Так лічаць жыхары Капыльшчыны. З некаторымі гутарыць карэспандэнт «Слава працы» Ігар Бурак, намеснік начальніка Капыльскага раённага вузла паштовай сувязі:
— Я маю непасрэдныя адносіны да правядзення выбараў, бо з’яўляюся членам участковай выбарчай камісіі Партызанскага выбарчага ўчастка №20. Ён адзін з самых вялікіх, таму спадзяюся, што актыўнасць выбаршчыкаў будзе высокая. Безумоўна, і сам аддам свой голас за дастойнага кандыдата.
Валянціна Шуракова, дырэктар дзяржаўнай установы “Капыльскі раённы краязнаўчы музей”:
— Я іду на выбары з верай, што новы парламент працягне добрыя традыцыі ранейшага, накіраваныя на палітычную стабільнасць, грамадзянскі мір і згоду ў беларускім грамадстве. Думаю, што культуры будзе надавацца пэўная ўвага. Вось і зараз у стадыі падрыхтоўкі знаходзіцца Кодэкс аб культуры – збор дакументаў, вельмі неабходных нашай галіне. Што датычыцца музейных супрацоўнікаў, то мы зачакаліся інструкцый па фондавай рабоце, з каштоўнымі металамі і зброяй. Спадзяёмся, што Кодэкс будзе хутка прыняты.
Юрый Гурыновіч, аграном і сакратар пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” адкрытага акцыянернага таварыства “Капыльскае”, дэпутат Цімкавіцкага сельскага Савета:
— На маю думку, кожны грамадзянін Беларусі павінен паважліва адносіцца да выбараў. Нас, як маладое пакаленне, вельмі хвалюе будучыня краіны. Думаю, калі мы выберам дастойных кандыдатаў, то наша жыццё будзе паляпшацца і далей ва ўсіх сферах грамадства.
Марыя Новік, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Капыльскага райвыканкама:
— Лічу, што выканаць свой грамадзянскі абавязак павінны ўсе жыхары Капыльшчыны. Я таксама падчас кожных выбараў не застаюся абыякавай да важнай палітычнай кампаніі. Спадзяюся, што новы парламент прыме законы, якія будуць і надалей стаяць на варце інтарэсаў чалавека, яго дабрабыту. Веру, што такім малым гарадам, як наш Капыль, будзе надавацца асаблівая ўвага.
Апытваў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии