Новы сямейны дзіцячы сад быў адкрыты 1 верасня ў в. Праснакі. Дашкольная ўстанова размясцілася ў камфартабельным двухпавярховым катэджы. Наведваць яе будуць восем дзяцей, а ўвогуле разлічаны сад на 12 месцаў.

На ўрачыстым адкрыцці дзіцячага сада прысутнічалі старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Аляксей Абросімаў, дырэктар ААТ “Праснакі” Руслан Сухаверх і старшыня Грозаўскага сельвыканкама Жанна Скрыган. Ганаровыя госці ўручылі калектыву дзіцячага сада мяккія цацкі і прыгожы дыван.
“У дзяржаве назіраюцца пэўныя моманты аптымізацыі і рэарганізацыі навучальных устаноў, — адзначыў у размове начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Аляксей Абросімаў. — Яны адбываюцца і ў нашым раёне. Так, за апошні час рэарганізаваны тры навучальныя ўстановы. Нягледзячы на гэта, мы стараемся ўкараняць і новыя формы работы. Яшчэ ў 2007 годзе рашэннем райвыканкама быў адкрыты дзіцячы сад на даму ў аг. Цімкавічы. А сёлета пачаў працаваць дзіцячы сад у в. Праснакі”.

Адметна, што ў педкалектыве гэтай дашкольнай установы, які складаецца з пяці чалавек, усе маюць вышэйшую адукацыю!
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии