Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

60

Магдэбургскае права: “ахоўваць добрых і ліхіх папраўляць”

29.10.2012
Навукова-практычная канферэнцыя “Капыль. Праблемы гісторыі горада і рэгіёна”, прысвечаная 360-годдзю надання прывілея Магдэбургскага права Капылю (1652 г.), адбылася ў пятніцу, 18 кастрычніка. На канферэнцыі, арганізаванай Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, Капыльскім раённым выканаўчым камітэтам, навукоўцы, гісторыкі абмяркоўвалі шмат тэм, сярод якіх гісторыя ўзнікнення горада, самакіраванне падчас валодання Магдэбургскім правам, межы тэрыторыі Капыльскага княства і шмат іншых. [caption id="attachment_22402" align="aligncenter" width="443" caption="Удзельнікі канферэнцыі"][/caption] Навукоўцаў, а таксама настаўнікаў і вучняў раёна віталі старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня, намеснік старшыні Ала Раеўская, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Даніловіч. Гісторыя Капыля шматгранная, цікавая і самабытная — адзначалі выступоўцы. Але яна ствараецца перш за ўсё людзьмі. Так было ў мінулым, так застаецца і ў цяперашні час. На капыльскай зямлі і сёння ёсць апантаныя людзі, якія шануюць, захоўваюць гісторыка-культурную спадчыну роднай зямлі. Ва ўрачыстай абстаноўцы граматы Інстытута гісторыі НАН Беларусі атрымалі Анатоль Жданеня, Ала Раеўская, настаўнік СШ №2 г. Капыля Анатоль Сікорскі, намеснік дырэктара Сл.-Кучынскай СШ Барыс Дзенісюк; падзяку — па-заштатны карэспандэнт рэдакцыі газеты “Слава працы” Іван Ігнатчык, вучаніца па класе выяўленчага мастацтва Капыльскай ДШМ Марыя Кубрак, вучань Быстрыцкай СШ Юрый Леановіч, а таксама шэраг іншых узнагарод. [caption id="attachment_22404" align="aligncenter" width="339" caption=" А. Каваленя, І. Ігнатчык"][/caption] Пазнавальнымі для прысутных сталі даклады навукоўцаў, што пралівалі святло на некаторыя пытанні, якія ўсё яшчэ застаюцца не высветленымі да канца. Дык наколькі ж старажытная наша зямля? Менавіта пра гэта распавядала доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык цэнтра Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вольга Ляўко, спасылаючыся на археалагічныя раскопкі, праведзеныя кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Леанідам Калядзінскім разам са студэнтамі БДПУ. Яна дакладна вызначыла некалькі момантаў, якія паказваюць, што на Капыльшчыне існавала паселішча задоўга да афіцыйна прынятай даты ўзнікнення. Пра гэта сведчаць курганы, дзе падчас раскопак знойдзены восем адзіначасовых трупаспальванняў — прыкмета радавога магільнага склепа. Такі спосаб пахавання характэрны да перыяду дадзяржаўнай эпохі, калі хрысціянскія звычаі не прыйшлі на замену язычніцкіх.  Да таго ж, ужо ў IX-X стст. нашы продкі мелі даволі цесныя гандлёвыя зносіны са скандынаўскімі краінамі праз добра вядомую водную артэрыю — раку Нёман. Пра гэта гавораць такія знаходкі, як пральца з шэрага сланцу, навершнік дружыннага пояса з характэрным арнаментам і многае іншае. [caption id="attachment_22405" align="aligncenter" width="317" caption="І. Соркіна"][/caption] Цікавым быў даклад «Самакіраванне Капыля другой паловы XVI ст. (рэканструкцыя па статуце Петрыкава 1582 г.)», якую прадставіла кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Анастасія Скеп’ян. Яна падкрэсліла, што Капылю не надта пашчасціла з дакументамі, якія б падрабязна расказалі пра гісторыю развіцця горада. Крыніц, нават гэтага перыяду, захавалася няшмат. Тлумачыцца гэта тым, што дакументацыя, магчыма, захоўвалася ў замку, які некалькі разоў гарэў. І, відаць, усе запісы знішчыла полымя. Да сярэдзіны XV стагоддзя Капыль быў рэзідэнцыяй князёў Алелькавічаў. Менавіта ўжо пасля пажару цэнтр княства быў перанесены ў Слуцк. Адсутнасць пісьмовых крыніц можа тлумачыцца і неаднаразовым падзелам княства паміж яго ўладальнікамі. Але тыя крыніцы, што захаваліся, распавядалі пра цывілізаваныя адносіны ў горадзе: меліся свой статут і кіраванне па пэўных правілах. У 1618 годзе капыльскія землі пераходзяць ва ўладанне Радзівілаў. Але, калі верыць тагачасным крыніцам, асаблівага багацця новыя гаспадары не ўбачылі, паколькі замак згарэў “з усімі гарматамі, срэбрамі і ўсім, што было ў ім”. Мяркуецца, што пасля замак ужо не аднаўляўся… [caption id="attachment_22406" align="aligncenter" width="443" caption="Выступае С. Сергачоў"][/caption] Пра змест «Прывілея на Магдэбургскае права Капылю 1652 г.» расказалі кандыдат гістарычных навук, загадчык сектара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Доўнар,  кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Жлутка. Сам прывілей быў выдадзены па просьбе Багуслава Радзівіла, які складаўся з дзвюх частак — наданне Капылю Магдэбургскага права і наданне правоў і годнасцей, якія мелі іншыя гарады з адпаведным статусам. Галоўнай функцыяй дакумента было “ахоўваць добрых і ліхіх папраўляць”. У прывілеі дакладна вызначаліся інстытуты гарадской улады, іх абавязкі, парадак выбараў  на пасады. Дарэчы, высокую пасаду мог мець толькі мешчанін, чалавек з пэўнай адукацыяй (каб добра разбіраўся ў законах) і нерухомай маёмасцю. Але трэба адзначыць, што сістэму выбараў на розныя пасады ў тыя часы можна смела назваць карупцыйнай, паколькі, проста кажучы, адны выбраныя фактычна залежалі ад другіх. Што тычыцца прывілею, то прыняты і падпісаны ён быў як патрэбна, але ў жыцці не быў реалізаваны як след: Капыль меў прывілей на Магдэбургскае права, але самакіравання па Магдэбургскім праве ён не меў… Грунтоўныя назіранні і вывучэнне ландшафту горада доктара архітэктуры, прафесара, загадчыка кафедры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўні-версітэта Сяргея Сергачова, лёс якога цесна звязаны з нашым раёнам, знайшлі месца ў дакладзе «Эвалюцыя прасторавай арганізацыі Капыля ХVII ст.». Цікава было адзначыць, што ў райцэнтры ёсць яшчэ шмат таямніц, якія, мяркую, з часам будуць адкрыты археолагамі, а фонды краязнаўчага музея папоўняцца новымі выдатнымі (а магчыма і каштоўнымі) экспанатамі. [caption id="attachment_22407" align="aligncenter" width="443" caption="У Капыльскім раённым краязнаўчым музеі"][/caption] Хто, як не тутэйшы чалавек, які любіць сваю радзіму, можа знайсці столькі цікавага і падрабязнага матэрыялу! Менавіта так хацелася б сказаць пра нашу зямлячку, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іну Соркіну. Даследуючы тэму «Змаганне капылян за волю і зямлю ў ХІХ ст.», яна знайшла шмат цікавых і нават камічных фактаў пра жыццё тагачаснага горада. Як вядома, у 1795 годзе многія беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай Імперыі, і ўсе прывілеі, што даваліся па Магдэбургскім праве, былі скасаваны. Але капыляне не былі згодныя з іх новым статусам — прыгонныя сяляне. Таму на працягу XIX стагоддзя нашы продкі асабліва актыўна вялі барацьбу за сваю свабоду і зямлю. Яны выкарыстоўвалі ўсе магчымыя законныя і нават незаконныя спосабы. У Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве Іна Валер’еўна знайшла шмат крыніц, што сведчаць пра гэта. Напрыклад, судовая справа мяшчан Капыля супраць Радзі-віла, якая ўтрымлівае больш чым 1000 аркушаў… Справа доўжылася шмат гадоў, і ўвесь гэты час нашы продкі проста адмаўляліся выконваць усе павіннасці. Яны займаюць самавольна землі князя і выкарыстоўваюць іх у сваіх мэтах. Больш за тое, капыляне нават прозвішчы свае змяняюць на польскі лад (напрыклад, Быкі – у Бычынскія). Вядома і такая форма барацьбы, як буйствы (ці, кажучы простай мовай, забастоўкі). Пры гэтым у іх вельмі актыўна ўдзельнічалі жанчыны…Гэта барацьба дала ў канчатковым выніку свой плён. Ужо ў 1833 годзе суд радзі-вілаўскай камісіі прызнаў жыхароў Капыля асабіста вольнымі, але ўсё ж зямля была прызнана ўласнасцю памешчыка… Даследуючы тэму, Іне Валер’еўне трапіла цікавая характарыстыка тагачасных мяшчан, якую даў у рапарце ад 4 жніўня 1869 г. мінскаму губернатару чыноўнік Касакоўскі: “Меньшая часть мещан – “скромны, непритязательны и добросовестны. Остальные – “буйны, не в меру притязательны, с самыми превратными понятиями о  своем деле и своем положении и крайне хитры и недобросовестны”. “В буйной толпе нельзя не различить трех разрядов людей: ходоков (поверенных), пособников их запевал, проводящих в толпу всякие нелепости, сообщаемые ходоками и затем самую толпу, состоящую из прямых сообщников ходоков и запевал, пропитанных их понятиями и отчаянной отвагой на всякое буйство и своеволие”. Часта капыляне збіраліся ў карчме ці магелі (прамысловы аб’ект), каб абмеркаваць сваю тактыку, стратэгію барацьбы за свае правы. І ўражвае не толькі ўпартасць гараджан у гэтым змаганні, але і добрае веданне сваёй гісторыі, асабліва той часткі, якая датычыцца правоў. Капыляне вельмі старанна захоўвалі старажытныя дакументы, выкарыстоўвалі іх у барацьбе за свабоду і зямлю. Вялікую ролю тут адыгрывала мяшчанская грамада. У крыніцах ёсць такі цікавы факт: некаторыя капыляне ўжо стаміліся ад барацьбы, былі гатовыя выконваць усе панскія павіннасці і жыць спакойна. Але барацьбу працягвалі, баючыся, што грамада аддасць іх у рэкруты… Іна Соркіна таксама прадставіла новую кнігу “Капыль і Магдэбургскае права: нарысы з гісторыі горада XIV-XIX стст.”, у якой прадстаўлена шмат новых цікавых матэрыялаў, у тым ліку і тых, што агучаны на канферэнцыі. Экскурс па старонках “Нашай нівы” і звестках пра тагачасны Капыль зрабіў кандыдат гістарычных навук, загадчык сектара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Унучак. Газета была асноўным СМІ таго часу. Неабходна адзначыць, што звесткі аб падзеях у нашым горадзе прысутнічалі на старонках “Нашай нівы” амаль кожны чацвёрты нумар. Асноўным карэспандэнтам газеты быў наш зямляк Цішка Гартны. Перыяд 1905-1907 гг. добра вядомы як неспакойны час. Цішка Гартны пісаў: “У 1905-1907 гг. у Капылі была свабода. Збіраліся вялікія тлумы мужчын, каб абмеркаваць палітычныя справы і Дзяржаўную думу. Тады не пілі шмат гарэлкі, не сядзелі ў корчмах. Калі ж свабоду задушылі, то п’янства і разбой апанавалі Капыль”. Таксама класік адзначаў, што  ў гэты перыяд павялічылася колькасць крадзяжоў. Цікава апісваецца і капыльская латарэя, дзе прызамі былі грамафоны, лямпы, самавары і іншыя рэчы: “Кожнаму хочацца мець у сабе гэту рэч. Але гэтыя рэчы як стаялі, так і стаяць. А грошы дык ідуць як сліна, і прападаюць у кішэнях латарэйшчыка”.  Увогуле, на старонках газеты часцей трапляла інфармацыя з Мінскай губерні, і самымі актыўнымі тут былі менавіта капыляне, якія добра валодалі роднай беларускай мовай. Пасля невялікага перапынку навукоўцы пазнаёміліся з цэнтральнай часткай горада, яго старой забудовай, а таксама наведалі раённы краязнаўчы музей. Пасля работа канферэнцыі праходзіла ў трох секцыях: першая — “Гісторыя гарадскога самакіравання ў Беларусі”, другая —  “Гісторыя Капыльшчыны ў X-ХХ стст.” і трэцяя — “Культурная спадчына Капыльшчыны”. Тут дакладчыкі больш дэталёва распавядалі пра старонкі шматграннай гісторыі. Вынікі вялікай і карпатлівай даследчай работы навукоўцаў па гісторыі Капыля плануецца выдаць у асобнай кнізе, якая, спадзяёмся, пабачыць свет у 2014-м, калі гораду споўніцца 740 гадоў. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей