Жыццё чалавека нечым падобна на кнігу: у адных яна складаецца з некалькіх старонак, якія можна прабегчы вачыма за лічаныя хвіліны. Іншыя больш нагадваюць фаліянт у пазалочанай вокладцы: здаецца багата і прыгожа, а змест губляецца на першых жа радках. Але сустракаюцца жыццёвыя кнігі, вывучэнне якіх цягнецца гадамі: здаецца, пра ўсё даведаўся, а хочацца гартаць старонкі яшчэ і яшчэ. Такое бывае і сярод людзей: быццам бы і ведаеш чалавека паўтара дзясятка гадоў, а кожная сустрэча, кожная размова з ім напаўняе твае адносіны да яго новым зместам, новымі яркімі ўражаннямі. Гэтыя словы цалкам адпавядаюць тым асацыяцыям, якія ўзнікаюць пры больш блізкім знаёмстве з Алай Марксаўнай Раеўскай.
[caption id="attachment_22439" align="aligncenter" width="448" caption="Ала Раеўская, 2012 г."]
[/caption]
Можна па-добраму пазайздросціць мэтанакіраванасці жанчыны, яе ўменню ставіць перад сабой задачы і настойліва дабівацца іх вырашэння. Гэта тычыцца як службовай дзейнасці (сёння Ала Марксаўна з’яўляецца намеснікам старшыні Капыльскага райвыканкама), так і асабістага жыцця, захапленняў і любімых заняткаў.
Гэта рыса характару пачала закладвацца яшчэ ў дзяцінстве. Тады Ала цалкам была ўпэўнена, што, калі вырасце, прысвеціць сваё жыццё медыцыне, будзе дапамагаць хворым станавіцца на ногі, клапаціцца пра іх, старацца аблегчыць боль. Менавіта такой была яе мама, якая ўсё сваё жыццё працавала медсястрой у хірургічным аддзяленні Капыльскай раённай бальніцы. Дзяўчына нават зрабіла першы крок насустрач сваёй мары – пасля восьмага класа паступіла ў Мінскае медыцынскае вучылішча. І толькі апынуўшыся ў новай, нязвыклай для сябе атмасферы, зразумела: жаданне стаць медыкам – гэта проста імкненне быць такой, як мама, клапатлівай і пяшчотнай. Сама ж яна павінна прысвяціць сябе іншай справе. Згадзіцеся, не кожны ва ўзросце 14 гадоў можа зрабіць рэзкі паварот і, нягледзячы на ўсе ўгаворы і касыя позіркі, вярнуцца ў родную школу і пайсці вучыцца ў 9 клас. Гэту сваю рашучасць і ўменне не зважаць на шэпты за спінай Ала Марксаўна нясе праз усё жыццё, паколькі ўпэўнена, што самыя важныя рашэнні яна павінна прымаць сама і сама адказваць за іх вынікі.
[caption id="attachment_22440" align="aligncenter" width="398" caption="Ала Раеўская, 1976 г."]
[/caption]
Ала заўсёды была творчай асобай, і таму, відаць, яе чарговы выбар быў зроблены на карысць культуры. Гукі музыкі заварожвалі дзяўчыну, да таго ж яна заўсёды добра спявала. І праз два гады Ала становіцца навучэнкай педагагічнага вучылішча на аддзяленні харавога дырыжыравання. Вучоба ў сталіцы ёй запомнілася як чарада самых яркіх уражанняў, новых захапленняў. Да прыкладу, яна доўгі час займалася ў драматычным гуртку, закончыла школу бальнага танца, якая працавала ў Палацы прафсаюзаў, і, вядома ж, старанна вывучала азы сваёй будучай прафесіі. І ўсюды ёй спадарожнічаў поспех, які, як вядома, любіць настойлівых. Таму, мабыць, атрымаўшы накіраванне на сваё першае месца працы – у Шастакоўскі клуб, а затым шчыруючы ў раённым Доме культуры, імкнулася ўсе свае веды і ўменні, увесь свой талент аддаваць іншым. Ала арганізавала гурток бальнага танца, вакальна-інструментальны ансамбль і сама паспяхова спявала ў ім. Паралельна павышала адукацыю ў інстытуце культуры. І менавіта тады зноў зрабіла паварот у сваім жыцці.
“Я заўсёды вельмі любіла кнігу, — дзеліцца Ала Марксаўна. – А бібліятэка мне здавалася храмам ведаў. І так хацелася быць у гэтым храме не госцем, а гаспадыняй: распараджацца кніжнымі фондамі, абслугоўваць чытачоў і многае змяніць на свой лад”.
[caption id="attachment_22441" align="aligncenter" width="443" caption="На адказнай пасадзе намесніка старшыні райвыканкама"]
[/caption]
Відаць, гэта любоў да кнігі перамагла ўсё. Ала Марксаўна не спалохалася нават таго, што для пераводу на бібліятэчны факультэт ёй трэба даздаць 11 экзаменаў. (Сучасныя студэнты, вы здольны на такі подзвіг?!). І яна становіцца на крок бліжэй да сваёй мары. Да таго ж з’явілася вольнае месца ў бібліятэцы, дзе яна спачатку працуе метадыстам, а затым загадчыцай аддзела абслугоўвання. І вось збываецца запаветнае жаданне – яе прызначылі загадчыцай дзіцячай бібліятэкі. Адразу столькі задум, столькі планаў: трэба зрабіць новыя экспазіцыі, падрыхтаваць новыя выставы, стварыць новыя каталогі для больш зручнага абслугоўвання наведвальнікаў. А паколькі яны ў пераважнай большасці дзеці – заахвоціць іх, навучыць любіць і шанаваць кнігу, як гэта ўсё жыццё рабіла сама.
“Пятнаццаць гадоў праляцелі нібы адзін дзень, — працягвае расказ Ала Марксаўна. – І калі атрымала прапанову перайсці на працу ў аддзел культуры ў якасці інспектара, не скажу, што яна мяне вельмі парадавала. Думалася, што абраўшы для сябе магчымасць росту па службовай лесвіцы, я нібыта здраджваю сваёй мары, свайму храму ведаў”.
Тым не менш, прызначэнне на новую пасаду адбылося. Затым былі іншыя – загадчыца аддзела інфармавання, начальнік аддзела культуры, а ў 2008 годзе Алу Марксаўну Раеўскую зацвердзілі на пасаду намесніка старшыні райвыканкама.
[caption id="attachment_22442" align="aligncenter" width="443" caption="На адказнай пасадзе намесніка старшыні райвыканкама"]
[/caption]
Цяпер ёй давялося паглыбіцца ў вывучэнне новых для сябе напрамкаў дзейнасці. І не проста дакладна ведаць, чым займаюцца яе падначаленыя, але і самой жыць праблемамі адукацыі, медыцыны, аховы здароўя, культуры, спорту і іншых сфер. Вывучаць усе магчымыя шляхі для паляпшэння іх дзейнасці, разам з начальнікамі аддзелаў шукаць выйсце са складаных сітуацый, якія з’яўляюцца ці не кожны дзень. І ўсё трымаць пад сваім кантролем. Да таго ж узначальваць вялікую колькасць камісій, саветаў, аб’яднанняў. “Трэба, каб паміж кіраўніком і падначаленымі былі даверлівыя адносіны, — упэўнена Ала Марксаўна. – Дзверы майго кабінета ніколі не зачыняюцца. У любы момант сюды можна прыйсці, каб параіцца, атрымаць падтрымку ў добрай справе, абмеркаваць праблему. Але я магу і спытаць строга, калі гэтага патрабуе справа”.
Пры такой адказнай пасадзе не заўсёды можаш выстройваць свой працоўны дзень згодна з распарадкам. Ды і на выхадныя часта прыходзяцца самыя розныя мерапрыемствы. Таму вельмі важна, мець надзейную падтрымку дома. Бо менавіта там можна ўмацаваць сілы, натхненне і жаданне займацца сваёй справай. І дружная сям’я, дзе ўжо не толькі дзеці, але і ўнукі, заўсёды з разуменнем ставілася да той дзейнасці, якой аддае ўвесь свой час і сілы Ала Марксаўна.
[caption id="attachment_22443" align="aligncenter" width="443" caption="На адказнай пасадзе намесніка старшыні райвыканкама"]
[/caption]
“Як гэта не банальна гучыць, — працягвае расказ наша гераіня, – я, можна сказаць, дэвізам свайго жыцця лічу словы Мікалая Астроўскага: “Трэба жыць так, каб не было балюча за бязмэтна пражытыя гады…” Я прадстаўніца свайго пакалення, вырасла на ідэалах, якія прапагандаваў тагачасны строй. Заўсёды была актыўнай камсамолкай, марыла, як і большасць маладых людзей таго часу, стаць членам партыі, заўсёды імкнулася не скарацца перад цяжкасцямі. Для мяне, як гэта не дзіўна, чым цяжэйшая задача, тым большае жаданне яе вырашыць. І заўсёды хацелася пакінуць нейкі след пасля сябе”.
І сапраўды гэта так. Калі гаварыць пра дом – то яе сядзіба вылучаецца сярод іншых сваёй прыгажосцю, добраўпарадкаванасцю, дызайнерскім падыходам у афармленні. Калі гэта нейкае хобі – то Ала Марксаўна аддаецца яму без астатку. Напрыклад, захацела навучыцца вышываць, і, не зважаючы на кпіны ў свой адрас, асвоіла не адну, а некалькі тэхнік гэтага майстэрства. Сёння вышытыя Алай Марксаўнай карціны ўпрыгожваюць не толькі сцены яе дома, кабінета, але і кватэры яе блізкіх. З задавальненнем аўтар дорыць свае работы сваім знаёмым і сябрам, а на выставу ў раённым краязнаўчым музеі, складзеную з яе вышыванак, прыходзілі палюбавацца многія капыляне.
Варта ўзгадаць яшчэ пра адно захапленне Алы Марксаўны – кожны, хто пабываў у яе кабінеце, не мог не звярнуць увагу на шырокія падаконнікі, цалкам застаўленыя фіялкамі. Гэтыя далікатныя кветачкі, якія радуюць сваёй прыгажосцю і гаспадыню кабінета, і яго наведвальнікаў, таксама прадмет гонару Алы Марксаўны і адлюстраванне стану яе душы.
Аднак галоўная справа яе жыцця, яе, так бы мовіць, след на гэтай зямлі – гэта тыя ўстановы культуры, да з’яўлення якіх на Капыльшчыне яна мае непасрэдныя адносіны. Маю на ўвазе – раённы цэнтр традыцыйнай культуры ў аг. Мажа, раённы цэнтр ткацтва ў аг. Семежава, музей этнаграфіі і побыту ў в. Вялешына. Сама клапатлівая маці і добрая жонка, лічыць сваім абавязкам змагацца за кожнае дзіця, за кожную няўдалую сям’ю, каб вярнуць іх да шчаслівага жыцця. Таму такую вялікую ўвагу ў сваёй рабоце надае менавіта гэтаму кірунку.
“Мама, калі ў цябе з’явіцца пахвальная сцяна?” – такое пытанне напалову жартаўлівае, напалову сур’ёзнае, не раз задаецца дзецьмі Алы Марксаўны. І сапраўды, за гады сваёй плённай працы яна мела не адзін дзясятак самых розных ганаровых грамат, дыпломаў, падзяк, юбілейных медалёў. Зусім нядаўна была ўзнагароджана Знакам пашаны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. “Прыемна, калі цябе, твае старанні і вынікі працы заўважаюць, — гаворыць Ала Марксаўна. – Гэта нібы акрыляе, надае новыя сілы. Цяпер, калі працоўная біяграфія, можна сказаць, завяршаецца, думаю, што сядзець склаўшы рукі не змагу. Ёсць яшчэ столькі спраў, якімі можна паспяхова займацца, прыносіць карысць іншым і атрымліваць задавальненне ад вынікаў”.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА і з сямейнага архіва А. М. Раеўскай
Комментарии