…Да акенца аддзялення “Беларусбанка” падышоў немалады мужчына:
— Мне б частку пенсіі зняць, — і працягнуў пластыкавую картку.
Загадчыца картку ўзяла. Уставіла ў апарат. Праз хвіліну вярнула:
— Камп’ютар не дае дазволу на выдачу грошай. Картка ваша механічна пашкоджана: пакамечана, вугал надарваны. Пэўна, унукі з ёй гулялі…
— Дык месяц назад я па ёй грошы здымаў. Паспрабуйце яшчэ раз.
Другая і трэцяя спробы вынікаў не далі.
— Вам трэба ў райцэнтр ехаць, замяніць картку. Калі не зробіце гэта зараз, то і ў наступным месяцы пенсію не атрымаеце…
Кліент ніяк не мог паверыць, што картка непрыгодная. Ён яшчэ раз некалькі разоў падыходзіў да акенца, прасіў пераправерыць картку. Наведвальнікі пачалі нервавацца, злавацца. Нарэшце, мужчына выйшаў. Чарга ўздыхнула з палёгкай.
— І такія вось кліенты бываюць, — заўважыла загадчыца аддзялення Наталля Паляшчук
(на здымку справа). – Старым людзям дапамагаць даводзіцца – то дрэнна бачаць, то не ведаюць, на які від укладу трэба грошы пакласці, як на дзяцей ці ўнукаў перавесці. Акрамя аплаты камунальных паслуг, многія крэдыты пагашаюць, валюту абменьваюць, за мабільную і інтэрактыўную сувязь разлічваюцца…
У фінансавай сістэме Наталля Мікалаеўна працуе з 1990 года. Пасля заканчэння аддзялення дзяржаўнага страхавання фінансава-эканамічнага тэхнікума (зараз – каледж) пяць гадоў была страхінспектарам, затым загадвала аддзяленнем ашчадбанка ў в. Лешня. Калі ж аддзяленне закрылі, перайшла на такую ж пасаду ў Семежава.
Клопатаў у Наталлі Мікалаеўны хапае – хатнюю гаспадарку дагледзець, трох мужыкоў (муж і два сыны–навучэнцы) накарміць, адзець-абуць. Ды і работа вельмі адказная, не церпіць памылак і недакладнасцей. І ўсё ў яе атрымліваецца. Хаця на работу даводзіцца дабірацца за шэсць кіламетраў. Тут ужо выручае тэхніка – веласіпед або скутар.
…Трэці год карыстаюся паслугамі Семежаўскага аддзялення “Беларусбанк”. І ніводнага разу не бачыў, каб Наталля Мікалаеўна была не ў гумары, не чуў ніводнага слова крыўды на яе ад вяскоўцаў. Хаця ў зону абслугоўвання аддзялення ўваходзяць такія вялікія вёскі, як Семежава, Лешня, Кіявічы, Домантавічы, Макраны. Наталля Мікалаеўна не дзеліць кліентаў на “чужых” і “сваіх”. Да ўсіх ставіцца роўна, ветліва, са спагадай. Давялося аднойчы быць сведкам, калі яна выручыла ў складанай сітуацыі адну з кліентак. Той спатрэбілася зняць з рахунку грошы на пахаванне, але патрэбнай сумы ў наяўнасці не аказалася. Тады Наталля Мікалаеўна пазычыла патрэбную суму з уласнага кашалька.
Зараз век электронікі і камп’ютарызацыі, таму Наталля Паляшчук з камп’ютарам, што называецца, на “ты”. Аперацыі праводзіць хутка, дакладна, без валакіты.
Наталля Мікалаеўна яшчэ не сталая жанчына, але ўжо і не маладзенькае дзяўчо! Справу ведае добра. І тым не менш паступіла на завочнае аддзяленне эканамічнага ўніверсітэта. І калі вечарамі вясковыя кабеты бавяць час на лавачцы або перад тэлевізарам, то яна – за пісьмовым сталом – чытае падручнікі, піша кантрольныя і курсавыя работы. Думаецца, што грунтоўныя веды, атрыманыя ў ВНУ, стануць добрай падтрымкай для далейшых поспехаў у яе рабоце.
Іван СУРМАН,
г. Узда
Комментарии