10 жніўня ў цэнтры аграгарадка Новыя Доктаравічы адбыўся раённы этап рэспубліканскага маладзёжнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі”, у якім прынялі ўдзел 6 сем’яў з Доктаравіцкага, Бабаўнянскага і Браткаўскага сельсаветаў. Арганізатарамі сёлета выступілі аддзел па справах моладзі Капыльскага райвыканкама, райкам ГА “БРСМ”, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, упраўленне райсельгасхарчу.
Спачатку ўдзельнікі расказалі пра сябе ў
візітнай картцы “Я, ты, ён, яна — разам дружная сям’я”. Найбольш спадабалася членам журы прадстаўленне Генадзя і Марыны Задруцкіх (аг. Ванелевічы Доктаравіцкага сельсавета). Другое выпрабаванне з інтрыгуючай назвай
“Наезніца” прыцягнула ўвагу шматлікіх гледачоў, што завіталі на свята. Заданне складалася з некалькіх элементаў: спачатку муж ставіў мяшкі са збожжам на воз, пасля ён жа запрагаў, а жонка, падхапіўшы эстафету, павінна была распрэгчы каня. Суддзі фіксавалі час, калі мужчыны, разгрузіўшы воз, ставілі апошні мех на зямлю. З гэтай задачай справіліся ўсе “на выдатна”. Але самыя хуткія секунды паказала зноў жа сям’я Задруцкіх, апярэдзіўшы астатніх больш чым на 10 секунд. Асабліва забавіў конкурс дзяцей, якія з задавальненнем пасля выпрабавання ўзбіраліся на воз – экзатычны транспарт XXI стагоддзя.
«Сельская спартыўная эстафета» таксама парадавала прысутных пацешнымі момантамі, якія ўзнікалі падчас напаўнення ўдзельнікамі конкурсу вадой ёмістасці пры дапамозе вёдраў і каромысла, а на фінішы сем’і як мага хутчэй стараліся сабраць рассыпаную бульбу ў мяшок. Вось тут адразу станавілася зразумела: калі дружна працаваць, то ўсё атрымаецца. Акрамя вышэйадзначанай сям’і з Ванелевіч добра з гэтым заданнем справіліся Аляксандр і Кацярына Шчэрбы (аг. Н. Доктаравічы), Аляксандр і Алена Карпінскія (в. Навасёлкі Браткаўскага сельсавета).
Пух і пер’е толькі ляцелі на трэцім выпрабаванні — конкурсе
“Ачумелыя ручкі”. Справа ў тым, што ўдзельнікі павінны былі абскубці куру. З пастаўленай задачай (проста з алімпійскай хуткасцю. —
С. Л.) справіліся сем’і Сіцкіх (34 сек.) і Шчэрбаў (36 сек.) з Новых Доктаравіч.
Бадай самым “гарачым” на эмоцыі балельшчыкаў стаў чацвёрты конкурс —
“Дрывасекі”. Аказваецца, каб нарыхтаваць на зіму дровы, некаторым удзель- нікам праекта і бензапіла не патрэбна. Пры падтрымцы сваіх маленькіх членаў сям’і Андрэй і Галіна Логаш (в. Думічы Бабаўнянскага сельсавета) за 3 хвіліны і 47 секунд паспелі распілаваць бервяно (даўжынёй каля двух метраў і дыяметрам 30 см) на тры часткі, пакалоць калодкі і скласці дровы ў касцёр.
Заключным стаў конкурс
“Сямейнае хобі”. Кожная сям’я прадставіла на суд гледачоў і журы самыя разнастайныя захапленні як дарослых, так і дзяцей. Вельмі цяжка было вызначыць, чые хобі лепшыя. Таму ўсім удзельнікам журы выставіла вельмі добрыя адзнакі. А вышэйшыя балы дасталіся Валерыю і Святлане Лазарэвіч (в. Бабоўня), Аляксандру і Кацярыне Шчэрбам.
Яшчэ да падвядзення вынікаў старшыня Доктаравіцкага сельвыканкама Міхаіл Гулейка падзякаваў удзельнікам за выдатнае выступленне. Ад Доктаравіцкага сельсавета за імкненне перамагчы ён уручыў прэміі сем’ям Сіцкіх, Шчэрбаў і Задруцкіх. Нельга не адзначыць выдатную работу самадзейных артыстаў Доктаравіцкага сельскага клуба і Быстрыцкага СДК, якія ўзнімалі настрой прысутным на працягу ўсяго мерапрыемства.
Па выніках шасці конкурсаў з невялікай перавагай пераможцай раённага этапа стала сям’я Генадзя і Марыны Задруцкіх. Ім і дасталіся галоўныя прызы. Але астатнія ўдзельнікі таксама атрымалі на памяць разнастайныя падарункі ад аддзела па справах моладзі, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, упраўлення райсельгасхарчу, райкама прафсаюза работнікаў АПК, а яшчэ — добры настрой і незабыўныя імгненні вясёлага і відовішчнага свята бадзёрасці, сяброўства і маладосці.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКАХ: моманты свята.
Фота аўтара
Комментарии