
Магазін у вёсцы – гэта месца прывозу і продажу прадуктаў і іншых тавараў людзям. І ад таго, як пастаўлена работа райспажыўтаварыства і самога магазінчыка, залежыць выгада дзяржаве і людзям.
У Печуранах магазін існуе з даўніх часоў. Мяняліся толькі памяшканні і прадаўцы. 15 гадоў таму тут пабудавалі добрае для вёскі памяшканне магазіна. Доўгі час прадаўцом была маладая жанчына з Душава, якая неспадзявана загінула ў сямейнай драме. Людзі з неахвотай чакалі прыезду аўталаўкі, каб купіць хлеб, малако і іншыя прадукты. І прасілі райспажыўтаварыства знайсці прадаўца ў магазін.
І вось ужо 9 месяцаў прадаўцом тут працуе Таццяна Уладзіміраўна Цвірка з Лоцвін, якая раней працавала ў Язвінах. Магазін адкрываецца тры разы на тыдзень. Сюды аўтамашына прывозіць хлеб, малочныя і мясныя прадукты, трактарны фургон дастаўляе тавары, нават мэблевыя і будаўнічыя, матэрыялы па заказе. У магазіне дастатковы асартымент спажывецкіх тавараў. І людзі ахвотна набываюць патрэбнае, купляюць прадукты. Магазіншчыца ветліва абыходзіцца з людзьмі, расказвае, колькі што каштуе, правільна разлічваецца з пакупнікамі.
Як расказваюць загадчыца фермы Галіна Бузель, пенсіянеркі Зінаіда Калевіч, Соф’я Смольская, Леаніда Кандратовіч, а Ганна Дарашэвіч нават патэлефанавала мне, што работай магазіна людзі задаволены і нават зацікаўлены ў выручцы.
І яшчэ. Цяпер у людзей ёсць магчымасць не толькі набыць пакупкі, але сустрэцца, пачуць навіны, пагаварыць між сабою.
Уладзімір КОЎШ,
в. Бабавенка
Комментарии