Музей памяці 17-га Чырвонасцяжнага Цімкавіцкага пагранатрада, створаны ў Цімкавіцкай СШ, наведалі ганаровыя госці, якія сустрэліся з навучэнцамі школы.
Гісторыя 17-га пагранічнага атрада ў Цімкавічах пачалася з дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. Тады, да 1939 года, дзяржаўная мяжа СССР праходзіла непадалёку ад Мінска. Пагранічныя атрады ў той час насілі назвы: Заслаўскі, Дзяржынскі, Цімкавіцкі, Пляшчанскі… Савецкія пагранічнікі закрывалі шлях варожым дыверсантам і шпіёнам, белагвардзейцам і кантрабандыстам. І толькі за адзін 1929 год ахоўнікі межаў цімкавіцкага атрада затрымалі 399 парушальнікаў граніцы, 196 з якіх былі выкрыты як агенты замежных разведак. 14 лютага 1936 года за выдатныя заслугі пагранічнікаў па ахове граніцы, і пільнасць і бязлітасную барацьбу з класавым ворагам атрад быў узнагароджаны ЦВК СССР ордэнам Чырвонага Сцяга.
У гонар герояў на базе Цімкавіцкай СШ створаны музей, які кожны год па традыцыі прымае гасцей. І вось на гэты раз музей памяці 17-га Чырванасцяжнага Цімкавіцкага пагранічнага атрада зноў адчыніў свае дзверы. Гасцямі мерапрыемства былі старшыня савета ветэранаў 17-га Цімкавіцкага пагранатрада Ніна Сяргееўна Наздарская, сын аднаго з пагранічнікаў Аляксандр Навуменка, якія кожны год наведваюць музей, і дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. Перад гасцямі выступілі школьнікі з вершамі, песнямі, расказамі аб героях пагранатрада.
Кожны з гасцей выказаў навучэнцам словы падзякі і пажадаў дзецям, каб яны слухалі старэйшых і не забываліся гісторыю роднага краю. Ніна Наздарская ад цэнтра КДТ імя Кіжаватава і пагранічнікаў Цюменскай вобласці напрыканцы свята ўручыла дырэктару школы грошы на рамонт музея.
Павел ШЭІН
Фота аўтара
Комментарии