У райвыканкаме падпісана распараджэнне аб арганізацыі работы “Маладзёжнага перасоўнага шматпрофільнага цэнтра” з мэтай укаранення ў практыку інавацыйнай мадэлі па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў сельскіх населеных пунктах. У склад рабочай групы ўвайшлі начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Наталля Гарбацэвіч, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аляксей Загорцаў, дырэктар ДУ “Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Святлана Маліноўская, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Аляксей Абросімаў, начальнік аддзела культуры райвыканкама Наталія Царкова.
[caption id="attachment_21452" align="aligncenter" width="443" caption="Цырульнік В. Беразоўская"]
[/caption]
Згодна з планам адбыўся выезд у Вялікараёўскі сельсавет. У вёсцы Руднае прайшлі мерапрыемствы ў рамках работы “Маладзёжнага перасоўнага шматпрофільнага цэнтра”. Былі арганізаваны кансультацыі спецыялістаў. Напрыклад, сельскія жыхары мелі магчымасць атрымаць дапамогу ад псіхолага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірыны Беняш, звярнуцца да спецыяліста цэнтра банкаўскіх паслуг №609 ААТ “ААБ Беларусбанк” Яўгена Пуцейкі, скарыстацца паслугамі цырульніка Вольгі Беразоўскай, прыйсці на прыём да ўрача-тэрапеўта Валянціны Астроўскай.
[caption id="attachment_21453" align="aligncenter" width="443" caption="Юныя артысты СШ №2 г. Капыля"]
[/caption]
Жыхары сельсавета з вялікім задавальненнем прысутнічалі на святочным канцэрце, прысвечаным 10-годдзю БРСМ, які адкрыла начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Наталля Гарбацэвіч. “Сёння было шмат людзей, якія скарысталіся паслугамі маладзёжнага цэнтра, – сказала Наталля. – Прыемна ўсведамляць, што дапамога наша вельмі патрэбная”.
У канцэрце былі задзейнічаны вучні УА “ДАСШ №2 г. Капыля” пад кіраўніцтвам выкладчыка музыкі Таццяны Ермаловіч. За гукавое і музычнае суправаджэнне канцэрта адказвалі работнікі Капыльскага РЦК.
[caption id="attachment_21454" align="aligncenter" width="443" caption="На добраўпарадкаванні валанцёры з каледжа"]
[/caption]
Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аляксей Загорцаў падзякаваў дзецям, якія выступілі для вяскоўцаў. “Гэта не апошні раз, калі мы сустрэліся, – сказаў ён. – Мы будзем дапамагаць і іншым людзям у населеных пунктах, тым, хто мае патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы.”
У гэты ж дзень валанцёрскі атрад з Капыльскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа актыўна прыняўся за ўборку тэрыторыі помнікаў землякам і Герою Савецкага Саюза Ігнату Казлоўскаму.
Павел ШЭІН
Фота аўтара
Комментарии