Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

Сёння і заўтра сельгасфліяла “Крыніца”

20.08.2012
Сёлета ў сельгасфіліяле “Крыніца” ААТ “Мінскрамбуд” была атрымана рэкордная для гаспадаркі ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур — 38,3 цэнтнера з гектара. “Нам з сярэднім балам ворыва 28 пераўзысці паказчык у 35 ц/га пакуль не ўдавалася, — расказвае дырэктар сельгасфіліяла Аляксандр Кажура. — Працавалі на ўраджай усе, імкнуліся максімальна дакладна выканаць патрабаванні тэхналогіі. Дапамагло і тое, што за апошнія гады ў гаспадарцы палепшылася культура земляробства, добра спрацавалі гербіцыды, ды і сеялі якасным насеннем, з захаваннем усіх тэрмінаў”. Усяго ў сельгаспрадпрыемстве неабходна было ўбраць збожжавыя і зернебабовыя культуры на плошчы 970 га, сёння на палетках яшчэ застаецца грэчка, для якой пакуль не наступілі аптымальныя тэрміны. Намалацілі 3,5 тысячы тон збажыны, а наперадзе яшчэ зерне кукурузы, пад якую адведзена 150 га. На ўборачнай шчыравалі чатыры камбайнавыя экіпажы, два з якіх намалацілі больш за 1000 тон. Аляксандр Часлававіч з задавальненнем расказваў пра працу Аляксандра Коршука і Васіля Трыгубовіча, Аляксандра Кандыбовіча і Сяргея Угаранкі, Сяргея Клюйкі і Аляксандра Бандараўца, Віталя Хілько і Валерыя Бойкі. Важкі ўклад у паспяховае правядзенне ўборачнай зрабілі вадзіцелі, якія былі задзейнічаны на адвозцы збажыны, Анатоль Кандыбовіч, Віктар Трыгубовіч і Міхаіл Швыдчанка. На рахунку кожнага з іх таксама больш за тысячу тон перавезенага зерня. Імкнуліся падтрымліваць тэмпы ўборачнай і работнікі збожжасушыльнай гаспадаркі. Сёлета ў СГФ “Крыніца” працавала два комплексы па дапрацоўцы збажыны – у Харытонаўцы і Чарнічным. Паводле слоў загадчыцы цэнтральнага склада Жанны Кашубы, толькі ў Харытонаўцы прынялі і дапрацавалі 350 тон рапсу і каля 1800 тон збожжавых культур. “Сушыць даводзілася першыя некалькі дзён, калі зерне мела вільготнасць 22%, — расказвае Жанна Аляксандраўна. — Потым займаліся толькі дапрацоўкай зерня. Праз нашу фінскую сушылку, якая была ўведзена ў строй чатыры гады таму, праходзіла і насеннае зерне, і фуражнае, рыхтавалі мы і збажыну для дзяржзаказу. Увесь працэс быў дакладна адрэгуляваны, не дапускалі ніякіх збояў. На сушылцы працавалі тры аператары Уладзімір Багдановіч, Аляксандр Вярбіцкі і Андрэй Малашэвіч. Да таго ж, сёлета ў нас былі добрыя памочнікі – старшакласнікі Слабадакучынскай СШ Саша Салановіч і Дзяніс Багдановіч. Дзякуючы стараннасці гэтых хлопцаў у нас на таку заўсёды быў парадак”. Трэба сказаць, што сёлета, як і кожны год, пасля заканчэння ўборкі збожжавых некалькі камбайнаў было накіравана на прысядзібныя ўчасткі вяскоўцаў. Акрамя таго, гаспадарка адгукнулася на просьбу Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната. Уборка збожжавых — гэта заўсёды рэзультат напружанай працы многіх хлебаробаў, кожны з якіх уносіць свой уклад у агульную справу. Без перабольшвання можна сказаць, што Віталь Грыцкевіч — адзін з тых механізатараў, на якіх павінны раўняцца іншыя. “У чалавека не толькі рукі залатыя, — адзначае Аляксандр Кажура, — але і вельмі разумная галава. Ён не толькі старанна выконвае даведзенае заданне, але ў кожную справу ўкладае ўсю сваю душу. Менавіта яго стараннямі значна палепшылася культура земляробства ў нашай гаспадарцы, больш выраўненымі сталі палеткі. Часта бывае, што яшчэ і інжынернай службы няма на мехдвары, а Віталь ужо тут: садзіцца за руль трактара раненька і дамоў вяртаецца ў прыцемках. Словам, паболей бы нам такіх працаўнікоў — і мы гора не ведалі б”. Гаспадарка цалкам справілася з выкананнем дзяржзаказу, па некаторых пазіцыях пераўзышла даведзенае заданне. Добры запас застаецца і зернефуражу — а гэта значыць, што будзе паўнацэнны корм для жывёлы. Увогуле, паводле слоў дырэктара сельгас- філіяла, у зімоўку гаспадарка ўступіць з паўтарагадовым запасам кармоў. Трэба шчыра прызнацца, што жывёлагадоўля для СГФ “Крыніца” з’яўляецца так бы мовіць “слабым звяном”. Вельмі адчуваецца кадравая праблема. Адзін з выхадаў з такой сітуацыі — будаўніцтва сучаснай малочнатаварнай фермы. Яно вядзецца ў вёсцы Слабада-Кучынка і, па словах дырэктара, павінна быць завершана да канца верасня—пачатку кастрычніка. Памяшканне разлічана на 260 галоў, будзе абсталявана сучаснай даільнай залай гомельскай вытворчасці і зручным гноевыдаленнем. Для кароў прадугледжана беспрывязное ўтрыманне, значна палепшацца і ўмовы працы жывёлаводаў. Пабудавана пляцоўка для складзіравання арганікі, ідуць работы па абустройстве выгульнага двара. “На перспектыву думаем пераабсталяваць пад кароўнік і цялятнік, які прымыкае да новай фермы, — расказвае Аляксандр Кажура. — Гэта нам дазволіць дабавіць яшчэ 200 пастановачных месцаў. Самае галоўнае, што мы разлічваем мець пасля ўводу ў строй аб’екта, — гэта рост прадукцыйнасці статка і, адпаведна, паляпшэнне нашага дабрабыту. Будзе малако — будуць і грошы. Да таго ж, зможам вырашыць кадравую праблему, якая менавіта ў жывёлагадоўлі стаіць вельмі востра”.   Аляксандр Часлававіч КАЖУРА, дырэктар сельгасфіліяла “Крыніца” ААТ “Мінскрамбуд”: - Я вельмі ўдзячны ўсім працаўнікам гаспадаркі за стараннасць і разуменне пастаўленых задач, якія яны праявілі падчас уборачнай кампаніі. Наогул, я ўпэўнены, што ў кожнай справе вырашальным з’яўляецца менавіта чалавечы фактар: пры жаданні можна горы звярнуць. Віталь Грыцкевіч атрымаў прафесію механізатара ў Капыльскім цяпер ужо прафе- сійна-тэхнічным каледжы, але пастаянна ўдасканальвае свае веды. Ёсць у яго жаданне зрабіць сваю справу як мага лепш. За што б Віталь не браўся: вядзенне ворыва, сяўба ці іншыя работы, заўсёды можна быць упэўненым, што ён выканае даручаную справу “на выдатна”. Яго “Беларусу-3022” ужо чацвёрты год, а выглядае ён, нібы толькі што зышоў з канвеера. Чым не характарыстыка адносін чалавека да сваёй справы?   Шосты год падчас жніва прыходзіць на дапамогу роднай гаспадарцы Васіль Трыгубовіч — працуе камбайнерам. Першыя спробы рабіў яшчэ будучы школьнікам, цяпер юнак — студэнт, скончыў чатыры курсы аграэнергетычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Васіль упэўнены, што ўдзел ва ўборачнай кампаніі стане для яго добрай школай падчас самастойнай працы, якую ён распачне ўжо праз год.   З задавальненнем адзінаццацікласнік Саша Салановіч і васьмікласнік Дзяніс Багдановіч частку сваіх канікул выкарысталі на дапамогу сельгаспрадпрыемству падчас жніва. Штодня хлопцы ў 8—9 гадзін раніцы ўжо былі на таку і шчыравалі там гадзін да дзевяці вечара. Іх абавязкі — пастаянна падтрымліваць парадак, прылады працы — лапата і венік. І хаця пасля напружанага працоўнага дня часта балелі спіна і рукі, хлопцы ніколькі не шкадуюць, што пайшлі працаваць на ток: будзе пра што сябрам расказаць ды і абноўкамі пахваліцца, якія за ўласныя грошы набылі.   Асноўную частку работ на будаўніцтве малочнатаварнай фермы выконваюць працаўнікі Капыльскага філіяла РБУ ААТ “Універсалрамбуд”. Справа ў іх адказная — выканаць у тэрмін даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб увядзенні ў строй сучаснага жывёлагадоўчага памяшкання.   Матэрыялы падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей