Трыццаць пяць гадоў Галіна Уладзіміраўна Кляўчэня з в. В. Раёўка адпрацавала даяркай. За гэты час змянілася сем кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства, памянялася і яго назва. У памяці жанчыны назаўсёды застанецца і цяжкая напружаная праца, і той дружны, згуртаваны калектыў, членам якога яна стала ў чэрвені далёкага ўжо 1977 года.
Нельга сказаць, што праца даяркі ёй была незнаёмай — увесь час на ферме шчыравала маці Галіны. Магчыма, яна хацела іншай долі для сваёй дачкі, паколькі адправіла тую пасля заканчэння школы ў Баранавічы, вучыцца на прадзільшчыцу. Але ж нездарма гаворыць народная мудрасць: “Дзе нара-дзіўся — там і прыгадзіўся”. Не прывабіла Галіну гарадское жыццё, ды і малады муж не любіў горад. А сустрэлася Галіна з Барысам, калі па запрашэнні сяброўкі прыехала да яе ў госці ў Ганцавіцкі раён. Знаёмства з прывабным хлопцам перарасло ў каханне. А затым было вяселле. Маладыя прынялі рашэнне жыць на Капыльшчыне, у роднай Галінінай вёсцы. “Я хацела бліжэй да мамы”, — расказвае Галіна Уладзіміраўна. — Мама нам і домік купіла. Праз нейкі час набылі яшчэ адну хату пад знос і дабудавалі сваю. Працаваць пайшла на ферму. Цяжка было. Раніцай у чатыры гадзіны ўставала. У групе было 18 кароў — і ўсіх трэба падаіць уручную. Вазьму заслончык — і на доржнік, дзе ўжо каровы чакаюць. Пакуль усіх падаю, рук не чую. Добра, што Барыс дапамагаў, але ж удзень ён таксама на працы, на трактары. Да таго ж малако ў бідонах на плячах трэба ў башню несці. Халадзільнікаў не было, сырадой у ваннах студзілі. Так і працавалі. Але дружныя былі, жанчыны ўсе пявучыя. Дояць — і песні вядуць”. Галіна Уладзіміраўна расказвае і міжволі пагладжвае свае рукі. Баляць яны ад напружанай цяжкай працы. Як і ногі, якія іншага абутку акрамя гумавых ботаў і не ведалі.
“Мы ж ні на вяселлі, на радзінах, ні на адправах, як людзі, пагуляць не маглі, — працягвае расказ жанчына. — Як тыя салдаты: час прыйшоў — і мы па стойцы “смірна”, спяшаліся на ферму, бо там кароўкі чакаюць. Ім жа не растлумачыш, што стаміўся, што адпачыць хочацца і пагуляць са сваякамі і сябрамі”.
Галіна Уладзіміраўна ўпэўнена, што ўсе выпрабаванні было б вытрымаць значна цяжэй, каб не надзейная падтрымка мужа Барыса Васільевіча і іх чатырох сыноў. “Муж мой вельмі дачушку хацеў, а тут усё хлопцы нараджаліся, — усміхаецца Галіна Уладзі-міраўна. — Але я рада, што ў нас яны такія — працавітыя, уважлівыя, старанныя. І няхай вялікай адукацыі не маюць (Дзіма, Саша, Толя — механізатары, а малодшы Вася ў пажарнай часці працуе), лічу, што яны знайшлі сваё месца ў жыцці і сталі добрымі людзьмі. Грэюць душу і частыя сустрэчы з унукамі, якіх у нас ужо шасцёра”.
Месяц таму Галіна Уладзіміраўна адзначыла свой 55-гадовы юбілей. Са святам яе віншавалі родныя, блізкія, суседзі. Не забылі пра юбіляра і ў роднай гаспадарцы. Галіна Уладзіміраўна з радасцю паказала букет, які ёй уручылі падчас ушанавання. А яшчэ, па словах намесніка дырэктара ф-ла “В. Раёўка” Анжэлы Віцебскай, абавязкова для былой даяркі будзе выдзелена пуцёўка ў санаторый. “Можа мне і не патрэбны той санаторый, — гаворыць расчуленая жанчына. — Я ж у іх ніколі не была. Аднак маё самае вялікае жаданне цяпер — адпачыць. Мець магчымасць больш часу аддаваць любімай справе — вырошчванню кветак. Нарэшце, проста раніцай выйсці з хаты, сесці на парог і слухаць, як спяваюць птушкі, любавацца, як сонейка ўзыходзіць”.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии