля Гуенкова,“зараз памучымся — зімой хлеб есці будзем!”
НА ЗДЫМКАХ: 1. Камбайнер Аляксей Новікаў; 2. Галоўны аграном Мікалай Млынарчык з брыгадзірам брыгады №2 Марынай Бранько і галоўным эканамістам Наталляй Гуенковай.
Фота аўтара
Комментарии