Уборка збожжавых і зернебабовых для сельскіх працаўнікоў – найважнейшая кампанія, яе стараюцца арганізаваць і правесці як мага хутчэй, каб менш пашкодзіла ўраджай неспрыяльнае надвор’е. Механізатары павінны максімальна выкарыстоўваць кожную пагодлівую гадзіну, таму ім няма часу ехаць дадому на абед, а падсілкавацца, каб працаваць прадукцыйна, трэба, як трэба пасля працоўнага дня прыняць душ, каб зняць стому.
Як арганізавана інфармацыйнае забеспячэнне насельніцтва, харчаванне і памыўка механізатараў на ўборачных работах, высвятлілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людміла Камкова, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Аляксей Кароль і загадчыца аддзела пісьмаў “СП” Любоў Пятрова.
Першая гаспадарка, куды мы завіталі, СВК “Скабін”. На мехдвары, у асобным памяшканні знаходзіцца душавая. Памыцца тут можна, але прылягаючая тэрыторыя просіць добраўпарадкавання: абкошвання, складзіравання нарыхтаваных дроў. Загадчык майстэрні Віктар Таткоў запэўніў, што ўсё прывядуць у парадак. Сталовай у гаспадарцы няма, а толькі харчаблок, таму прыгатаваннем абедаў для ўдзельнікаў уборачнай будзе займацца гарадское кафэ “Беларусачка”, а падвоз у поле забяспечыць гаспадарка.
Сталовая філіяла “Лакнея” да ўборачных работ падрыхтавана спаўна: утульная зала, парадак на кухні стваралі добры настрой. Кормяць тут штодзённа больш за 20 чалавек, яшчэ ў полі 20. Адказная за арганізацыю харчавання Тамара Лагун запэўніла, што ўсё пад кантролем.
Што тычыць стварэння ўмоў для памыўкі механізатараў, то пытанне застаецца адкрытым. Зараз тут актыўна ідуць работы па будаўніцтве лазні, але час прыспешвае. Ці паспеюць яе пабудаваць?
Таксама кіпяць аддзелачныя работы на будаўніцтве душавых (для мужчын і жанчын) у ААТ “П-з “Дусаеўшчына”. Як адзначыў дырэктар гаспадаркі Сяргей Кавалеўскі, абсталяваць лазню – справа яго гонару. Сталовая гаспадаркі гатуе стравы штодзённа, працуе па графіку, прэтэнзій няма.
Добрае ўражанне склалася ад наведвання мехдвара, дзе штодзённа працуюць душавыя, і сталовай СВК “Ванелевічы”. Яшчэ перад пачаткам пасяўной кампаніі ў сталовай быў праведзены касметычны рамонт, праверана, адрамантавана абсталяванне. Сёння там абеды гатуюць на 77 чалавек і падвозяць у поле.
Дом механізатара і сталовая ў аг. Быстрыца СВК “Ціміразеўскі” таксама заслугоўваюць добрай адзнакі: у душавых чыста, пастаянна ёсць гарачая вада. У сталовай хоць і ідзе рамонт, гэта не перашкаджае Любові Шахлевіч — повару з 29-гадовым стажам — гатаваць смачную страву на 70 чалавек.
Немагчыма не адзначыць старанных працаўніц сталовай в. Чырвоная Дубрава. Шэф-повар Валянціна Чэраховіч вельмі задаволена ўмовамі працы: спраўна робіць халадзільнае абсталяванне, заменена ўся сантэхніка, удосталь посуду і г. д. А калі ёсць умовы, то і працаваць хочацца ад душы: каларыйную, смачную страву на 70 чалавек ёй штодзённа прыгатаваць толькі ў радасць.
Што тычыць лазні ў ВСК “Семежава”, то аднавіць яе проста неабходна. Памыцца там можна, умовы для гэтага ёсць, але лазні “па-чорнаму”, мяркую, беларусу не зусім па душы.
Не удалося пазнаёміцца са станам сталоўкі ЗАТ “Жыліхава”, бо на дзвярах памяшкання ў 12.30 па мясцовым часе вісеў замок. Ганна Іванаўна Ільючыц, адказная за арганізацыю харчавання механізатараў, толькі развяла рукамі, маўляў, што я зраблю: повар страву прыгатавала, адправіла ў поле і пайшла па сваіх справах. Рэйдавай брыгадзе засталося “палюбавацца” на неабкошаную тэрыторыю каля будынка, канстатаваць факт безадказных адносін работнікаў сталовай да сваіх абавязкаў і рушыць далей па маршруце.
У сталовай аграгарадка Цімкавічы, дзе гатуюць 39 абедаў толькі для механізатараў СГФ “Руднае”, працаваў буфет. Агульнае ўражанне склалася неблагое, але рамонт памяшкання ўжо неабходны.
Сталовую СГФ “Грозава” наведалі разам з інжынерам па ахове працы Людмілай Ліннік, якая запэўніла, што ўмовы для харчавання механізатараў у полі створаны. Сапраўды, повар і раздатчыца падрыхтаваліся да справы: ёсць посуд, кантэйнеры, гарачая вада, спраўна працуюць халадзільнікі. Плануюць карміць тут да 70 чалавек.
СВК “Каменскі” абеды для сваіх механізатараў будзе прывозіць з Шышчыц. Усе пытанні вырашаны, заключаны дагавор. На мехдвары гаспадаркі ідуць апошнія прыгатаванні. Механізатары маюць магчымасць памыцца пасля працоўнага дня ў душавой на тэрыторыі мехдвара. Толькі неабходна абкасіць гэту тэрыторыю, каб не заблытацца ў траве на падыходзе да лазні.
Падводзячы вынікі выязной праверкі, адзначу, што выяўленыя негатыўныя факты адзінкавыя. Спадзяёмся, у сельгаспрадпрыемствах прымуць меры, каб гэтыя недахопы былі выпраўлены. Пазітыўна тое, што ва ўсіх гаспадарках на належным узроўні аформлены інфармацыйныя стэнды, у гэтым заслуга намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце. Да таго ж, усе механізатары забяспечаны спецадзеннем.
Ёсць упэўненасць, што ўборачныя работы ў раёне пройдуць паспяхова.
Любоў ПЯТРОВА
Комментарии