31
Тэма дня
29.08.2012
Мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў штотыдзень абмяркоўваюцца і кантралююцца як раённым Саветам дэпутатаў, так і райвыканкамам. Як адзначыла старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Сандрозд, вядуцца работы па ўсіх запланаваных напрамках, а некаторыя поўнасцю выкананы.
Так, для зносу пустуючых дамоў былі выдзелены 42 млн рублёў бюджэтных сродкаў, якія цалкам асвоены. Праведзены работы на тэрыторыі Блеўчыцкага, Бучацінскага, Семежаўскага, Доктаравіцкага сельсаветаў. Сёлета не паступае нараканняў з боку насельніцтва па добраўпарадкаванні могілак. На дадзены момант на 12 з іх устаноўлены новыя бетонныя агароджы. Асабліва вызначаецца Капыльскі сельвыканкам, дзе з дапамогай насельніцтва абгароджана пяць могілкаў.
Як падкрэсліла Марыя Сандрозд, за сем месяцаў гэтага года на тэрыторыі раёна рэкультываваны сем міні-палігонаў цвёрдых бытавых адходаў (усяго на дадзены момант – ужо звыш 40).
Добра наладжана сістэма па абкошванні тэрыторый населеных пунктаў як сіламі сельвыканкамаў, так і насельніцтвам, якое імкнецца падтрымліваць парадак на сваіх сядзібах. З мэтай стымулявання праведзены конкурсы на лепшае ветэранскае, маладзёжнае падвор’е, у верасні пройдуць – на лепшую вуліцу, населены пункт. Значным штуршком для добраўпарадкавання з’яўляюцца і святы вёсак. У гэтым годзе яны ўжо праведзены ў Вялікараёўскім (в. Канатопы), Доктаравіцкім (аг. Н. Доктаравічы), Пацейкаўскім (в. Траянава), Цімкавіцкім (аг. Цімкавічы). У астатніх – запланаваны на верасень–кастрычнік.
З планавых мерапрыемстваў застаецца на кантролі работа з пустуючай зямлёй. За вясенні перыяд больш чым 200 га было перададзена сельгаспрадпрыемствам. Інвентарызацыя і перадача ідзе і цяпер. Працягваецца работа па абустройстве безгаспадарных сядзіб. Яна праводзіцца на падставе новага Указа №100 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, згодна з якім домаўладанне, якім не карыстаюцца на працягу трох гадоў, прызнаецца пустуючым.
— Звяртаюся да жыхароў Капыльшчыны з просьбай быць акуратнымі з вывазам смецця, раслінных рэшткаў, — адзначае Марыя Сандрозд. – Часовае складзіраванне павінна быць узгоднена са старшынямі сельвыканкамаў. Трэба памятаць, што вываз на закрытыя міні-палігоны забаронены, гэтак жа, як і ўтварэнне несанкцыянаваных звалак. А напярэдадні зімы яшчэ неабходна абкасіць сядзібы, адрамантаваць агароджы, фасады дамоў, словам, надаць вёскам прывабны выгляд.
Сяргей КОЗЕЛ
Поделиться
Комментарии