У Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэцы разгорнута выстава, якая прысвечана Году кнігі і расказвае аб гісторыі друкавання.
Выстава ўяўляе сабой невялікі стэнд, дзе размешчаны самыя розныя выданні. Напрыклад, у навуковым матэрыяле “Гісторыя беларускай кнігі” можна шмат цікавага даведацца і папоўніць свае гістарычныя веды. Гэта выданне ў некалькіх частках шырока расказвае аб кніга- друкаванні на тэрыторыі Беларусі.
Таксама больш падрабязна можна даведацца і аб дзеячах беларускай зямлі.Тут ёсць кнігі “Семіон Полацкі” Алеся Марціновіча, “Бібліятэка Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі XV—XVI стст.”, “Святая Ефрасіння”.
Справа размешчаны “Юбіляры года” – кнігі, якія сёлета адзначаюць пэўную дату з дня свайго выдання. Сярод іх ёсць творы класікаў беларускай літаратуры – “Спадчына” Янкі Купалы, якая з’явілася на свет 100 гадоў назад, “Песні жальбы” Якуба Коласа – 90 гадоў. Цудоўнаму твору Янкі Маўра “Чалавек ідзе” ў гэтым годзе спаўняецца 85 год. А вось раману нашага земляка Кузьмы Чорнага “Бацькаўшчына” – 80 гадоў.
Больш маладыя выданні – “Меч князя Вячкі”(25 гадоў) і “Зямля пад белымі крыламі”(35 гадоў) Леаніда Дайнэкі, якія прыцягваюць увагу чытачоў. Таксама трэба адзначыць сучаснага аўтара Алеся Жука і яго твор “Паляванне на апошняга жураўля”, выдадзены 30 год назад.
Кнігі тут самыя разна- планавыя і будуць цікавыя чытачам усіх узростаў. Супрацоўнікі бібліятэкі з дапамогай выставы ставяць сваёй мэтай прыцягнуць увагу чытачоў да беларускай кнігі, да выданняў, што сталі класікай, да гісторыі кнігадрукавання.
Выстава будзе працаваць да канца года і папоўніцца іншымі, не менш знакамітымі творамі. Загляніце ў чытальную залу. Гэта сапраўды заслугоўвае ўвагі.
Павел ШЭІН
Фота аўтара
Комментарии