26 верасня споўнілася 70 гадоў з дня трагедыі вёскі Вялікія Прусы Вялікараёўскага сельсавета, калі ў 1942 годзе на працягу двух дзён нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі амаль усіх жыхароў гэтага населенага пункта.
Жалобны мітынг, прымеркаваны да сумнай даты, адбыўся на месцы пахавання мірных жыхароў. Ушанаваць памяць землякоў прыехалі сведкі тых па- дзей, прадстаўнікі Вялікараёўскага сельвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, аддзела па справах моладзі райвыканкама, Капыльскай РАС ДТСААФ, піянеры — вучні Цімкавіцкай сярэдняй школы, мясцовыя жыхары.
[caption id="attachment_21730" align="aligncenter" width="295" caption="Соф’я Іванаўна Нераненя"]
[/caption]
Мерапрыемства пачалося з паніхіды па бязвінна загінуўшых, якую правёў настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы аг. Цімкавічы іерэй Міхаіл Мардвінаў
(здымак 1). Пра падзеі двух чорных дзён у гісторыі Вялікіх Прусаў узгадала сведка трагедыі Соф’я Іванаўна Нераненя. Мінулі дзесяцігоддзі, але кожную хвіліну верасня 1942 года яна не забудзе ніколі. Тады Соф’і Іванаўне і двум яе братам наканавана было выратавацца… Цяпер яна жыве ў Гродне, але ні паважаны ўзрост, ні нават значная адлегласць не сталі для яе перашкодай, каб ушанаваць памяць сваіх землякоў.
Трагедыя ваеннага ліхалецця не абышла і сям’ю Уладзіміра Жылко. У тыя дні тут загінулі яго бабулі і дзядулі. Перажыванні Уладзіміра Трафімавіча знайшлі месца ў вершаваных радках, прысвечаных гэтай падзеі, якія аўтар са слязьмі на вачах прачытаў прысутным. Адносіны да вайны выказалі ў вершах і піянеры Цімкавіцкай СШ.
Ураджэнка в. Вялікія Прусы, а цяпер — жыхарка г. Ліда, Ніна Паўлаўна Гуліцкая таксама паведаміла вельмі цікавыя факты з гісторыі. Калі пачалася вайна, у Прусах было тры камуністы. Адзін з іх пайшоў на фронт разам з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі, а двух другіх па наводцы мясцовых паліцаяў немцы арыштавалі. Пра іх далейшы лёс ніхто нічога не ведае. Адным з камуністаў была жанчына, у якой было шасцёра дзяцей. Усе яны засталіся жыць, і ўжо пасля вайны старэйшы сын, афіцэр Ваенна-Марскога флоту, даў клятву, што знойдзе таго ката, што прадаў немцам іх маці. Ён стрымаў сваё слова, хоць і было патрачана на гэта нямала часу…
Напрыканцы мітынгу прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр фашызму хвілінай маўчання , усклалі вянкі і жывыя кветкі да помніка загінуўшым мірным жыхарам.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии