У аграгарадку Семежава адбылося адкрыццё памятнай дошкі, якая сведчыць, што першае ўпамінанне пра Семежава датавана 1582-м годам. Гэта ўрачыстасць сабрала не толькі жыхароў населенага пункта, але і знакамітых землякоў, ганаровых гасцей, тых, хто любіць семежаўскую зямлю і яе працавітых людзей. Памятная дошка прымацавана да вялікага валуна, які быў устаноўлены ў цэнтры Семежава з нагоды яго 400-годдзя.
На невялічкі мітынг з нагоды яе адкрыцця сабралася шмат людзей. Як адзначыла старшыня Семежаўскага сельвыканкама Марыя Стружко, гэта ўрачыстасць адбылася пры падтрымцы кіраўніцтва ААТ “Семежава”, дзякуючы якому і была выраблена дошка.
Сярод ганаровых гасцей, якія прыехалі на свята – Міхаіл Высоцкі, Міхаіл Рымжа, Мікалай Монак – вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі ўраджэнцы Семежава. Прыехаў павіншаваць вяскоўцаў са святам і старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня, які ў свой час не адзін год узначальваў працоўны калектыў мясцовага сельгаспрадпрыемства. Прадоўжылася ўрачыстасць у Цэнтры культуры і вольнага часу, гля-дзельная зала якога была запоўнена.
“Нават сэрца па-іншаму пачынае стукаць, калі пад’язджаеш да Семежава, — падзяліўся сваімі пачуццямі, звяртаючыся да землякоў, Міхаіл Рымжа. – І ўсё гэта таму, што ты едзеш на радзіму. Тут жывуць асаблівыя людзі, якія знаюць сабе цану, паважаюць і сябе, і іншых”.
З глыбокай павагай да жыхароў Семежава, працавітымі рукамі якіх створаны сённяшні дзень гаспадаркі, звярнуўся Анатоль Жданеня: “Мне прыемна бачыць у гэтай зале знаёмыя твары, назіраць пераемнасць пакаленняў, паколькі тут прадстаўнікі розных узростаў – ад дзяцей, да людзей сталых, на вачах якіх квітнела і развівалася наша Семежава. Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя і ўсіх даброт”.
У гэты дзень была зроблена невялічкая экскурсія ў мінулае вёскі, са сцэны Цэнтра культуры гучалі самыя цёплыя словы віншавання і са святам вёскі, і з Днём маці, і з Пакровамі. Акрамя таго, словы ўдзячнасці ў свой адрас атрымалі работнікі культуры, якія ў той дзень адзначалі сваё прафесійнае свята, а таксама настаўнікі, для якіх гэта падзея адбылася тыдзень раней. У цэнтры ўвагі апынуліся шматдзетныя маці, а іх у Семежаве нямала, самая старэйшая жыхарка Вера Іосіфаўна Рулінская, якой споўнілася 94 гады, і двухмесячны Глеб Сечка – самы юны жыхар Семежава. Не абышлі ўвагай арганізатары Вольгу Дзмітрыеўну і Івана Мікалаевіча Мацкевічаў, якія пражылі ў шлюбе 55 гадоў.
У працэсе падрыхтоўкі свята вёскі, якое насіла назву “Мой родны кут”, быў праведзены конкурс на лепшае падвор’е. І яго пераможцы Марыя Пятроўна Харкевіч, Зінаіда Карпаўна Сечка і Галіна Васільеўна Цыбульская пад дружныя апладысменты аднавяскоўцаў таксама атрымалі каштоўныя падарункі.
Традыцыйным момантам свята вёскі ў Семежаве з’яўляецца конкурс кулінарнага майстэрства, вынікі якога дэманструюцца перад пачаткам урачыстасці ў фае ўстановы культуры. Расказаць словамі пра кулінарную фантазію, якую прадэманстравалі ўдзельнікі конкурсу, проста немагчыма. Таму рашэнне журы было апраўданым – усе ўдзельнікі атрымалі падарункі.
Аповед пра свята, што адбылося ў Семежаве, будзе не поўным, калі не ўзгадаць пра цудоўную канцэртную праграму, якую падрыхтавалі супрацоўнікі мясцовай установы культуры; выставу творчасці мясцовых ткачых і іншых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прапанаваную раённым цэнтрам ткацтва; выставу малюнкаў навучэнцаў філіяла Дзіцячай школы мастацтваў, якіх далучае да прыгожага Святлана Швайбовіч.
Адным словам, у гэты дзень семежаўцы яшчэ раз пацвердзілі, што яны майстры ва ўсім: як працаваць, так і адпачываць.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКАХ: падчас свята.
Фота аўтара
Комментарии