Кліматычныя ўмовы дазваляюць камбайнерам Міншчыны весці ўборачную ў даволі высокім тэмпе. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна стартавала жніво, а ўжо некалькі экіпажаў запісалі ў свой актыў першую тысячу тон новага ўраджаю. Сярод перадавікоў і хлебаробы ААТ “Старыца-Агра”. Экіпаж камбайна “Лексіён-570” у складзе Віктара і Дзмітрыя Дарашэвічаў у ліку першых у вобласці намалаціў вышэйадзначаны танаж. Крыху пазней гэтага ж выніку дасягнулі Аляксандр Рончык і Сяргей Харытончык, якія працуюць на камбайне гэтай жа маркі.
Павіншаваць старыцкіх хлебаробаў з працоўнай перамогай у гаспадарку прыехаў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Валерый Іваноў.
— Вельмі прыемна прыехаць сюды, на гэта поле, дзе вырашчаны нядрэнны ўраджай, дзе добра і якасна працуюць людзі, уручыць ім тыя заслужаныя ўзнагароды, якія яны зарабілі, — адзначыў Валерый Мікалаевіч. – У нас у вобласці штодзённа будзе з’яўляцца тысячнік. І падзякаваць чалавеку за добрую працу – гэта вялікі гонар. Увогуле, уборачная кампанія на Міншчыне праходзіць арганізавана. Штодзённа мы ўбіраем амаль 6% плошчы і прырост складае 100 тысяч тон. Да 1 жніўня, як падкрэсліў губернатар Міншчыны Барыс Батура, павінны намалаціць 1 мільён тон пры ўмове, што будзе спрыяць надвор’е.
Валерый Іваноў падзякаваў старыцкім тысячнікам за добрасумленную і самаадданую працу і ўручыў Падзячныя пісьмы губернатара Мінскай вобласці, а таксама грашовыя прэміі.
Віншаванні, Падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі героі жніва атрымалі і ад выконваючай абавязкі старшыні райвыканкама Ірыны Кісляк, старшыні прафсаюза работнікаў АПК Аляксандра Татарыцкага, начальніка аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людмілы Камковай, дырэктара сельгаспрадпрыемства Уладзіміра Рудакоўскага. А пасля над хлебнай нівай пад гармонік загучала вясёлая народная песня, якую прэзентавалі прысутным самадзейныя артысты раённага Цэнтра культуры.
НА ЗДЫМКУ: С. Харытончык, А. Рончык, Д. Дарашэвіч, В. Іваноў, В. Дарашэвіч падчас мерапрыемства.
Тэкст і фота
Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии