Свята сапраўды мае чырвоны колер: зіхаціць апошняе лісце, радуюць вока сціплыя восеньскія кветкі. Нагадваюць былую веліч мерапрыемства сваім яркім полымем гваздзікі. Успомнім, яны ўсюды: у руках удзельнікаў Кастрычніцкай дэманстрацыі, у пятліцах пінжакоў партыйных кіраўнікоў. І ад гэтага полымя змрочны восеньскі дзень расквечваецца, прыгажэе.
[caption id="attachment_22581" align="aligncenter" width="448" caption="г. Капыль, 1965 г."][/caption]
Удзельнікі святочнага шэсця, прысвечанага святкаванню Дня кастрычніцкай рэвалюцыі, мы запрашаем вас у невялічкае падарожжа! Побач з намі – вашы нашчадкі, тыя, для каго святочныя мітынгі – рарытэтныя з’явы. Наш галоўны памочнік – крыху пажаўцелыя ад часу, але ад таго яшчэ прыгажэйшыя нумары раённай газеты “Слава працы”.
1967 год. Галоўная плошча
г. Капыля. Каля раённага дома культуры – трыбуна, на якой славутыя землякі, кіраўнікі раёна вітаюць працоўныя калектывы Капыльшчыны. Плошча зіхаціць ад мноства чырвоных сцягоў, транспарантаў. У руках школьнікаў чырвоныя зоркі, вялікія штучныя гваздзікі. Над плошчай гучаць прывітанні ўдзельнікам шэсця, здравіцы ў гонар савецкага народа.
[caption id="attachment_22582" align="aligncenter" width="443" caption="На плошчы Калгасніка, 1967 г."]
[/caption]
Рухаемся далей.
ЦІМКАВІЧЫ. Малады парк каля музея К. Чорнага ўпрыгожаны мноствам сцягоў, якія прымушаюць забыцца аб тым, што на двары восень. Радасны настрой прысутных падтрымліваюць гукі марша. У ліку ганаровых удзельнікаў А. М. Семяновіч, заслужаны настаўнік школ БССР, М. І. Жогла, старшыня прафкама. Пасля мітынгу ўдзельнікаў парадавалі самадзейныя артысты Грозаўскай школы.
СЛАБАДА–КУЧЫНКА. Мітынг адкрывае М. І. Лятун, дырэктар саўгаса “Крыніца”. Удзел у святкаванні прымаюць рабочыя саўгасаў “Прамень” і “Крыніца”, хлебаробы калгаса “Новы свет”, навучэнцы сярэдніх школ Слабада-Кучынкі, Пясочнага. Напрыканцы свята – канцэрт, толькі на гэты раз ён адбыўся ў сельскім клубе.
ПАЦЕЙКІ. У гэтай частцы Капыльшчыны сабраліся прадстаўнікі працаўнікоў калгасаў “Пралетарый” і “Прагрэс”, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, школьнікі. І зноў паўсюль чырвоныя сцягі, кветкі, радасныя людзі. І зноў вельмі многа музыкі і добрага настрою.
1977 год – наступны прыпынак на шляху машыны часу. Гэты дзень парадаваў мяккім пяшчотным надвор’ем. У
Капылі ля помніка Леніну – велічная трыбуна, перад якой рухаюцца шэрагі працаўнікоў капыльскіх прадпрыемстваў, навучэнцы школ. Час захаваў імёны людзей, якія мелі гонар вітаць з трыбуны землякоў. І мы як быццам чуем прывітальнае слова М. У. Асмыковіча, старшыні выканкама раённага Савета народных дэпутатаў, Д. Р. Катко, першага сакратара раённага камітэта партыі. Вось выступае знакаміты зямляк М. А. Лушчыцкі, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Крыху хвалюючыся віншуе капылян ад імя піянераў вучаніца школы №2 І. Анціпава. Раз-пораз над плошчай праносіцца гучнае: “Ура!”
[caption id="attachment_22583" align="aligncenter" width="443" caption="Святочнае шэсце ў Капылі, 1980 г."]
[/caption]
Час – адзінка бязмежная, і таму вандраваць па ёй можна бясконца. Але галоўнае ў нашай вандроўцы: мы не маем права губляць тое, што для многіх пакаленняў з’яўлялася галоўным і важным, тое, што падтрымлівала дух перамогі ў найбольш цяжкія часы гісторыі – пачуццё ўласнай годнасці, адказнасці перад самім сабой і краінай.
Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии