Ёсць на Навагрудчыне невялікая вёсачка Крываногава з так званых неперспектыўных. Тут нават школы сваёй не было, дзятва хадзіла па веды ў суседнія Налібокі. Назва вёскі, прама кажучы, не вельмі мілагучная. Затое мясціны тут адметныя, маляўнічыя. За агародамі пачынаецца грыбны і ягадны лес, непадалёку працякае празрыстая, як сляза, рачулка Налібоўка. І людзі жывуць простыя, сціплыя, працавітыя. Тут, у сям’і рабочага мясцовага цагельнага завода Веніяміна Вікенцьевіча Мінько, і нарадзіліся дочкі Валя і Алена. Калі падраслі, разам з сяброўкамі бегалі ў школу, гулялі ў класікі, дапамагалі бацькам па хатняй гаспадарцы – палолі, даілі, зграбалі і сушылі сена, выбіралі бульбу. Так непрыкметна мінула дзяцінства, настала пэўная сталасць. Валянціна не вельмі задумвалася кім быць. І ўсё ж такі нейкі штуршок у напрамку выбару прафесіі зрабіла яе бабуля. Здароўем яна была не вельмі моцная, часта прыхворвала. Тады і гаварыла:
— Вось каб ты, Валя, была доктаркай, то можа і падлячыла мяне. Не маю я часу па бальніцах швэндацца, гаспадарка вунь якая.
Можа гэтыя словы, а можа і яшчэ што, вымусілі Валянціну выбраць прафесію медыка. Яшчэ ў час вучобы ў дзясятым класе прачытала ў газеце аб’яву аб адкрыцці курсаў па падрыхтоўцы да паступлення ў ВНУ. Напісала заяву на завочнае навучанне. Пісала і адсылала кантрольныя работы, шмат чытала. І таму не дзіўна, што ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут паступіла, што называецца, злёту. Вучылася добра, атрымала прафесію ўрача-педыятра.
Скончылася вясёлае студэнцкае жыццё. Пасля дыплома пачалося размеркаванне. Некаторыя хітруны пад рознымі прычынамі імкнуліся застацца ў горадзе. А Валя паехала туды, куды яе накіравалі – у Капыль. Тры гады адпрацавала ўчастковым урачом-педыятрам. А затым яе перавялі ў радзільнае аддзяленне ўрачом-неанатолагам. Яе клопатам стала выходжванне нованароджаных, а таксама неданошаных немаўлят з пэўнымі праявамі паталогіі.
Дзесяць гадоў работы ў радзільным доме сама Валянціна Веніямінаўна назвала “гадамі бяссонных начэй”. Яе маглі выклікаць і ноччу, і ў выхадны, і ў спёку, і ў непагадзь. Яна кідала ўсе асабістыя справы і імчалася ў аддзяленне. І была вельмі шчаслівай, калі ўдавалася выхадзіць, выпеставаць, вырваць з лап хваробы маленькіх чалавечкаў. За гэта ёй і сёння ўдзячны многія мамы і таты.
Але, як вядома, чалавек не жалезны: у такім рытме жыць і працаваць нялёгка. Папрасіла кіраўніцтва бальніцы прызначыць на іншую пасаду. Тое да просьбы Валянціны Козел аднеслася з разуменнем і перавяло яе ўрачом-інфекцыяністам. А праз год Валянціна Веніямінаўна стала загадчыцай аддзялення. Першы год станаўлення як загадчыцы быў для доктара ўдалым – інфекцыйнае аддзяленне было прызнана лепшым сярод аддзяленняў цэнтральнай бальніцы. У “інфекцыі” Валянціна Веніямінаўна, як гаворыцца, прыйшлася “да двара”. Справы тут ідуць добра. Хаця калектыў і даволі складаны – уявіце сабе сумесную работу 25 жанчын розных па ўзросце, жыццёвым вопыце, характары, адукацыі. Але да гонару калектыву тут няма зводак, плётак, сваркі. Безумоўна ж, тон тут задае загадчыца. Калі дасць заўвагу – то мякка, тактоўна, па справе. Іншы раз гэтая заўвага гучыць як сяброўская парада.
Гаворыць санітарка Наталля Мяцельская:
— Валянціна Веніямінаўна да кожнага чалавека – ці то пацыент, ці то работнік аддзялення – мае падыход. Да хворых яна ўвогуле як да дзяцей адносіцца. Што датычыцца нас, медработнікаў, дык Валянціна Веніямінаўна заўжды ўвойдзе ў становішча, калі трэба – дапаможа.
Працягвае размову медсястра Ала Каваленя:
— Нягледзячы на памяркоўны характар, так бы мовіць, беларускую талерантнасць, Валянціна Веніямінаўна ўсё трымае на ўвазе і на кантролі. Калі і паправіць у чым, то тактоўна, без злосці. Лічу, што мне пашанцавала працаваць з такім кіраўніком.
Пацыент Уладзімір Печань:
— Звычайна чалавек спачатку нараджаецца, а потым становіцца ўрачом, эканамістам, касманаўтам. Дык вось у асобе Валянціны Веніямінаўны спачатку нарадзіўся доктар, а ўжо потым дзіця. Адным словам, як гаворыцца, доктар ад Бога.
Два тыдні давялося аўтару гэтых радкоў правесці ў інфекцыйным аддзяленні, на свае вочы пабачыць, на свае вушы пачуць аб рабоце калектыву. Заўважыў такую акалічнасць. Аддзяленне працуе, хаця тут усё лета і паўвосені вёўся рамонт. Рамонт ішоў папалатна. Не вельмі зручна, безумоўна, для хворых і медперсаналу, але што зробіш – аддзяленне ж не закрыеш. Ды, зрэшты, размова нават не аб гэтым. Я заўважыў, як уважліва сочыць за рамонтам Валянціна Веніямінаўна. Яна падмячае нават самую дробную недаробку і пакуль будаўнікі не “злінялі”, прымушае ўсё давесці да ладу.
А яшчэ мяне ўразіў аповед адной знаёмай жанчыны. Яна была сведкай, як пажылая пацыентка пасля выпіскі не толькі выказала доктарцы словы гарачай удзячнасці, але і ў душэўным парыве пацалавала яе рукі.
…Валянціна Веніямінаўна, акрамя таго, што доктар, медыцынская начальніца, яшчэ і жонка, маці, гаспадыня ў доме. З дома і пачнём. Калі ёй па прыездзе на работу выдзелілі аднапакаёвую кватэру, радасці было многа. Але з’явілася сям’я, нарадзіўся сын, і ў тым цагляным катуху стала цеснавата. Тады Козелы рызыкнулі прадаць кватэру, яшчэ што-нішто і купілі не вельмі новы дом па вуліцы Багдановіча. І вось ужо дзясяты год ідзе з пераменным поспехам яго перабудова, дабудова, рэканструкцыя. Бясспрэчна, у гэтым вялікая заслуга мужа Аляксандра, які з’яўляецца майстрам на ўсе рукі.
— Для мяне праца на зямлі — адно задавальненне. Прыемна чуць, як бухаюць у траву даспелыя яблыкі, адчуваць водар кветак. А працаваць мне не ў цяжар. Магу і карову падаіць, і градкі прапалоць, і світар звязаць або шалік. Нават макрамэ асвоіла.
Літаральна гэтымі днямі Валянціна Веніямінаўна адзначыла свой чарговы дзень нараджэння. Я не чуў, якія словы і хто ёй гаварыў з нагоды асабістага свята, але бачыў, што медсястрычкі дапамагалі выносіць да машыны шматлікія букеты кветак. Што ж, прыгожаму чалавеку і прыгожыя кветкі да месца.
Іван СУРМАН,
г. Узда
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии