У ААТ “Старыца-Агра” ўжо не першы год, разам з вырошчваннем іншых сельскагаспадарчых культур, займаюцца і пладаводствам. Радуе вока малады сад на плошчы ў 45 га, даюць ураджай і пасадкі чорных парэчак.
[caption id="attachment_22009" align="aligncenter" width="443" caption="Iдзе мантаж халадзільнага абсталявання."]
[/caption]
Сёлета, як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Рудакоўскі, ужо прададзена звыш 40 тон яблык на перапрацоўчыя прадпрыемствы, каля 3 тон ягад чорных парэчак рэалізавалі праз гандлёвую сетку. Надышла чарга яблык пазнейшых гатункаў. Каб мець магчымасць прадаць іх па больш выгаднай цане ў зімовы час ці нават вясной, спадзяюцца ў хуткім часе закласці садавіну на захоўванне ў новае пладасховішча.
Работы па мадэрнізацыі аднаго з памяшканняў бульбасховішча ўжо заканчваюцца. Паводле слоў Уладзі-міра Рудакоўскага, дзякуючы таму, што гаспадарка ўвайшла ў Дзяржаўную комплексную праграму развіцця бульбаводства, гароднінаводства і пладаводства на 2011-2015 гг., удалося атрымаць 600 млн рублёў, з якіх 550 млн руб. было накіравана на набыццё халадзільнага абсталявання ў новае сховішча. Да таго ж, былі закуплены спецыяльныя кантэйнеры для яблык, праведзена цеплавая рэабілітацыя сцен, заказаны ралетныя вароты. “Нам давялося дабавіць яшчэ сваіх 60 млн рублёў, — расказвае Уладзімір Анатольевіч. — Затое цяпер будзем спакойнымі за прадукцыю са сваіх садоў. Ды і прыбытак будзе, адпаведна, больш высокім. Усяго ж у новае сховішча можна пакласці 600 тон сакавітых пладоў. Сёлета, безумоўна, гэтага не бу-дзе, аднак каля 150-200 тон яблык, думаю, будуць чакаць свайго пакупніка пад гэтым дахам”.
У дзень, калі мы наведалі гаспадарку, у пладасховішчы поўным ходам ішоў мантаж халадзільнага абсталявання. Яшчэ крыху часу, і сюды накіруюцца машыны, гружаныя прадукцыяй са старыцкіх садоў.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии