Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

29

На шчодрай ниве «Старыца-Агра»

06.08.2012
Калі працэс арганізаваны дакладна, лічы, што палова справы ўжо зроблена. Такі прынцып з’яўляецца асновай у рабоце ААТ “Старыца-Агра”. У гаспадарцы ўжо ўбрана 80,9% плошчаў і намалочана 7992 тысячы тон. Ударныя тэмпы ўборкі ў сельгаспрадпрыемстве забяспечваюць 13 камбайнавых экіпажаў, сярод якіх экіпаж у складзе Віктара Дарашэвіча і Віталя Луцэвіча. Як паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Логіш, цяпер адначасова ўбіраюцца ячмень, трыцікале і пшаніца. Яшчэ да дажджу паспелі зжаць насенныя ўчасткі. “У гэтым годзе пшаніца вырасла нядрэнная, з добрай клейкавінай, — адзначае галоўны аграном. — Немалаважна, што сёлета збожжа практычна не трэба падсушваць. Яго вільготнасць складае ўсяго 10–12%. Фактычна пшаніцу толькі  дапрацоўваем. Пасля гэтага можна здаваць хлеб дзяржаве ці закладваць у свіран. Таксама вялі ўборку ячменю на плюшчэнне. Цяпер рыхтуем да здачы піваварны ячмень”. З-за нядаўняй непагадзі камбайны працавалі на палях з азімай пшаніцай ля вёскі Вошкаты. Збожжа тут паспела крыху больш  падсохнуць. За якасцю работ тут сачыў начальнік вытворчага ўчастка Іван Кавальчук. А недалёка ад малочнатаварнай фермы в. Андросаўшчына шчыравалі тры “Лексіёны”, адным з якіх кіраваў Віктар Дарашэвіч. Ужо 25 гадоў падчас уборачнай кампаніі працуе ён старшым камбайнерам, яшчэ да гэтага некалькі гарачых сезонаў хадзіў у памочніках. Неаднаразова Віктар станавіўся правафланговым на жніве не толькі для калег гаспадаркі, раёна, але і для ўсіх хлебаробаў вобласці, калі дасягаў першым тысячнага намалоту. “Сёлета крыху пазней выйшлі ў поле, але дзякуючы добрай падрыхтоўцы камбайна і яго бездакорнай рабоце ўжо намалацілі больш за 1000 тон, — расказвае перадавы механізатар. – У полі працуем з 9 раніцы і да 8 гадзін вечара. У нас камбайнаў дастаткова, каб своечасова закончыць уборку”. У гэтым годзе ў напарніках Віктара працуе Віталь Луцэвіч. Нягледзячы на малады ўзрост, на жніве хлопец ужо не навічок. Так, у мінулым сезоне шчыраваў ён разам з Аляксандрам Рончыкам, таксама адным з перадавых камбайнераў гаспадаркі. Ад перадавога экіпажа адвозіў чарговы намалот на МАЗ-5551 Уладзімір Серы, які на сваім рахунку мае больш за 1000 тон перавезенага збожжа. Машыну Мінскага аўтазавода вадзіцель ведае як свае пяць пальцаў. Гэта і не дзіўна: толькі на такіх аўтамабілях Уладзімір адпрацаваў больш за два дзясяткі гадоў. Сучасныя МАЗы, па яго словах, па-ранейшаму застаюцца вельмі надзейнымі, але сталі больш магутнымі. Цяпер грузавік лёгка ўмяшчае за раз 10 тон збожжа і больш. Увогуле, Уладзімір Серы прыгадаў, што ў свой лепшы сезон на  МАЗе давялося перавезці аж 2700 тон збожжа. У ААТ “Старыца-Агра” ўвогуле што ні прозвішча, то выдатны працаўнік, якому любы адказны ўчастак можна даверыць. Сярод такіх – камбайнеры Міхаіл Дарашэвіч, Сяргей Рыбак, Анатоль Шнітко. На беларускім КЗС-1218 сёлета бездакорна працуе экіпаж у складзе Уладзіміра Васілеўскага і Міхаіла Спадарца, на расійскім «Доне-1500» – Аляксей Ліннік і Віталь Гук. Усе работы ў сельгаспрадпрыемстве вядуцца ў комплексе. Так, пасля камбайнаў на поле выходзіць тэхніка для ўборкі саломы – “Нью Холанд” і 6 рулонных прэсаў, працуе брыгада па сціртаванні і адвозцы. Адначасова ў гаспадарцы вядзецца падрыхтоўка глебы пад рапс, каб не страціць аптымальныя тэрміны сяўбы. Для забеспячэння бесперабойнай работы арганізавана двухразовае харчаванне, якое дастаўляецца прама да месца працы. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара   Віктар Дарашэвіч (справа) і Віталь Луцэвіч. І. Кавальчук і А. Логіш У. Серы

artiom Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей