На змену профільнаму навучанню ў школы прыйшлі факультатыўныя заняткі – урокі для тых, хто жадае вывучыць прадмет больш глыбока. А для таго, каб з’явіўся дадатковы ўрок, дастаткова да трох заяў жадаючых у вясковай школе і да пяці – у гарадской.
Ва ўстановах адукацыі нашага раёна адкрыты дадатковыя заняткі чатырох профіляў: факультатывы, якія суправаджаюць базавы ўзровень навучання, пашыраюць яго змест; паглыбленага напрамку; абагульняючыя, г. зн. накіраваныя на сістэматызацыю ведаў па прадмеце, распрацаваныя на аснове праграм уступных іспытаў у ВНУ; прафарыентацыйнага напрамку. Факультатыўныя праграмы зацверджаны Міністэрствам адукацыі.
Самымі папулярнымі ў школьнікаў Капыльшчыны з’яўляюцца факультатывы прыродазнаўча-матэматычнага напрамку. Іх наведваюць звыш 40% старшакласнікаў. Гуманітарныя прадметы прывабліваюць 38% вучняў, якія пасля ўрокаў і ў шосты школьны дзень вывучаюць родныя і замежныя мовы. Потым ідзе грамадазнаўчы напрамак, звязаны з інтэлектуальным, маральным, фізічным развіццём, прафесійнай арыентацыяй.
Калі навучэнцы малодшага і сярэдняга звяна прыслухоўваюцца да рэкамендацый настаўніка-прадметніка, класнага кіраўніка, то старшакласнікі робяць ужо самастойны выбар. Найбольшай папулярнасцю ў нашых школьнікаў карыстаюцца факультатывы па беларускай мове (настаўнікі гімназіі №1 г. Капыля Л. У. Лазоўская, Ж. М. Лапотка, СШ №2 – Т. А. Колас, СШ №3 – Г. М. Ляўковіч), па рускай мове (СШ №2 – Н. Ф. Лепяціла, Н. А. Скрыпінская, гімназія №1 – Л. Г. Зубарык, С. Г. Шэстак, СШ №3 – Т. М. Нядзелька, В. В. Валністая), па матэматыцы (СШ №2 – Т. М. Мікула, СШ №3 – Р. Ф. Стэльмах, Н. А. Жук, гімназія №1 – Н. В. Зубарык, Л. М. Галуза), па інфарматыцы (СШ №3 – Н. Э. Кульбіцкая, СШ №2 – Д. М. Ляшчэвіч, гімназія №1 – Г. І. Вайтовіч), па фізіцы (гімназія №1 – С. Я. Свяцкая, СШ №2 – Т. М. Ежанкова, В. М. Сянькевіч) і іншыя.
Акрамя школьных факультатыўных заняткаў кожны старшакласнік мае магчымасць наведваць міжшкольны факультатыў па розных прадметах вучэбнага плана, які працуе з 1 кастрычніка на базе трох гарадскіх навучальных устаноў горада. Таму чакаем цікаўных дзяцей на заняткі. Заяву можна падаць дырэктару сваёй школы, а ён узгодніць з аддзелам адукацыі расклад.
Людміла НАГОРНАЯ,
спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама
Комментарии