Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

Брыльянты сям’і Галясаў

03.09.2012
У мінулую суботу сваё брыльянтавае вяселле адзначылі Надзея Аляксандраўна і Васіль Аляксеевіч Галясы з вёскі Калюга. 60 гадоў сумеснага жыцця, здаецца — цэлая вечнасць. А для іх гэтыя шэсць дзясяткаў праляцелі як адзін дзень… Першая сустрэча адбылася ў Калюзе, на радзіме Надзеі, калі ў яе хату на вечарыну сабраліся шматлікія хлопцы і дзяўчаты. Сярод іх быў і Васіль Галяс з вёскі Сцяпкова, што на Случчыне. Яму вельмі спадабалася юная гаспадыня і, ужо збіраючыся дадому, хлопец сказаў сваёй новай знаёмай, каб чакала ў хуткім часе сватоў. На наступным тыдні, калі моладзь ізноў гуляла ў хаце На- дзеі, хтосьці пракрычаў: “Сваты ідуць!..” Вось з той пары і пачалася брыльянтавая гісторыя сям’і Галясаў… Усё здаецца было як ва ўсіх: сямейныя клопаты, гаспадарка, праца. Дзе б ні працавалі На- дзея Аляксандраўна і Васіль Аляксеевіч — працавалі добрасумленна. Гаспадыня спачатку ўладкавалася ў мясцовым калгасе, потым пайшла ў Гацук на торфазавод, пасля была швачкай, а ў канчатковым выніку вярнулася зноў у калгас.  Гаспадар пачынаў у будаўнічых арганізацыях, а да пенсіі працаваў лесніком Старыцкага лясніцтва. У сям’і нарадзіліся дзве дачкі і сын. Шанавалі і песцілі іх бацькі, але і вучылі працаваць як след. Цяпер дзеці часта наведваюцца ўсё ў тую ж Калюгу, дзе гадаваліся і раслі на радасць бацькам. Цешацца Надзея Аляксандраўна і Васіль Аляксеевіч шасцю ўнукамі і шасцю праўнукамі, ды сёмага чакаюць. Людзі, якія столькі крочылі па жыцці разам, заслужылі сапраўднага ўшанавання. Данінай павагі для сям’і Галясаў стала ўрачыстая рэгістрацыя брыльянтавага шлюбу, якая адбылася ў мінулую суботу ў Капыльскім аддзеле ЗАГС. Усё дзейства праходзіла як мае быць: рушнік, абмен кольцамі, шампанскае і вальс, які сямейная пара выканала проста “на выдатна”. Галоўны спецыяліст аддзела Ірына Ігнатчык, выказаўшы цёплыя словы віншавання, уручыла юбілярам каштоўны падарунак ад райвыканкама і пасведчанне аб рэгістрацыі брыльянтавага шлюбу. Ушанаваць юбіляраў у ЗАГС прыйшлі не толькі родныя, але нават і суседзі. Дарэчы, у многім дзякуючы клапатлівым суседзям і адбылася гэта святочная падзея! Брыльянт - гэта самы каштоўны і дарагі з усіх камянёў, знак трываласці і надзейнасці. Таксама як і шлюб, які праіснаваў 60 гадоў. Гэтыя асацыяцыі ў поўнай ступені адпавядаюць жыццю Надзеі Аляксандраўны і Васіля Аляксеевіча Галясаў, якім аказалася пад сілу захаваць цёплыя адносіны адзін да аднаго да гэтай даты, нягледзячы на мноства складанасцей і праблем, з якімі яны бясспрэчна сутыкаліся на шляху да брыльянтавага юбілею. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей