ААТ “Капыльскае” – адно з валаўтваральных сельгаспрадпрыемстваў Капыльшчыны, якое на дадзены момант з’яўляецца адным з лідараў як па тэмпах уборкі, так і па колькасці намалочанага збожжа. Таму вельмі сімвалічна, што раённыя “Зажынкі-2012” спраўлялі менавіта тут.
Каля 19 тысяч тон збожжавых і зернебабовых было атрымана з 3620 га пасяўных плошчаў гаспадаркі (сярэдняя ўраджайнасць – 53,5 ц/га). Таму адкрытае акцыянернае таварыства хутка разлічылася з дзяржзаказам па харчовым збожжы.
Нягледзячы на значны вал збожжавых і зернебабовых, дасягнуты ён быў не за кошт павелічэння плошчаў (увогуле хлебная ніва гаспадаркі скарацілася больш чым на 400 га). Сакрэт добрых вы- нікаў вядомы, бадай, кожнаму – якаснае выкананне рэгламенту па доглядзе за пасевамі збожжавых культур. Асабліва з вялікай увагай падышлі да харчовай пшаніцы. Трэцяя, дадатковая падкормка КАСам па калоссі дала свой плён. У выніку атрымана высокая ўра- джайнасць – 56,5 ц/га з утрыманнем у зерні 25-27% клейкавіны. Яшчэ адно складаемае плённай працы – падрыхтоўка ўборачнай тэхнікі, падчас якой праведзена рэгуліроўка ўсіх механізмаў машын, ушчыльненне бункераў, кузавоў. І апошняе — адказнасць камбайнераў, якія імкнуліся дасягнуць высокіх намалотаў. Немалаважную ролю тут адыгрывалі распрацаваныя ўмовы аплаты працы.
На жніве шчыравалі 23 камбайнавыя экіпажы, 8 з якіх перасягнулі тысячны рубеж. Аператыўна вялася і адвозка збожжа, дзе было задзейнічана 20 адзінак тэхнікі. Узгадваючы пра ўдарныя тэмпы ўборкі, нельга не назваць лепшых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства. Героямі жніва сталі Уладзімір Уласовіч і Юрый Дарошчанка, Віктар Пінчук і Аляксандр Чомаў, Уладзімір Галушка, Аляксандр Кароль, Віталь Дылеўскі. Сваё майстэрства дэманстравалі вадзіцелі Сяргей Максіменя, Іван Крывецкі, Міхаіл Рыцька, Міхаіл Дымаў, механізатары Дзмітрый Казлоўскі, Сяргей Мацейка, якія запісалі ў свой актыў больш за 1000 тон перавезенага збожжа.
Увесь працэс уборкі асноўных плошчаў, калі не ўлічваць даждж- лівыя дні, склаў усяго 15 працоўных дзён. Цяпер экіпажы абмалочваюць збажыну, што ўрадзіла на прысядзібных участках насельніцтва. Пасля яны выйдуць на палі з грэчкай і сояй (усяго – 110 га). Культурам неабходна яшчэ выспець. А ўжо тады ААТ “Капыльскае” паставіць кропку ў важнай сельскагаспадарчай кампаніі гэтага года.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Лабарант С. Гурыновіч
Камбайнер А. Бярновіч
Комментарии