Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

38

Духоўная спадчына стагоддзяў

15.09.2012
Сёлета Дзень бібліятэк для нас асабліва ганаровы, бо святкуецца ён у год, абвешчаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №618 Годам кнігі. А кніга – гэта носьбіт вартасці матэрыяльнай, мастацкай, духоўнай і маральнай. Цікава і змястоўна крочаць у нашых установах мерапрыемствы, прысвечаныя Году кнігі. Галоўнае з іх — раённы конкурс «Добры дзень, Кніга!». Нашы чытачы розных узростаў сталі ўдзельнікамі літаратурных вандровак: «Песня мая - бібліятэка» (Лясноўская с/б, С. І. Лазарава), «Казачная краіна - бібліятэка» (Жыліхаўская с/б, В.У. Радкевіч), «Краіна яе вялікасці кнігі» (Русакоўская б/клуб, А. І. Ліннік); ранішнікаў: «Зялёны балаганчык» (Старыцкая с/б, Г. Р. Гайшун), «У гасцях у казкі» (Праснакоўская с/б, І. І. Дзямідчык), «У гасцях у Бабы-Ягі» (Грозаўская с/б, М. А. Ермалінская), поле цудаў «Падарожжа па казачнай краіне «Фальклорыя» (Вялікараёўская б/клуб, Н. І. Новік), спартландыя па творы Карнея Чукоўскага «Тэлефон» (Лоцвінская с/б, В. А. Шыманская); дні паэзіі «Радкі, апаленыя вайной» (Ванелевіцкая с/б, Н. М. Роцька); конкурс чытальнікаў «Жывая класіка» (Н.Доктаравіцкая с/б, С. М. Шышко); літаратурна-музычная кампазіцыя «Незабыўны Максім Багдановіч» (Камсамольская с/б, Т. А. Давідоўская), «На кожнай сцяжынцы іх песня і голас...» — літаратурна-музычная кампазіцыя да 130-годдзя Я. Купалы і Я.Коласа (Каменская с/б, А. М. Астаповіч), літаратурна-музычная кампазіцыя «Я дыханнем цябе абаўю» (Руднянская с/б, М. М. Рымашэўская) і іншыя. Вялікую цікавасць выклікалі ў нашых чытачоў і нават карэспандэнтаў СТБ нашы выставы, прысвечаныя гісторыі кнігі: «Духоўная спадчына стагоддзяў» у Цімкавіцкай с/б (Н. І. Рудэнка), «Гісторыя кнігадрукавання» ў Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя А.Астрэйкі. На нашай радзіме заўсёды цанілі і верылі ў сілу друкаванага слова, аб гэтым гаворыць аналіз гістарычнага развіцця краю і бібліятэчнай справы. I вельмі сімвалічна, што і сёння нашы землякі перадаюць у дар свае асабістыя фонды, бо першыя бібліятэкі на Капыльшчыне стварыліся менавіта з фондаў асабістых бібліятэк. Словы ўдзячнасці гаворым сёння ўсім тым, хто ў гэтым годзе падарыў нам кнігі. Ларыса  Саковіч, Клаўдзія  Кучынская, Валерый  Саковіч, Таццяна Колас, Аксана Грыбок, Ірына  Зяньковіч, Любоў Верамейчык і іншыя. Я ўпэўнена, што ў аўдыторыі чытачоў не прысутнічаюць здзіўленыя скептыкі, якія не вераць у вечнае жыццё слова ўвогуле, друкаванага слова — тым больш. Зрэшты і мы, бібліятэкары, гаворым дзякуй Богу, што наступае эпоха глабалізацыі. Тэхнічны прагрэс, інтэрнэт дае нам неабмежаваныя магчымасці, але ўсё гэта будзе марным, не атрымае далейшага развіцця, калі не будзе месца кнізе і друкаванаму слову ўвогуле ў жыцці кожнага чалавека і кожнай сям’і. Кнігі неабходна вывучаць, прапагандаваць, вучыць працаваць з імі. Па-першае, нашы фонды багаты краязнаўчым матэрыялам пра гісторыю краю, знакамітых дзеячоў, фактаграфічнымі звесткамі. Накопленыя кніжна-газетныя матэрыялы мы часткова робім лічбавымі, ёсць паўнатэкставая краязнаўчая база з годным пошукавым ключом. Каб зацікавіць нашых карыстальнікаў, у першую чаргу школьнікаў, створаны тэматычныя агучаныя слайд-фільмы «Капыль паміж мінулым і будучым», «Героі Савецкага Саюза - нашы землякі», «Чароўная скрыпка Адама Русака», мультымедыйны фільм, прысвечаны Зоф’і Манькоўскай. Створаны слайд-фільм «Отравленная душа» - кнігі супраць дрэнных звычак. Гэта даступна кожнаму карыстальніку ў раённай бібліятэцы і бібліятэках аграгарадкоў. Па-другое, наша бібліятэка ганарыцца сваімі фондамі, якія камплектаваліся з пасляваеннага часу: мы маем усе выданні класікаў, папулярнай, даведачнай і энцыклапедычнай літаратуры. Час не стаіць на месцы, і, разумеючы, што бібліятэка павінна абганяць час, мы рэкламуем новыя паступленні на сваім сайце. Ён добра шукаецца, няма неабходнасці запісваць яго адрас, рэгулярна на мясцовым радыё выходзіць рубрыка «Хвілінка з кнігай», мы камплектуемся новым відам дакумента — электроннымі выданнямі. У фондах ЦБС амаль тры сотні электронных выданняў: гэта не толькі фактаграфічная і бібліяграфічная інфармацыя. У нас ёсць цікавае мультымедыйнае выданне, прысвечанае Францішку Багушэвічу, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Паэму Якуба Коласа «Новая зямля» і Янкі Купалы «Курган» можна пачуць у выкананні вядомых артыстаў. Калі любіш чытаць у камп’ютары, можна скарыстацца дыскам і прачытаць «Новую зямлю», «На ростанях» Я. Коласа. Таксама ёсць фільмы па духоўна-маральным выхаванні: «Десять заповедей», «Библия» — усім гэтым можна скарыстацца. У 2012 годзе цікавыя папаўненні фонду з Выдавецтва Беларускага Экзархата. Ведаючы галоўны попыт чытачоў, мы робім электронныя заказы на МБА з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, засвойваем работу па пошуку інфармацыі праз электронныя базы даных віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі і ўсіх новых сістэм. Яшчэ адной асаблівасцю сёлетняга свята з’яўляецца тое, што краіна святкуе 130-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа і 100-годдзе Максіма Танка. Гэта вялікі адрэзак часу для асэнсавання іх ролі ў беларускай і сусветнай літаратуры. Даследчыкі яшчэ доўга будуць адкрываць у асобах гэтых вялікіх людзей цікавыя звесткі, крытыкі і філолагі спасылацца на іх трапнае, правільнае беларускае слова, цікавую рыфму, гумар. У асобах гэтых людзей адлюстравана гісторыя нашага народа, у іх шмат агульнага, лёсы іх цесна пераплятаюцца паміж сабой. Спадзяёмся, што ў Год кнігі не расчаруем сваіх пастаянных чытачоў і набудзем новых прыхільнікаў кнігі. А для бібліятэкараў у знамянальны год добрая кніга будзе не толькі прафесіяй, але і гонарам, радасцю, душэўнай цеплынёй, працай для розуму. Шаноўныя калегі, паважаныя ветэраны! 3 радасцю віншую вас з прафесійным святам - Днём бібліятэк! Усім шчыра жадаю асабістага шчасця, дабра, святочнага настрою ў гэты значны для супрацоўнікаў дзень! Няхай праца прыносіць задавальненне і матэрыяльнае заахвочванне, а нашы ўстановы будуць адпавядаць усім запатрабаванням сучаснасці. Таццяна Серая, дырэктар Капыльскай ЦБС    

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей