Ад першай асобы
Аляксандр Рыгоравіч Макарчук:
— Нам неабходна паставіць у лік дзяржзаказу каля 1000 тон харчовай пшаніцы і 250 тон піваварнага ячменю. Безумоўна, мы гэта заданне выканаем. Хаця трэба сказаць, што сёлета фуражная збажына цэніц- ца ці не ў два разы даражэй, чым харчовая. Ёсць планы і на астатняе зерне: нешта прададзім камбінатам хлебапрадуктаў, паставім у якасці давальніцкага для вырабу больш таннага камбікорму, астатняе пакладзём у склад на захоўванне, каб мець магчымасць зімой прадаць па большай цане.
Напэўна, пакуль гэты нумар раёнкі дойдзе да свайго чытача, ААТ “Піянер-Агра” практычна закончыць уборку збожжавых культур. Але працэс дапрацоўкі збожжа не страціць сваёй актуальнасці. Яшчэ некаторы час будуць гудзець рухавікі на сучасным збожжасушыльным комплексе ЗСК-30 і “польскай” сушылцы М-819.
“Практычна толькі два—тры дні ў пачатку ўборачнай зерне мы сушылі, — расказвае аператар Павел Сінькевіч, які разам з сынам Антонам працуе на ЗСК-30. — Цяпер толькі яго дапрацоўваем. Асабліва цяжка, калі ідзе ячмень. Не тое, каб працэс больш складаны, проста ён колецца (усміхаецца), а гэта не вельмі прыемна”.
У “звычайным” жыцці Павел Лявонцьевіч працуе ў Капыльскай ЖКГ, а на час уборачнай ужо пяты сезон ідзе на сушылку. Не сядзіцца летам дома і Антону, год ён працаваў на таку і ўжо трэці — разам з татам на сушылцы. Работа ў аператараў зменная — па 12 гадзін. Увечары іх зменяць аператары Анатоль Лазюк і Аляксандр Абцэшка.
Сучасная тэхніка робіць больш лёгкай працу на дапрацоўцы зерня. Калі раней звычайна прымяняліся зернямёты, якія патрабавалі і слесара для абслугоўвання, і рабочых для падшуфлёўкі збожжа, то цяпер пагрузачна-разгрузачнымі работамі займаецца “Амкадор” (дарэчы, яго, як МАЗ і новы КЗС-1218, набылі ў гаспадарцы перад уборачнай). На таку суткамі па чарзе дзяжураць па два МАЗы.
Ёсць, па словах Аляксандра Макарчука, і “слабое звяно” ў дапрацоўцы і захоўванні збожжа. Гэта недахоп складскіх памяшканняў. Іх у гаспадарцы чатыры, але гэтага мала. “Разруліць” сітуацыю дапамагае толькі дакладны разлік. Таму арачнік стане наступнай новабудоўляй у ААТ “Піянер-Агра”.
На здымку: аператары Павел і Антон Сінькевічы
Матэрыялы падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ.
Фота аўтара
Комментарии