На працягу жніва Сяргей Турэйка з ААТ “Ціміразеўскі” быў прызнаным лідарам на адвозцы збожжа сярод маладых вадзіцеляў Капыльскага раёна. Яшчэ больш высокіх рэзультатаў ён дасягнуў па выніках усёй уборачнай кампаніі.
Сціплая ўсмешка, адкрыты, даверлівы позірк, гатоўнасць да размовы… Гэта наш герой — звычайны вясковы хлопец, які абраў справай свайго жыцця працу ў сельскай гаспадарцы.
“Што дапамагло перамагчы? — гэта пытанне, здаецца, застала Сяргея знянацку. — Магчыма, надвор’е. Ды і стараўся, каб перавезці больш. І праца арганізавана так, што прастояў не было”. Умення наладзіць вытворчы працэс кіраўніцтву і спецыялістам ААТ “Ціміразеўскі” не займаць, але ж і ад асобы аграрыяў залежыць многае. Узяць хаця б такі факт. Сяргею ўдалося дабіцца такіх высокіх вынікаў працы на аўтамабілі ГАЗ-53, які ажно на чатыры гады старэйшы за яго самога. Для таго, каб машына не падвяла ў адказны момант, хлопец прыкладае ўсе намаганні. Штодня, пасля заканчэння працоўнай змены, ён не спяшаецца дамоў, а ўважліва аглядае сваю “памочніцу” — можа ёй патрабуецца дробны рамонт ці прафілактыка. “Калі за тэхнікай глядзець — яна будзе добра бегаць”, — усміхаецца вадзіцель. На пытанне, ці не хочацца перасесці на новы, сучасны аўтамабіль, разважліва адказвае: “Добра было б, але ж у калгасе пакуль грошай няма. А я магу і пачакаць”.
Сяргей нарадзіўся і вырас на Капыльшчыне, у вёсцы Гулевічы, скончыў Капыльскі сельскагаспадарчы ліцэй, які цяпер ужо стаў каледжам. На працу ўладкаваўся ў СВК “Ціміразеўскі”, ажаніўся. Некалькі гадоў таму маладой сям’і выдзелілі ў Быстрыцы сучасны катэдж, так што клопатаў па яго абустройстве гаспадарам хапае. З радасцю сустракаюць мужа і бацьку пасля напружанага працоўнага дня жонка Юля і пяцігадовая дачушка Настачка.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии