Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

47

Няпісаныя правілы

28.07.2010

Ці задавалі вы сабе калі-небудзь пытанне, чаму ў часы нашых бабуль прынята было толькі аднойчы браць шлюб і жыць з адным чалавекам усё жыцце? Сёння, на жаль, стала нормай браць некалькі шлюбаў, і залатое вяселле спраўляюць лічаныя пары. У чым прычына? Можа, у  тым, што нашы продкі прытрымліваліся няпісаных правілаў, звычаяў, заснаваных на шматвяковым жыццёвым вопыце? Асабліва ў самыя значныя перыяды свайго жыцця.

Дзе-нідзе абрады выконваюцца і сёння. Напрыклад, перад дарогай у ЗАГС маці тройчы па сонцы абводзіць маладых вакол стала, абыходзіць вакол вясельнага картэжу, каб у сям’і быў дабрабыт. Маладая кідае букет, каб тая дзяўчына, якая яго зловіць, хутчэй выйшла замуж… Праўда, гэта адбываецца ўсё радзей. Многія маладыя лічаць, што такія абрады робяць іх вяселле несучасным. Грэбуюць вянчаннем, ручнікамі, замест каравая, асабліва ў дарагіх рэстаранах, падаюць звычайны дэсерт: пірожныя, торцікі, пячэнне. Часта бацькі наладжваюць дзецям вяселле на пазычаныя грошы, што правакуе іх на нястачу.

Не многім разумней паводзіць сябе жанчына падчас выношвання дзіцяці, у самы адказны момант яе жыцця: па-ранейшаму нязвыкла, ідучы па вуліцы, бачыць цяжарных з цыгарэтай ці бутэлькай піва ў руцэ. Раней жа ўвесь гэты перыяд быў насычаны абмежаваннямі, якія былі накіраваны на тое, каб захаваць дзіця ад злоснага вока. Маці прытрымлівалася пэўных правіл, каб нарадзіць здаровае, паўнацэннае немаўля.

Бабулі кажуць, што нельга, спужаўшыся пажару, хапацца за твар ці за цела, бо ў дзіцяці на гэтым месцы будуць чырвоныя плямы. Таксама лічыцца: калі цяжарная стрыжэ валасы, яна ўкарочвае дзіцяці розум; калі шые ці вяжа ў свята - рызыкуе нарадзіць дзіця са шрамамі на целе.

Калі надышоў час раджаць, неабходна, каб пра гэта ведала як мага менш людзей, бо ў адваротным выпадку за кожнага чалавека жанчына адмучаецца. Каб палегчыць родавыя пакуты, жанчыне неабходна расплесці валасы, расшпіліць усе гузікі, зняць пярсцёнкі, павязкі, распусціць паясы. Нават у сучасных радзільных дамах, калі жанчына забудзе пра гэта, вопытная акушэрка абавязкова ёй нагадае.

Лічыцца, шчаслівымі будуць хлопчыкі, падобныя на маці, а дзяўчынкі - на бацьку. Нарадзіўшы дзіцятка, маці павінна быць яшчэ больш абачлівай, каб абараніць яго ад ліхога вока, і з самага першага дня закласці ў дзіця здароўе, даць яму добрую долю. Падчас купання, асабліва  першы раз, у ночвы кладуць сярэбраныя і залатыя манеты ці пярсцёнкі, каб дзіця было чыстае, здаровае, багатае.

Раней імёны даваў святар пры хрышчэнні, кіруючыся царкоўным календаром. Сёння часцей бацькі самі выбіраюць іх для сваіх дзяцей. Таму і атрымліваецца такая бязглуздзіца, як Лаура Пятроўна ці Цэзар Сяргеевіч.

Гаварыць дзеці пачынаюць па-рознаму. Чым даўжэй жанчына не прызнаецца, што яна цяжарная, тым пазней дзіця пачне гаварыць. Дарэчы, калі першае словы ў яго «мама» ці «баба», то наступнай у сям’і будзе дзяўчынка, а калі «тата» ці «дзед» - хлопчык.

Стрыгуць дзіця толькі пасля года. Валаскі пускаюць у цякучую ваду, каб на дзіцячай галоўцы яны раслі густымі і шаўкавістымі.

Канечне, знойдуцца людзі, якія лічаць гэтыя і іншыя прыкметы «бабулінымі забабонамі», перажыткамі мінулага. Але нават яны часам, каб не прагаварыць, кулаком пастукаюць тры разы па дрэве ці прагоняць чорнага ката, калі той спрабуе перабегчы ім дарогу.

Кацярына СТАНІСЛАЎЧЫК,

вядучы спецыяліст аддзела ЗАГС


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей