На ААТ “Капыльскі масласырзавод” уведзены ў строй кампрэсарны цэх, дзе ў хуткім часе будзе запушчана новая аміячная халадзільная ўстаноўка (АХУ). Усе перавагі абсталявання, якое адпавядае сучасным патрабаванням і нормам прамысловай і пажарнай бяспекі, вытворчай санітарыі і аховы працы, змаглі ацаніць старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, дырэктар прадпрыемства Іван Горбач, іншыя зацікаўленыя асобы падчас адкрыцця аб’екта ў пятніцу, 14 верасня. 
Аўтаматызацыя вытворчых працэсаў з’яўляецца важнай умовай тэхнічнага прагрэсу любой галіны прамысловасці. Капыльскія перапрацоўшчыкі ўжо даўно ўсвядомілі праблему ахалоджвання сыравіны. Асабліва яна адчувалася ў так званы сезон “вялікага малака” — летне-пашавы перыяд. Цяпер пуск новай кампрэсарнай дазволіць павялічыць перапрацоўку малака ў суткі з 320 (столькі маглі перапрацаваць старыя кампрэсары) да 450 тон. Тым самым значна павялічыцца як эфектыўнасць перапрацоўкі, так і якасць выпускаемай прадукцыі.
Спачатку распрацоўваўся варыянт, калі будаўнічая пляцоўка заняла б 375 кв. метраў, што прынесла б дадатковыя клопаты і пацягнула б лішнія фінансавыя затраты. Але ў пошуках найбольш выгаднага выйсця ў 2011 годзе быў распрацаваны праект таварыствам з дадатковай адказнасцю “СветлагорскПраект” (г. Светлагорск), які задаволіў вытворцаў. Дзякуючы гэтаму халадзільная ўстаноўка размясцілася ў машынным аддзяленні плошчаю 229 м2. Да таго ж, у будынку знайшлося месца для гардэроба, пакоя для прыёму харчавання, душавых, санвузлоў, аддзялення для аператараў. Таксама ёсць венткамера і цеплавузел. На рэалізацыю праекта было патрачана 5849 млн рублёў на абсталяванне і 7648 млн рублёў — на будаўнічыя работы, якія ажыццяўляла Капыльскае РБУ.
У новай кампрэсарнай, акрамя вышэйадзначаных, маецца яшчэ адзін станоўчы момант — разліковая запраўка аміяку (рэчыва з’яўляецца асноўным кампанентам у выпрацоўцы холаду ў сістэме) значна паменшыцца. А значыць гэта ўстаноўка прывядзе да зніжэння шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКУ: падчас адкрыцця новага кампрэсарнага цэха.
Фота аўтара
Комментарии