Тамара Дубовік, былы намеснік дырэктара СШ №1 г. Капыля:
– Рыхтавацца да свята пачыналі, як мінімум, за тыдзень: выраблялі штучныя гваздзікі, транспаранты, пісалі лозунгі. Кожны клас уяўляў сабой стройную калону, упрыгожаную атрыбутамі рэвалюцыі. На чале ўсёй школы ішлі дырэктар і яго намеснікі. Агульнанацыянальнае адзінства 15 рэспублік, якія ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза, было прадстаўлена сімваламі кожнай рэспублікі. Піянеры аддавалі салют. Была арганізавана спартыўная калона, якая адлюстроўвала дасягненні школы. На дэманстрацыю ішлі добраахвотна, усіх аб’ядноўваў патрыятычны настрой. Як адна з асаблівасцей таго часу – наяўнасць мноства тавараў у магазінах, якіх у звычайны час амаль не было. Ну і наступны дзень, 8 лістапада, быў выхадным днём.
Тамара Лук’янчык, былая швaчкa Капыльскага КБА:
– Больш за ўсё памятаю дэманстрацыю, калі я ўпершыню пасля заканчэння вучылішча прыступіла да працы ў КБА. Гэта быў, напэўна, 1967 год. Кожная арганізацыя павінна была прадставіць сябе цікава і арыгінальна. У той час мы шылі курткі з скуразамяняльніка, якія вельмі былі падобны на рэвалюцыйныя скураныя бушлаты. І мы апрануліся ў гэтае адзенне, на галаву завязалі чырвоныя хусткі і селі на … тачанкі. Так, былі падрыхтаваны тачанкі, на якіх ваявалі ў час грама-дзянскай вайны, вельмі падобныя на сапраўдныя, толькі што без кулямёта. Вось такім чынам мы і прадставілі нашу арганізацыю.
Святлана Пабока, у пачатку 80-х гадоў сакратар камітэта камсамольскай арганізацыі СШ №3:
– Самая першая асацыяцыя – было холадна. Але гэта не вельмі палохала нас, маладых камсамольцаў. Збіраліся мы на двары нашай школы. Да гэтага часу былі ўжо падрыхтаваны транспаранты і лозунгі, выраблены штучныя кветкі. Калона фарміравалася па класах. Я, як сакратар камітэта, разам з дырэктарам і яго намеснікамі ішла на чале калоны. Мы доўга чакалі, пакуль не пройдуць прадстаўнікі прамысловасці, арганізацый, а тады рухаліся ўжо школы. А калі я ўжо працавала інжынерам па ТБ на заводзе ЖБВ, мы збіраліся каля былога “рыбнага” магазіна. І ўжо потым, таксама з транспарантамі і партрэтамі лідараў партыі, рухаліся да раённага Дома культуры, дзе была ўстаноўлена трыбуна.
Людміла Жылко, былая настаўніца геаграфіі Лясноўскай СШ:
– Напярэдадні свята ў класах праходзілі класныя гадзіны, палітінфармацыі, прысвечаныя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дырэктар школы В. Жалкоўскі даваў заданні кожнаму класу падрыхтаваць тэматычныя ўпрыгажэнні. Калона рухалася па цэнтральнай вуліцы вёскі Лясное да будынка канторы. Мітынг праходзіў у скверы каля клуба. А затым усе накіроўваліся ў школу, дзе адбываўся канцэрт.
Анатолій Жылко, былы галоўны аграном саўгаса “Лясное”:
– Найбольш яркі ўспамін застаўся ад свята 1975 года, таму што я толькі ажаніўся і разам з маладой жонкай мы прысутнічалі ў Капылі на дэманстрацыі. Адметным быў парад сельскагаспадарчай тэхнікі, якая рухалася па плошчы, каля будынка райкама партыі, былой аптэкі. Кожная гаспадарка адрознівалася адна ад адной. З трыбуны чулася: “Да здравствует КПСС!” А ў адказ дэманстранты крычалі: “Ура!”
Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии