Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

57

Капыль і Магдэбургскае права

27.08.2012
27 жніўня 2012 г. спаўняецца 360 гадоў атрымання Капылём прывілея на Магдэбургскае права (адна з найбольш вядомых сістэм гарадскога права, якая склалася ў ХІІІ ст. у нямецкім горадзе Магдэбург) Магдэбургскае права з’явілася юрыдычным замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызвалення ад большай часткі феадальных павіннасцей. Магдэбургскае права было перанята многімі гарадамі Усходняй Германіі, Усходняй Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы. З XIV ст. гарадское самакіраванне паводле Магдэбургскага права пашырылася і на Вялікае княства Літоўскае, у склад якога ў той час уваходзілі беларускія землі. Магдэбургскае права мелі каля 60 гарадоў (местаў) і мястэчак на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэта – адно з важнейшых сведчанняў прыналежнасці Беларусі да агульнаеўрапейскай гісторыі і культуры. Прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Яна Казіміра Вазы на Магдэбургскае права Капылю пісаны на пергаміне, датаваны 27 жніўня 1652 г., быў складзены ў Варшаве на лаціне. Арыгінал яго нам не вядомы. У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Мінску захавалася толькі актыкацыя гэтага дакумента ў кнігах земскага суда Слуцкага павета, зробленая 29 верасня 1811 г. судовым адвакатам капылян і слуцкім павятовым каморнікам Янам Судароўскім-Стаўсовічам па загадзе князя Дамініка Радзівіла. Галоўным ініцыятарам надання Капылю Магдэбургскага права быў манарх. Сам Ян Казімір Ваза ў 1653 г. патлумачыў матывы свайго ўчынку так: мяшчане Капыля заслужылі гэта сваёй вернасцю Айчыне: “праз увесь час казацкага бунту (вайна 1648-1651 гг.) Рэчы Паспалітае трымаліся і да гэтага часу пры ёй трымаюцца”. 27 жніўня 1652 г. Ян Казімір Ваза разам з вольнасцямі надаў Капылю герб: “Далей надаем згаданаму гораду герб – поле залацістае з трубой паляўнічай … згаданым гербам мяшчане Капыльскія як цяперашнія, так і будучыя, могуць пячатацца, а таксама на мяшчанскіх пасведчаннях, лістах закрытых і адкрытых ад магістрата выдаваных, адціскаць, найперш у справах і здзелках, а таксама дэкрэтах судовых, гарадская пячатка павінна зацвярджаць годныя веры рукапісы…” Золата ў геральдыцы сімвалізавала такую цноту, як шляхетнасць. Залацісты колер поля быў для капылян ганаровай адзнакай за іх вернасць і ахвярнасць у служэнні свайму гаспадару, іншымі словамі, насіў у пэўным сэнсе набілітацыйную сэнсавую нагрузку. Выява паляўнічага ражка паходзіла з родавага герба “Трубы” Радзівілаў і сімвалізавала прыналежнасць Капыля яго тагачаснаму ўладальніку князю Багуславу Радзівілу. Такім чынам, герб Капыля ў 1652 г. быў не толькі адзнакай атрыманага мяшчанамі самакіравання і прыналежнасці горада да валоданняў роду Радзівілаў, але сведчыў пра галоўную прычыну надання ім Магдэбургскага права – вернасць і ахвярнасць гаспадару Яну Казіміру Вазе ў час казацкіх выступленняў, калі беларускія землі Рэчы Паспалітай фактычна перажывалі стан грамадзянскай вайны. Герб Капыля з выявай чорнага паляўнічага ражка ў залатым полі ведае бадай жа кожны капылянін. У якасці афіцыйнага сімвалу горада ён быў зарэгістраваны пад №40 у Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 лютага 2000 г. Важна памятаць пра змест сімволікі старажытнага капыльскага герба, каб ён быў зразумелым для сучасных жыхароў горада. 18—19 кастрычніка 2012 г. адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Капыль. Праблемы гісторыі горада і рэгіёна (да 360-годдзя выдання прывілея на Магдэбургскае права Капылю)”, арганізатарамі якой з’яўляюцца Капыльскі раённы выканаўчы камітэт, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Запрашаем! Матэрыял падрыхтавала Іна Соркіна  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей