Аддаляюцца гады Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш застаецца былых франтавікоў і партызанаў. Няма ўжо ўдзельнікаў вайны ў маёй Бабавенцы, суседніх вёсках Ржаўка, Выня, Дарагавіца, Печураны. Таму вельмі важна мець сустрэчу з жывымі ветэранамі, паслухаць голас, звон іх узнагарод, запісаць успамін аб гераічных баях.
Яшчэ ў 70-я гады я працаваў бібліятэкарам і загадчыкам клуба ў вёсцы Печураны. Мяне людзі ведалі, і я добра ўсіх ведаў, бываючы амаль у кожнай хаце з кнігай, запрашаючы многіх на канцэрты самадзейнасці, вечары адпачынку. Памятаецца, калі я сабраў фотаздымкі загінуўшых людзей у Вялікай Айчыннай вайне і зрабіў стэнд “Яны загінулі за Радзіму”, то ў клуб часта прыходзілі паглядзець са слязьмі на сваіх бацькоў, братоў, родных. Прыходзіў і Жэнік Квяткоўскі са сваім братам Мішам, што прыехаў у госці да яго, каб паглядзець на загінуўшага іх старэйшага брата Івана. Міша павітаўся са мною, пахваліў за гэтую работу.
Прайшлі дзясяткі гадоў. Я даўно на пенсіі, але яшчэ па меры здароўя цікаўлюся грамадскімі справамі, атрымліваю пісьмы, званкі. Аднойчы атрымаў такое пісьмо:
“Здравствуй, Владимир! Мы не знаем друг друга, но я тебя знаю по твоим выступлениям в газете “Слава працы”, которую я выписываю, хотя живу в Минске. Я их сохраняю, иногда перечитываю. Очень нравятся твои заметки о ветеранах, людях Печуран: “Печуранскія доўгажыхары”, “Сон у летнюю ноч” и другие, в которых ты пишешь о знакомых мне с детства людях и околицах деревни и соседних деревень…” І подпіс — Міхаіл Квяткоўскі.
Я адказаў яму пісьмом, расказаў, што я ёсць той самы бібліятэкар і загадчык клуба, які працаваў у Печуранах. Вось такое атрымалася знаёмства. Мы абмяняліся адрасамі і тэлефонамі і цяпер часта віншуем адзін аднаго з Днём Перамогі, Днём вызвалення Беларусі, Новым годам і іншымі.
У Печуранах у сям’і Квяткоўскіх было тры сыны. Міша быў сярэдні. Бацька і маці працавалі ў калгасе. Пасля бацька быў рэпрэсіраваны. Увесь цяжар вясковага жыцця і працы лёг на маці і малых хлапчукоў. Як толькі Мішу споўнілася 16 гадоў, ён у пошуках лепшай працы апынуўся ў Мінску на будоўлі аўтамабільнага завода. Але тут мары хлопца перарвала вайна. На трэці дзень фашысцкія самалёты бамбілі Мінск. Паспешліва на ўсход вывозяцца дакументы дзяржустаноў, тэхніка, некаторыя людзі пакідаюць горад. Праз некалькі дзён пяшком вярнуўся дадому і Міша. Людзі былі ў страху ад раптоўнага нападу і адступлення Чырвонай Арміі. У лясах, балотах валялася розная зброя: вінтоўкі, аўтаматы, патроны. Вясковыя хлопцы і Міша збіралі іх і хавалі дома. Затым перадавалі свае знаходкі некаторым ваенным акружэнцам, якія арганізоў- валі ў лесе групы супраціўлення фашысцкай навале. З гэтых груп пачалі вырастаць партызанскія атрады. У атрад з такіх груп, дзе камандзірам быў І. Ананчанка, летам 1942 года ўступіў са сваім аўтаматам Міша Квяткоўскі. Хутка група папоўнілася, і арганізаваўся партызанскі атрад імя Кутузава. У партызаны пайшлі і таварышы Мішы — І. Тарасевіч, І. Белякоўскі, М. Плячышчык, І. Зяневіч, В. Паўлюшчык, Я. Рачок і іншыя. Партызаны рабілі засады на немцаў і паліцаяў на дарогах, хадзілі ў разведку, на падрыў чыгункі. Зімой 1942 года атрад імя Кутузава ўліўся ў створаную 300-ю партызанскую брыгаду імя Варашылава пад камандаваннем В. Яроменкі. Брыгада дзейнічала ў Капыльскім, Уздзенскім, Стаўбцоўскім, Чырвонаслабодскім, Нясвіжскім, Дзяржынскім раёнах. Партызаны групамі хадзілі на мініраванне чыгункі для падрыву нямецкіх паяздоў каля Гарадзеі, Стоўбцаў, Дзяржынска, рабілі засады на важных дарогах, вялі баі, нападалі на станцыі, дзе былі нямецкія склады. За гэтыя цяжкія гады ліхалецця многае давялося перажыць усім, у тым ліку і М. Квяткоўскаму. Не згладзяцца з яго памяці хлопцы, якія загінулі — Міша Плячышчык, Юзаф Зяневіч. Патрэбна адзначыць, што з сям’і Плячышчыкаў у партызанах ваявалі Міша і Косцік, у партызаны пайшла і сястра Жэня, якую часта пасылалі ў разведку. Аднойчы яна нарвалася на засаду паліцаяў. Яе вялі ў камендатуру на допыт, яна вырвалася, спрабавала ўцячы, але кулі паліцаяў загубілі маладое жыццё.
Памятаецца Мішу Квяткоўскаму, як атрад імя Кутузава разам з іншымі атрадамі завязаў бой з фашысцкай калонай на шашы Слуцк–Мінск. За ноч яны падышлі да шашы, мінулі валяр’янаўскі лес, выйшлі на поле і залеглі ў прыдарожных кустах. Чакалі доўга, была зіма, холадна. І толькі да абеду па шашы пачаўся рух. Нарэшце паказаліся 2 танкеткі аховы з немцаў і паліцаяў, следам ішлі машыны, гружаныя зброяй, абмундзіраваннем, што везлі нямецкаму гарнізону ў Мінск. Агонь быў зроблены па загадзе, як толькі машыны былі ў сярэдзіне засады партызан. Першымі агонь павялі бакавыя заслоны, а затым шквал агню абрушыла цэнтральная частка. Фашысты спачатку адкрылі свой агонь, затым спрабавалі ўцякаць у лес, але партызанскія кулі напаткалі іх. Калі ўсё было закончана, партызаны набралі шмат зброі, адзення, нават прадуктаў, падабралі некалькі раненых і хутка пайшлі ў лес на свае базы размяшчэння.
Добра ў памяці Мішы Квяткоўскага засталіся дзеянні партызан па падрыве чыгункі пры аперацыі “Баграціён” у чэрвені 1944 года пры вызваленні Беларусі.
Згодна з планамі Цэнтральнага штаба абароны партызаны дзейнічалі, дапамагалі Чырвонай Арміі. У ноч на 20 чэрвеня чыгуначныя дарогі ў Беларусі былі выведзены са строю ў дзясятках тысяч месцаў, перакапаны шасэйныя дарогі, каб не дапусціць паступлення ваеннай тэхнікі фашысцкай групоўцы “Цэнтр”. Партызаны і Міша Квяткоўскі з атрада імя Кутузава дзейнічалі на ўчастку чыгункі паміж станцыямі “Негарэлае–Коласава”. Пры разгроме нямецка-паліцэйскага гарнізона “Гавезна” М. Квяткоўскаму здаўся дабравольна немец, які затым прасіўся ісці ваяваць супраць фашыстаў. У першы дзень ліпеня паступіў загад усім брыгадам і атрадам партызан дайсці да горада Мінска, акружыць яго з усіх бакоў, каб не даць фашыстам свабодна выйсці з горада, дзе яны замініравалі і хацелі ўзарваць важнейшыя будынкі: Дом Урада, Дом афіцэраў, оперны тэатр, электрастанцыю і іншыя аб’екты.
Пабылі партызаны і на парадзе ў Мінску, а пасля гэтага многія былі залічаны на фронт і пайшлі вызваляць землі сваёй Радзімы і суседніх краін. Міша Квяткоўскі і аднавясковец Віталь Паўлюшчык у складзе 75 чалавек былі накіраваны ў органы НКУС для барацьбы з бандыцкімі фарміраваннямі. У час вызвалення Беларусі і хуткага праходу фронта ў лясах засталося многа недабітых фашыстаў, паліцаяў, якія не паспелі ўцячы. Цяпер яны імкнуліся перайсці лінію фронта, стараліся выжыць. Таму па начах нападалі на кіраўнікоў мясцовай улады, мірных людзей. Барацьба з бандыцкімі фарміраваннямі была ўскладзена на органы НКУС. М. Квяткоўскі з такімі бандамі ваяваў у Гродзенскай вобласці. Тут ён сустрэў чаканую Перамогу. Але работы яшчэ хапала. Два гады быў засядацелем ваеннага трыбунала Гродзенскага гарнізона па разглядзе спраў розных ворагаў і бандытаў. Пасля вайны і аж да 1980 года Міхаіл Квяткоўскі працаваў на розных пасадах у органах унутраных спраў. На заслужаны адпачынак у званні маёра Міхаіл Уладзіміравіч Квяткоўскі пераязджае жыць бліжэй да дому, у горад Мінск.
Але не ў характары Міхаіла Уладзіміравіча адпачываць. Ён актыўна ўключыўся ў партыйную і грамадскую работу Заводскага раёна, пасёлка Сосны, па-ранейшаму лічыць сябе камуністам, з’яўляецца членам бюро Заводскага РК КПБ, многія гады праводзіць выхаваўчую работу сярод моладзі, выпісвае, чытае і сам прапануе цікавае ў газету. А калі нячаста наведваў свае Печураны, дзе жыў брат Жэнік, то стараўся сустрэцца са сваімі таварышамі-партызанамі Ярошам Рачком, Віталем Паўлюшчыкам, Юзафам Тарасевічам, з суседняй вёскі — Косцікам Плячышчыкам. Але гады ідуць няўмольна. Нікога з таварышаў ужо няма ў жывых, ды і Міхаілу Уладзіміравічу ідзе 90-ы год. Але ветэрану хочацца ведаць усё пра сваю вёску, яе людзей, таму выпісвае газету Капыльшчыны.
У яго асабістым архіве захоўваецца больш за 30 грамат і ўдзячнасцей за працу і грамадскую работу, у тым ліку ад міністра ўнутраных спраў, нават з Адміністрацыі Прэзідэнта.
Міхаіл Уладзіміравіч мае 25 узнагарод, сярод якіх ордэн Айчыннай вайны, медалі “За баявыя заслугі”, “Партызану Айчыннай вайны” і іншыя.
Уладзімір КОЎШ,
в. Бабавенка
Комментарии