Якуб Колас – з маленства мой любімы пісьменнік і духоўны настаўнік. Дзякуючы класіку айчыннага мастацтва і яго герою Андрэю Пятровічу Лабановічу з аўтабіяграфічнай трылогіі “На ростанях”, я і абраў пачэсную прафесію педагога.
[caption id="attachment_22278" align="aligncenter" width="415" caption="Янка Купала і Якуб Колас"]

[/caption]
Глыбока сімвалічна, што свой першы апублікаваны верш Я. Колас назваў “Наш родны край” (1906): ужо з першых крокаў ён вызначыў асноўны напрамак сваёй творчасці – служэнне Бацькаўшчыне і яе народу. Этапнымі стануць у мастака рэалістычная паэма “Новая зямля” і рамантычная паэма “Сымон-музыка”.
У трылогіі “На ростанях” аўтар здолеў шырока ахапіць падзеі грамадскага жыцця, адлюстраваць побыт сялянства, местачковай і вясковай інтэлігенцыі, іншых груп насельніцтва Беларусі, стварыць галерэю партрэтаў людзей, у кожнага з якіх сваё аблічча і характар. Асабліва яскрава выявілася ў рамане майстэрства Коласа-пейзажыста: мы бачым тут непаўторны выгляд тых мясцін, дзе адбываюцца падзеі, – глухіх беларускіх вёсачак і мястэчкаў, лясоў і лугоў, дарог і сцяжынак…
Творчасць Янкі Купалы – глыбока праўдзівы летапіс жыцця беларускага народа, мастацкае выражэнне росту сацыяльна-палітычнай свядомасці працоўных мас, выразны адбітак нацыянальнага характару, народнага светаразумення і паэтычнага светаўспрымання на пераломных гістарычных рубяжах 1-й паловы ХХ стагоддзя.
Непаўторнае хараство яго лірыцы надае арга-нічнае зліццё лірызму і рамантычнай незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі айчыннага фальклору – паэтыкай беларускай народнай песні, з каларытам беларускіх легенд, паданняў, казак. А купалаўскае сцвярджэнне чалавечай годнасці мужыка (яго першы беларускі друкаваны верш і атрымаў назву “Мужык”(1905)) гучала ва ўнісон з горкаўскім узвелічэннем чалавека-працаўніка. Купала адкрывае ўсяму свету вобраз беларускага мужыка (“Я мужык-беларус”), беларусаў як народ (“А хто там ідзе?”). Ён – адзін з заснаваль-нікаў беларускай пейзажнай і інтымнай лірыкі (“Явар”, “Дзве таполі”, “Абнімі…” і інш.) Класічнымі сталі яго фальклорна-рамантычныя паэмы: “Курган”, прасякнутая ідэяй неўміручасці народнага мастацтва; “Бандароўна” – эпічная песня пра героіку народнага змагання супраць прыгнятальнікаў; “Яна і я” – паэтызацыя шчаслівага жыцця, кахання. Курган над трагічным героем Гусляром як “насып высокі” ўвасабляе народную памяць аб ахвярах змагання. Героі Купалавых паэм яскрава сцвярджалі сутнасць нацыянальнага характару Беларуса.
Купала і Колас сталі заснавальнікамі сучаснай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы. Творы знакамітых класікаў, на шчасце, не страцілі сваёй актуальнасці і ў ХХІ стагоддзі.
Янка Купала і Якуб Колас – гэтыя імёны ў нашым уяўленні заўсёды побач. Класік украінскай літаратуры Паўло Тычына нездарма параўноўваў Купалу і Коласа з дзвюмя вяршынямі “беларускага Эльбруса паэзіі”. Гэтыя класікі – сапраўдны пачатак беларускай культуры, літаратуры і мастацтва. Яны – яскравае ўвасабленне народнага духу, мастацкі ўзор, высокі прыклад, на які не можа не арыентавацца ўся наша нацыянальная культура і мастацкая літаратура, родная мова.
Сябры! У пачэсны для беларускай нацыі год кнігі перачытайце бессмяротныя творы Якуба Коласа – паэмы “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, трылогію “На ростанях”. Разгарніце ў вольны час неўміручыя старонкі Янкі Купалы – яго вершы, паэмы “Курган”, “Бандароўна”, “Яна і я” і інш. І я ўпэўнены: душы вашы стануць прыгажэйшымі, у сэрцы ўвальецца любоў да Бацькаўшчыны і яе таленавітага народа. Вы адразу ўсвядоміце, што беларускасць – не пусты гук… Хопіць ужо нам браць за прыклад заморскае, у нас, беларусаў, ёсць сваё – добрае і людскае, прыгожае і ўнікальнае! Гэтаму вучылі і працягваюць вучыць многія пакаленні беларусаў вялікія майстры матчынага слова, свядомыя сыны Беларусі – Якуб ды Янка. Янка ды Якуб!
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, г. Віцебск
Комментарии