Супрацоўнікі ДУ “Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” кожны год у рамках Тыдня маці праяўляюць клопат аб шматдзетных сем’ях.
Без увагі ніколі не заставалася і Аляксандра Міхайлаўна Талейка з Доктаравіч, якая выхавала 10 дзяцей. Вось і сёлета ёй было вельмі прыемна атрымаць ад дырэктара ТЦСАН Святланы Маліноўскай каштоўны падарунак. Ад адміністрацыі, прафсаюзнай арганізацыі КСУП “Доктаравічы” з Днём маці яе павіншавала старшыня прафкама Ларыса Прахарэня.
Ужо 16 гадоў, як аўдавела Аляксандра Міхайлаўна, як усе клопаты ўзяла на сябе: і па выхаванні дзяцей, і па гаспадарцы. “Муж мой быў добрым чалавекам, — расказвае Аляксандра Міхайлаўна. — Я была больш патрабавальнай да дзяцей, таму яны і выраслі працавітымі і дысцыплінаванымі. Дваіх дзетак пахавала яшчэ зусім малымі”.
З дапамогай бацькоў дзеці атрымалі розныя прафесіі: бухгалтара, прадаўца, медыка, настаўніка, вадзіцеля, служачага. Як бы ні былі занятыя на працы, не забываюць родную маці – наведваюць, дапамагаюць.
Павел ШЭІН
Фота аўтара
Комментарии