Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

41

За паслугі трэба разлічвацца своечасова

19.07.2010

У рэдакцыю газеты ад імя суседкі С. Л. Ніжэвіч звярнуўся жыхар в. Чарнагубава А. А. Ешманскі. Анатоль Аляксандравіч расказаў, што тры гады таму ў суседкі быў адключаны тэлефон па прычыне неаплаты. Праз некаторы час жанчына пагасіла запазычанасць, але падключэнне тэлефона зацягнулася. “Прыйшлося звяртацца ў розныя інстанцыі, дайшлі нават да Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, бо мясцовыя чыноўнікі валакіцілі вырашэнне пытання”, — адзначыў заяўнік. І вось 29 чэрвеня бягучага года тэлефон нарэшце падключылі. Але перад гэтым давялося заплаціць 70 500 рублёў. За што?! Абураецца мужчына. Уся ж праводка засталася ранейшая. Ды і нумар таксама.

Зварот А. А. Ешманскага рэдакцыя накіравала начальніку Капыльскага раённага вузла электрасувязі С. І. Кнышэвічу. І як высветлілася, у дадзенай сітуацыі сувязісты кіраваліся “Правіламі аказання паслуг электрасувязі”, у п. 57 якіх гаворыцца, што абанементная плата за бягучы месяц фізічнымі асобамі павінна ўносіцца да 1 чысла наступнага месяца, плата за мясцовыя і міжгароднія тэлефонныя злучэнні, а таксама іншыя паслугі электрасувязі ўносіцца за прайшоўшы месяц не пазней за 25 чысло бягучага месяца. Пры неаплаце ў вызначаныя тэрміны аператар электрасувязі мае права прыпыніць аказанне паслуг электрасувязі, паведаміўшы аб гэтым абаненту. Аказанне паслуг можа быць адноўлена пасля пагашэння запазычанасці. Калі на працягу месяца з дня прыпынення аказання паслуг электрасувязі плата не паступала, абанемент закрываецца і дзеянне дагавора аб аказанні паслуг электрасувязі спыняецца. У Правілах агаворана і аднаўленне абанемента. Яно можа быць праведзена былому абаненту ці члену яго сям’і, зарэгістраванаму па месцы ўстаноўкі аканечнага ўстройства па яго пісьмовай заяве, на працягу 30 дзён пасля закрыцця абанемента. Для гэтага неабходна пагасіць запазычанасць і ўнесці абанементную плату за час, на працягу якога абанемент быў закрыты па віне абанента, а таксама заплаціць за аднаўленне абанемента. А вось калі міне 30 дзён з даты закрыцця, то аднаўляецца абанемент толькі ў парадку чарговасці ў адпаведнасці з пунктам 27 гэтых Правіл.

Менавіта ў такой сітуацыі і аказалася С. Л. Ніжэвіч. Як патлумачыў ў сваім адказе ў рэдакцыю начальнік РВЭС С. І. Кнышэвіч, на працягу 2007 года тэлефон у С. Л. Ніжэвіч штомесяц адключаўся за неаплату, але на працягу наступнага месяца паступала плата за пад- ключэнне. 3 студзеня 2008 года тэлефон у чарговы раз быў адключаны за неаплату, 2 лютага 2008 года С. Л. Ніжэвіч было ўручана заказное пісьмо з паведамленнем аб неабходнасці заплаціць за тэлефон. Аднак ніхто ў раённы вузел электрасувязі не звярнуўся, і 12 лютага тэлефон быў зняты. Ніжэвіч звярнулася праз два з паловай месяцы. Яе заява на ўстаноўку тэлефона была зарэгістравана на ўліку ў вузле электрасувязі 25 красавіка 2008 г. Жанчыне растлумачылі, што пытанне ўстаноўкі ёй тэлефона будзе разгледжана згодна з чаргой.

Не дачакаўшыся гэтай чаргі, Ніжэвіч звярнулася ў вышэйстаячыя інстанцыі. І вось тэлефон працуе, нумар па жаданні жанчыны застаўся той, што быў і да закрыцця абанемента. Праўда, паколькі яна пажадала вярнуць менавіта гэты нумар, то згодна ўсё з тымі ж Правіламі з яе быў ўзяты кошт паслугі выбару нумара: 10 тыс. рублёў. (Калі б жанчына ведала, што яе выбар каштуе 10 тысяч, напэўна, згадзілася б на любы нумар. – Т. Р.). Плата за ўстаноўку тэлефона згодна з “Прэйскурантам на паслугі электрасувязі агульнага карыстання” на сёння складае 60 420 рублёў. Вось таму і давялося заплаціць С. Л. Ніжэвіч 70 тысяч 420 рублёў, каб зноў карыстацца паслугамі электрасувязі. Што тычыцца валакіты, то Сяргей Іванавіч у размове запэўніў, што тэлефон С. Л. Ніжэвіч быў бы ўстаноўлены ў бліжэйшы час нават і без пісьма з Міністэрства.

Так закончылася гісторыя з адключэннем тэлефона за неаплату паслуг электрычнай сувязі ў вызначаны тэрмін. Вывад напрошваецца сам: за ўсе аказаныя паслугі трэба разлічвацца своечасова. А калі ўжо здарылася, што па нейкіх прычынах так не атрымалася, не забудзьце пацікавіцца, чым гэта можа абярнуцца для вас.

Таццяна РАІЦКАЯ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей