Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

З малітвай да святога заступніка 16 жніўня ў Капылі традыцыйна адбудзецца фэст у гонар св. Роха

15.08.2012
З 1848 года на могілках знаходзіцца капліца св. Роха, пабудаваная ў часы эпідэміі (як сведчаць старажылы), і з гэтага часу ў Капылі існуе асаблівы культ і пашана да гэтага святога заступніка. Св. Рох (1295-1327) нарадзіўся ў паўднёвай Францыі, у Монпелье, быў адзіным сынам губернатара горада. Яго маці даволі доўга не магла дачакацца дзяцей і малілася аб дапамозе Маці Божай. Нарэшце нарадзіўся Рох з чырвоным знакам у форме крыжа на грудзях. Ва ўзросце 20 гадоў, натхнёны словамі з Евангелля “Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай што маеш, раздай убогім і будзеш мець скарб у небе” (Мц 19, 21), раздаў сваю маёмасць, якую атрымаў у спадчыну ад бацькоў, і пяшком вырушыў у пілігрымку ў Рым. Падчас свайго падарожжа апекаваўся хворымі на чуму. У Вечным Горадзе пражыў каля трох гадоў і праславіўся шматлікімі цудоўнымі вылячэннямі. Вяртаючыся дамоў, у Францыю, наведаў Ларэто і ў П’ячэнцы захварэў на чуму. Але каб не заразіць іншых, схаваўся ў бліжэйшым лесе, даручаючы свой лёс у рукі Божыя. Там, згодна з легендай, яго знайшоў сабака, які што- дзённа прыносіў яму ежу. Пасля цудоўнага выздараўлення вырушыў у дарогу. На французскай мяжы ў мястэчку Ангера яго схапілі і арыштавалі стражнікі, і, абвінаваціўшы ў шпіянажы, укінулі ў турму. Там ён прабыў каля 5 гадоў як не апазнаны і памёр 16 жніўня 1327 года. Пад яго галавой знайшлі картку з надпісам, што той, хто будзе прасіць св. Роха аб дапамозе падчас эпідэміі як свайго заступніка і пасрэдніка перад Богам, атрымае выздараўленне. Пасля яго смерці жыхары Монпелье пазналі яго па знаку на грудзях, які меў ад нараджэння, забралі цела пілігрыма і пахавалі ў парафіяльным касцёле, а ў 1485 г. перанеслі яго ў Венецыю, дзе рэліквіі св. Роха знаходзяцца і да сённяшняга дня. Так з сярэдзіны XIV ст. культ св. Роха пачаў распаўсюджвацца па ўсім Касцёле. Менавіта гэтыя ласкі св. Роха паспрыялі развіццю культа гэтага святога і на капыльскай зямлі. Здаўна вернікі штогод 16 жніўня збіраюцца на могілках каля капліцы. Кожны з вялікай радасцю і перажываннем, з уласнай просьбай да святога прыбывае на гэтае святое месца, дзе, тройчы абыходзячы капліцу на каленях, выпрошвае ў Бога тыя ці іншыя ласкі праз заступніцтва св. Роха. Многія вернікі ўзгадваюць, што з даўніх часоў шмат людзей прыходзіла і прыязджала на гэты фэст, падводы ставілі аж да суседніх вёсак, на некалькі кіламетраў, а пасля Урачыстай Св. Імшы святар асвячаў не толькі зёлкі, якія прыносілі вернікі, але і жывёлу, якую прыводзілі з сабой. У другой палове ХХ ст. у гэты дзень былі нават дадатковыя аўтобусы, каб кожны жадаючы мог прыехаць у Капыль на свята св. Роха. Таксама для дзяцей гэты дзень быў надзвычай святочны. Традыцыйна запрашаю на ўрачыстасць у гонар св. Роха 16 жніўня. Урачыстая Св. Імша каля капліцы св. Роха на Капыльскіх могілках пачнецца ў 10.30. Пасля Св. Імшы адбудзецца благаслаўленне зёлак і хатняй жывёлы. Ксёндз Аляксандр ВІТКО, адміністратар парафіі св. Пятра і Паўла ў г. Капылі. Малітва ў гонар св. Роха Божа, Цябе праслаўляюць усе святыя, просьбы якіх Ты выслухоўваеш, прыносячы палёгку ўсім, хто просіць апекі Тваіх абраннікаў. Учыні, каб тыя, хто ўшаноўвае святога Роха, праз яго заступніцтва былі вызвалены ад цяжкіх і заразных хваробаў, якія святому Роху самому давялося зносіць. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей