Кожны з нас, раней ці пазней, адчувае патрэбу асэнсаваць пражытыя гады, правесці, так бы мовіць, нейкую рысу паміж днём сённяшнім і будучым. Бывае гэта звычайна тады, калі мы знаходзімся на парозе нейкіх значных падзей у сваім жыцці, юбілейных дат.
Для Анатоля Канстанцінавіча Сандразда, начальніка аддзела транспарту Капыльскага райспажыўтаварыства, новы віток у серпанціне падзей пачнецца пасля 2 верасня, калі ён разам з роднымі і сябрамі адзначыць свой 60-гадовы юбілей. Безумоўна, можна з упэўненасцю гаварыць, што свой “мінімум” ён даўно выканаў: ёсць цудоўная сям’я, дзе пануе поўнае ўзаемаразуменне паміж мужам, жонкай і іх двума дзецьмі. Набыты заслужаны аўтарытэт сярод калег і падначаленых, паколькі толькі занятак любімай справай можа даваць такія вынікі.
Да тэхнікі Анатоль цягнуўся з дзяцінства. Ён успамінае, як яшчэ падлеткам кожную вольную хвіліну бег да суседа-механізатара паназіраць, як той рамантуе трактар, па меры сіл дапамагчы яму, каб атрымаць магчымасць самому сесці за руль і з заміраннем сэрца ўглядвацца наперад і адчуваць, як колы магутнай машыны, якой ён кіруе, адмяраюць метры па вясковых дарогах. Відаць таму рашэнне пайсці вучыцца пасля заканчэння васьмігодкі ў Клецкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча было для юнака канчатковым і беспаваротным, нягледзячы на ўсе ўгаворы бацькоў і настаўнікаў. Гады вучобы яшчэ больш упэўнілі Анатоля ў правільнасці свайго выбару і зарадзілі іскрынку жадання не толькі самому займацца любімай справай, але і вучыць гэтаму іншых.
Пасля заканчэння вучылішча з чырвоным дыпломам юнак паступае ў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Аднак на чацвёртым курсе яго прызываюць на службу ў Савецкую Армію, і толькі пасля звальнення ў запас Анатоль атрымае магчымасць прадоўжыць адукацыю. Як адметную падзею яго тагачаснага жыцця Анатоль Канстанцінавіч узгадвае сваё ўступленне ў члены Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, што для навучэнца тэхнікума было вельмі пачэсна (тут дапамаглі яшчэ армейскія рэкамендацыі). Першае ж працоўнае месца было ў родным Клецкім СПТВ-36.
Хутка ў яго жыцці з’явіліся новыя падзеі, новыя, як пазней аказалася, самыя галоўныя людзі ў яго жыцці. Жаніцьба на маладой настаўніцы Марыі, а потым нараджэнне такой жаданай дачушкі прымусіла новаспечанага мужа і бацьку клапаціцца, каб у яго сям’і былі добрыя ўмовы для жыцця. Таму прапанову пераехаць на Капыльшчыну і працаваць на заводзе ЖБВ прыняў з энтузіязмам, паколькі разам з новай пасадай — галоўны механік — атрымаў гарантыйнае пісьмо, што ў хуткім часе атрымае кватэру. Так і выйшла. Аднак у сярэдзіне васьмідзясятых гадоў Анатоль Канстанцінавіч зноў ступае на педагагічную сцяжынку — прымае прапанову працаваць старшым майстрам вытворчага навучання, цяпер ужо ў Капыльскім СПТВ-211.
Прыкладна праз сем гадоў у яго жыцці адбыўся новы паварот. Пачатак дзевяностых у памяці нашых сучаснікаў застаўся як не вельмі лёгкая пара. Людзі выкарыстоўвалі любую магчымасць, каб зарабіць, неяк утрымацца на плаву ў тыя няпростыя часы. А калі за тваімі плячыма сям’я, у якой падрастаюць ужо двое дзяцей… Трэба было забыцца на ўласныя нязручнасці і клапаціцца пра сваіх блізкіх. Анатоль Сандрозд едзе на заробкі ў Цюменскую вобласць, тым больш, што было прынята рашэнне пасаду старшага майстра ў вучылішчы скараціць. Так у яго працоўнай біяграфіі з’явілася паўночная старонка. Больш за чатыры гады ён жыў, можна сказаць, чаргуючы працоўныя вахты на нафтаздабывальным радовішчы, пералёты і радасныя сустрэчы з сям’ёй.
Чарговая жыццёвая вяха стала для нашага героя, бадай, і самай працяглай, і самай значнай. Пасада галоўнага інжынера на аўтабазе Капыльскага райспажыўтаварыства праз два гады (у 1998 годзе) стала прыступкай для больш высокай — дырэктарскай. На прадпрыемстве адбываліся пэўныя рэарганізацыі, але ад гэтага кола абавязкаў у кіраўніка больш вузкім не стала. “Галоўны наш клопат, — расказвае Анатоль Канстанцінавіч, — своечасова дастаўляць тавары ў гандлёвыя кропкі раёна. А калі ўлічваць, што гэта ў першую чаргу — прадукты, адказнасць узрастае ўдвая”. Цяжкасцей шмат, узнікаюць праблемы і з транспартам, і з вадзіцелямі, якіх не заўсёды хапае. “Прыемна, калі ў наш адрас гучаць словы ўдзячнасці, — працягвае кіраўнік, — аднак бывае і наадварот, паколькі мы непасрэдна працуем з людзьмі. Акрамя завозу тавараў абслугоўваем дзевяццю аўтамагазінамі і аддаленыя вёскі нашага раёна. Пра гэта трэба гаварыць асобна, паколькі там жывуць у асноўным людзі сталага ўзросту, якім не менш за свежыя якасныя прадукты патрэбны жывыя чалавечыя адносіны, увага і добрае слова”.
Цяпер Анатоль Канстанцінавіч плануе новы этап свайго жыцця, які, хочацца верыць, стане не менш цікавым і насычаным падзеямі. “Думаю, у мяне з’явіцца больш магчымасцей для добраўпарадкавання дачы, часцей змагу бачыцца з любімымі ўнучкамі, ды і пра сваё здароўе трэба паклапаціцца”, — адзначае юбіляр.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии