Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

210

Ёсць час - завітай да нас

14.07.2010

Праблема аднаўлення і развіцця вёскі - праблема агульнадзяржаўная. Задача дзяржавы - прыцягненне маладых людзей да жыцця і працы ў малых населеных пунктах. А ў вырашэнні гэтай задачы вялікую ролю іграюць і заняткі жыхароў вёскі ў вольны час. Зацікавіць, даць магчымасць адпачыць, пазнаёміць з народнай творчасцю, садзейнічаць фарміраванню творчых здольнасцей - усім гэтым займаюцца сельскія ўстановы культуры.

Відавочна, што на плечы работнікаў культуры ўскладзена вялікая адказнасць, значыць гэта павінны быць людзі сваёй справы. Такі невыпадковы чалавек тры гады таму прыйшоў працаваць у Новадоктаравіцкі сельскі клуб. Ірына Раманаўна Ясючэня гасцінна расчыніла дзверы ў свет культуры ўсім жыхарам вёскі. У тым жа 2007 годзе пры клубе быў створаны вакальна-інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам Міхаіла Міхайлавіча Касцялені, загадчыка агародніназахоўваючай базы МАУП «Доктаравічы». Падтрымку вясковым талентам аказала МАУП «Доктаравічы». Дзякуючы яму была набыта музычная апаратура для правядзення вечароў і канцэртаў.

На сёння ў клубе Новых Доктаравіч працуе 7 рознабаковых па сваім накіраванні гурткоў. Усе жадаючыя могуць паспрабаваць раскрыць сябе ў выяўленчым мастацтве, танцах, вышыўцы, бісерапляценні, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Знайсці для сябе занятак па душы могуць жыхары любога ўзросту  не толькі Доктаравіч, але і бліжэйшых вёсак. Для самых маленькіх працуе драматычны гурток «Сонейка». Дзеці малодшага школьнага ўзросту і нават дашкольнікі спрабуюць сябе ў якасці артыстаў, якія і самі выступаюць на сцэне і кіруюць лялькамі ў ценявым тэатры.

Болыш старэйшыя дзеці з ахвотай у пятнічныя вечары займаюцца танцамі ў клубе. Моладзь Новых Доктаравіч пры жаданні можа навучыцца рабіць цікавыя вырабы з бісера. А калі вы завітаеце ў Новадоктаравіцкі клуб у сераду ў шэсць гадзін вечара, то ўбачыце, як «ствараецца цуд» удзельнікамі гуртка выяўленчага мастацтва. I гэты цуд не толькі намаляваны, але і злеплены з гліны, салёнага цеста, сканструяваны з паперы ў тэхніцы арыгамі.

Для больш сталага пакалення ў клубе таксама ёсць занятак. У канцы кожнага месяца праводзяцца дні адчыненых дзвярэй, куды загадчык клуба гасцінна запрашае на «Вячоркі» людзей старэйшага ўзросту. Гэтыя вечары даюць магчымасць адчуць сябе неабходнымі, успомніць маладосць і перадаць свой вопыт маладзейшаму пакаленню.

Так, напрыклад, Вольга Бірыч, работы якой не раз былі адзначаны ўзнагародамі ў раённых аглядах-конкурсах, дзеліцца вопытам па вышыўцы з дзецьмі, якія займаюцца ў гуртку “Чароўная іголка”.

Вельмі адказна ставіцца Ірына Раманаўна і да правядзення святочных канцэртаў. Так, па ўсёй краіне 3 ліпеня адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, віншаванні ветэранаў Вялікай Айчынай вайны, мітынгі, ускладанні вянкоў да помнікаў загінуўшым за свабоду нашага народа. Для віншавання сваіх аднавяскоўцаў загадчыца змагла аб’яднаць працаўнікоў МАУП «Доктаравічы» і СВК «Ванелевічы», жыхароў  вёсак у адным сумесным выступленні. Канцэрт, які прайшоў на цэнтральных сядзібах, складаўся з 23 нумароў, задзейнічана было 17 чалавек з абодвух бакоў.

У канцэрце ўдзельнічалі людзі не толькі розных прафесій, але і рознага ўзросту. Маладзейшае пакаленне прадстаўлялі вучань Доктаравіцкай сярэдняй школы - Іван Коршук, вучні Ванелевіцкай СШ – Арсеній Макаранка, Вольга Міцкевіч, Людміла Дзіткоўская, Ганна Дарашэвіч. Старэйшае пакаленне прадстаўлялі Алена Ешукова, Зоя Літвінчук, Міхаіл Касцяленя, Валянціна Музыка, Ніна Роцька, Рэгіна Лазарэвіч. Патрэбна адзначыць плённую працу загадчыка Ванелевіцкага СДК Аляксандра Уладзіміравіча Ешукова, актыўнага ўдзельніка канцэрта. Ён змог за невялікі час стварыць новы дуэт з вучняў розных школ у складзе Івана Філіпенкі і Артура Кандраценкі.

Выступленне таленавітых аднавяскоўцаў вельмі спадабалася гледачам. Прагучалі словы ўдзячнасці ад  старшыні прафкама МАУП «Доктаравічы» Ларысы Васільеўны Прахарэні, старшыні сельвыканкама  Міхаіла Віктаравіча Гулейкі. Было прынята рашэнне пры падтрымцы Доктаравіцкага сельскага Савета арганізаваць выяздныя канцэрты-віншаванні ў такіх маланаселеных вёсках, як Астравок, Вужа, Гарнастайлава, Вуглы, Перавоз, Васільчыцы, Саўкова. А такое рашэнне азначае, што культурнаму адпачынку ёсць месца і ў жыцці кожнага вясковага жыхара.

Кацярына ЧЫГІРОВА,

студэнтка 5 курса БДПУ імя М. Танка


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей