Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

54

У цэнтры ўвагі — Семежава

07.08.2012
З 2 па 22 ліпеня 2012 года ў аграгарадку Семежава працавала экспедыцыя студэнтаў і выкладчыкаў кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Узначальваў яе загадчык кафедры, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Тадэвуш Антонавіч Навагродскі. Асноўная задача экспедыцыі – збор палявога этнаграфічнага  матэрыялу па традыцыйнай культуры і харчаванні мясцовых жыхароў. Сабраныя этнаграфічныя прадметы былі перададзены Капыльскаму раённаму краязнаўчаму музею, а матэрыялы гутарак  з мясцовымі жыхарамі па традыцыях харчавання былі апрацаваны і падрыхтаваны да выдання ў выглядзе кнігі, прэзентацыя якой адбудзецца на V Міжнародным фестывалі “Мотальскія прысмакі” (11-12 жніўня 2012 года, в. Моталь Іванаўскага раёна, Брэсцкая вобласці). Найважнейшай часткай культуры народа з’яўляюцца традыцыі харчавання. Менавіта ў іх найбольш яскрава і выразна захоўваюцца этнічныя асаблівасці народа. Гэта праца з’яўляецца працягам сумеснага праекта кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ і Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”: “Кулінарныя традыцыі Беларускага Палесся”, які быў распачаты ў ліпені 2009 года. Пазней было вырашана пашырыць геаграфію даследаванняў і назваць праект “Кулінарныя традыцыі Беларусі”. У рамках апошняга праекта на працягу трох тыдняў па спецыяльна падрыхтаваным апытальніку праводзіўся збор палявога этнаграфічнага матэрыялу па традыцыях народнага харчавання  жыхароў аг. Семежава. Было апытана звыш шасцідзесяці чалавек сталага ўзросту, якія паведамілі вельмі многа цікавай інфармацыі аб асаблівасцях мясцовых страў, спосабах і прыёмах іх прыгатавання, святочна-абрадавых стравах, правілах паводзін за сталом, а таксама аб прадметах хатняга ўжытку, якія выкарыстоўваліся для прыгатавання і ўжывання ежы. Сярод адметнасцей мясцовай семежаўскай кухні можна выдзяліць такія стравы, як гопа, нацяганка, крышані, згортвальнікі, камякі, калатуша, рэзнікі, падкалотка, праснакі, лізікі, цуроп, пухір. Найбольш пашыранай стравай у жыхароў Семежава была саладуха, таму ў суседніх вёсках называлі семежаўцаў “саладушнікамі”. Унікальнай з’явай у абрадавым жыцці семежаўцаў былі памінкі, якія адзначалі па тры дні ў дзень пахавання, на дзевяць дзён, на тры тыдні, шэсць тыдняў, паўгода і год: у пятніцу - посныя, у суботу - скаромныя і абед - у нядзелю. Матэрыялы, сабраныя ў этнаграфічнай экспедыцыі, уяўляюць важную крыніцу для далейшага вывучэння і выкарыстання традыцый народнага харчавання беларусаў. Яны могуць быць запатрабаваны гаспадарамі аграэкасядзіб, работнікамі нацыянальных кафэ і рэстаранаў у сваёй практычнай рабоце, а таксама даследчыкамі–этнолагамі, фалькларыстамі, лінгвістамі, краязнаўцамі ў навуковай працы і інш. Хочацца выказаць самыя шчырыя словы ўдзячнасці ўсім прыветлівым і гасцінным жыхарам Семежава, якія знайшлі магчымасць падзяліцца з намі сваім адметным досведам. Асаблівая наша ўдзячнасць Капыльскаму райвыканкаму, яго службам, што садзейнічалі нашай палявой рабоце. Тадэвуш  Навагродскі, дацэнт, кандыдат гістарычных навук Т. Навагродскі са студэнтамі гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта каля Семежаўскай СШ  

artiom Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей