З 2 па 22 ліпеня 2012 года ў аграгарадку Семежава працавала экспедыцыя студэнтаў і выкладчыкаў кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Узначальваў яе загадчык кафедры, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Тадэвуш Антонавіч Навагродскі. Сваімі меркаваннямі наконт экспедыцыі падзяліліся і некаторыя студэнты гістарычнага факультэта БДУ
Дзмітрый КРОХІН:
— Жыхары Семежава ўвогуле спрыяльна адносіліся да нашых прылад працы, я маю на ўвазе фотаапараты і дыктафоны. Нашы інфарманты ведалі не толькі якія стравы гатаваліся ў іх сям’і, але і тую ежу, якую ўжывалі іх суседзі і аднавяскоўцы ўвогуле, гэта тычыцца і невялікіх адрозненняў у прыгатаванні адной і той жа стравы паміж сем’ямі.
Памер інфармацыі, якую мы збіралі ўсе гэтыя дні, аказаўся на самой справе вельмі вялікім. Мне, і я сур’ёзна ўпэўнены, што не толькі мне, асабліва падабалася, калі даводзілася пачуць у адказ на пытанне не прамы аповед, а нейкую цікавую гісторыю. Напрыклад, На- дзея Андрэеўна Арабінка пазнаёміла маю групу з такім выпадкам, як вяселле нейкіх Міхеля і Агапы. У тыя часы ў Семежаве была групоўка з чатырох скрыпачоў-выпівак на чале з Прохарам Пятровічам, якія гралі музыку і вялі само вяселле як сучасныя тамады. Але ў той дзень, калі Міхель вырашыў ажаніцца, скрыпачы ўжо былі заняты на іншым вяселлі. Міхель настойліва запрасіў Прохара да сябе, і той згадзіўся пры ўмове, што Міхель паднясе яму напой у такой пасудзіне, з якой Прохар яшчэ ніколі не піў. Тады будучы жаніх прынёс яму запатрабаванае ў сваім саламяным лапці. Засмяяўшыся, Прохар згадзіўся весці менавіта яго вяселле.
Я не ведаю, ці амаль што ўсе вёскі на Беларусі такія, ці нашай групе незвычайна пашанцавала, але практыка ў Семежаве сапраўды была незабыўнай. Прыемнай і карыснай адначасова.
Ганна Іванова:
— Семежава аказалася даволі гасціннай вёскай. З Надзеяй Васільеўнай Шчэрба мы пазнаёміліся яшчэ ў першы рабочы дзень. Яна вельмі многа ведала і, што самае галоўнае, мела жаданне расказваць. Ад яе мы пачулі, што семежаўцы – вельмі працавітыя людзі. У пацвярджэнне гэтых слоў яна распавяла пра свайго бацьку, які вярнуўся з фронту з прастрэленай рукой, але сам рабіў усё па гаспадарцы. Надзея Васільеўна Шчэрба дала настолькі шмат карыснай інфармацыі, што нашай каман- дзе нават цэлы дзень прыйшлося застацца ў школе, каб апрацаваць увесь дадзены ёю матэрыял. Нам яна падарыла збанок для малака і макацёр.
Калі нашу групу перавялі на другую вуліцу, мы доўга не маглі знайсці добрага інфарманта. Мы прайшлі вельмі шмат, толькі ў канцы вуліцы выпадкова сустрэлі Надзею Сцяпанаўну Шчэрбу. Яна гаварыла хутка, зразумела і цікава. Спадабалася тое, што жанчына пачала размову наступнымі словамі: “Жылі кеп- ска, але весела і дружна”. Добра распавяла нам пра гатаванне ежы, пра тое, як у Семежаве ткалі, шылі, вышывалі. Таксама яна расказала пра фестываль ткацтва ў вёсцы, на які з’ехаліся ткачыхі з дванаццаці раёнаў. З асаблівым гонарам Надзея Сцяпанаўна адзначыла, што на фестываль запрасілі і яе.
Уражанні ад вёскі і працы засталіся станоўчыя, добрыя вынікі залежалі ад таго, што ў групе не было канфліктаў, мы спрацаваліся.
Ігар Дубанос:
— За ўвесь час экспедыцыі ў нас не было ніводнага выпадку, каб з намі адмовіліся гутарыць мясцовыя жыхары, спаслаўшыся на недахоп часу ці штосьці яшчэ. Заўсёды ветлівыя, гатовыя дапамагчы — нават тыя семежаўцы, якія нічога не маглі сказаць па тэме нашай экспедыцыі, ахвотна дапамагалі нам знайсці людзей больш інфармаваных.
Нашы ўражанні пра семежаўцаў у цэлым адпавядаюць тым уяўленням пра іх, што існуюць у суседніх вёсках. Там здаўна лічылі, што няма лепшага зяця, чым семежавец і лепшай нявесткі, чым семежаўка. Вельмі іх паважалі: шанавалі за працавітасць, а таксама за тое, што семежаўскія мужчыны ніколі не мелі звычаю піць спіртное. Калі ў суседніх вёсках выпіваць лічылася нормай, то тут — не. У гутарках з інфармантамі ўсе яны падкрэслівалі, што ў іх ніколі не пілі, а максімум, што дазвалялі сабе — гэта чарачку самагонкі па вялікіх святах. Да п’яніц жа ставіліся пагардліва.
Нягледзячы на тое, што тэма экспедыцыі была сфармулявана вельмі вузка — «Традыцыйная культура харчавання» — пытанні мы задавалі не толькі па ёй. Мы імкнуліся ў кожным з тых, з кім гаварылі, убачыць асобу, чалавека са сваім лёсам, сваёй гісторыяй, сваімі радасцямі і — на жаль! — сваім горам. У адказ на нашы звароты семежаўцы ахвотна расказвалі нам не толькі пра тое, як і што яны елі (хоць і без гэтага нікуды), але і пра сваё жыццё, жыццё вёскі, яе гісторыю.
У канцы хацелася б падзякаваць Капыльскаму райвыканкаму і кіраўніцтву Семежаўскай школы, якія змаглі забяспечыць нам добрыя ўмовы знаходжання, што спрыяла актыўнай і плённай працы.
Апытванне Н. У. Рамашка
М. А. Іпатава (у цэнтры) са студэнтамі К. Луканскай і Я. Лосевай
Размова з Н. С. Шчэрбай
Комментарии