Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

28

Мінск адзначыў чарговую гадавіну

12.09.2012
Шырока і радасна жыхары і госці горада Мінска адзначылі 945-годдзе сталіцы нашай рэспублікі. Святочныя мерапрыемствы праходзілі на працягу трох дзён і практычна на ўсіх гарадскіх сцэнічных пляцоўках. Да ўдзелу ў мерапрыемствах далучыліся і прадстаўнікі Капыльшчыны. Афіцыйная дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама Анатолем Жданенем была запрошана на свята ў Цэнтральны раён. У парку Перамогі капыляне разгарнулі “Пацешную паляну”, наведаць якую гасцінна запрашалі ўдзельнікі клуба нацыянальнай кухні “Лоцвінскія ўдалухі”, народнага калектыву народнай песні “Спадчына”, народнага клуба майстроў “Скарбонка”. Хлебам-соллю сустракалі капыляне на сваім падвор’і кіраўніка Адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Уладзіміра Кухарава і яго паплечнікаў. Падаравалі ім цудоўныя народныя песні, запрасілі пачаставацца стравамі нацыянальнай кухні і наведаць міні-выставу творчасці народных майстроў нашага раёна. З цікавасцю знаёміліся мінчане з работамі разьбяра па дрэве Івана Васілевіча, ткачыхі з Семежава, народнага майстра Рэспублікі Беларусь Валянціны Кіені, якая прыехала на свята з навучэнкамі “Школы ткачоў”, што працуе пры раённым цэнтры ткацтва. Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас мастака Юрыя Дударава, з захапленнем разглядалі гаспадары свята вышытыя іконы Валянціны Бірулі, вырабы са скуры Міланы Мароз і з салёнага цеста — Таццяны Волкавай. Галоўнае месца імправізаванага падвор’я займала створаная намаганнямі супрацоўнікаў раённага Цэнтра культуры цікавая кампазіцыя з дароў капыльскіх садоў і агародаў. Увогуле ж у гэты дзень на беразе Камсамольскага возера адначасова працавала мноства пляцовак. Паколькі асаблівасцю Цэнтральнага раёна з’яўляецца тое, што ён размешчаны ў гістарычнай частцы горада, арганізатары свята вялікую ўвагу звярнулі на гэты аспект. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы адбылося тэатралізаванае дзейства, у якім прынялі ўдзел тэатр гістарычнага танца і капэла беларускіх народных інструментаў “Гуды”, якія паказалі “гістарычныя карцінкі” горада і раёна. Побач размясціў- ся рыцарскі гарадок, дзе да ўвагі гасцей былі прапанаваны рыцарскія даспехі і зброя, прадметы ўжытку Сярэднявечча, паказаны элементы рыцарскага бою, старадаўнія гульні. На адной з паркавых алеяў разгарнуўся “Горад майстроў” — выстава-продаж выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гледачы пазнаёміліся з мастацтвам пляцення з саломы і лазы, выцінанкай, бісерапляценнем, разьбой па дрэве і многімі іншымі відамі творчасці, а таксама мелі магчымасць набыць рэчы, якія ім спадабаліся. У “Дзіцячым гарадку” размясціліся гульнёвыя атракцыёны, там жа клоўны і роставыя лялькі ў выглядзе казачных персанажаў праводзілі гульні, конкурсы і вясёлыя спаборніцтвы для дзяцей і іх бацькоў. На “Алеі творчасці” навучэнцы гімназіі-каледжа мастацтваў прапанавалі калекцыю карцін, прысвечаных роднаму гораду, тут жа прайшоў дзіцячы пленэр “Я малюю Мінск”. У зялёнай зоне размясціўся “Спартыўны гарадок” з вялікай праграмай самых розных спаборніцтваў і гульняў. Увесь час з галоўнай сцэнічнай пляцоўкі даносіліся гукі музыкі: тут сваім майстэрствам мінчан радавалі спевакі, музыканты і танцоры. Шырокі асартымент прадукцыі прапаноўвалі наведвальнікам гандлёвыя прадпрыемствы Цэнтральнага раёна г. Мінска. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей