У ліпені экспедыцыя кулінарнага шоу праекта “Беларуская кухня”, трансляцыя якога адбываецца ў эфіры тэлеканала “Беларусь 2”, пабывала на Капыльшчыне. Галоўнымі героямі перадачы сталі нашы землякі — удзельнікі клуба “Лоцвінскія ўдалухі”.
Напрыклад, Галіна Дрожжа разам са сваёй сяброўкай Інай Ладнюк прыгатавалі зацірку, мачанку і медавуху. У наступнай хаце вясковая гаспадыня Наталля Клочка тушыла пеўня з бульбай, зрабіла герос (халодны суп) і бярозавы сок. Асабістымі сямейнымі рэцэптамі, што перадаваліся ад бабулі, матулі, свякрухі, падзялілася і Валянціна Шыманская. Гаспадыня прыгатавала кіслую капусту з рабрынкамі, бабку і калінавы морс. Вядома, гэтыя старадаўнія беларускія стравы жанчыны гатавалі менавіта ў печы. У ёй — дух нашай кулінарнай спадчыны. Упэўнена, такія стравы ўпрыгожаць любы стол. Нагадаем, што трансляцыя дзвюх тэлеперадач ужо адбылася, убачыць наступную перадачу з удзелам нашых землякоў вы зможаце на тэлеканале “Беларусь 2”. Таму сачыце за анонсам.
Па словах кіраўніка клубнага аб’яднання нацыянальнай кухні «Лоцвінскія ўдалухі» Галіны Дрожжы, удзельнічаць у праекце “Беларуская кухня” яе натхніла асабістая зацікаўленасць, а таксама жаданне данесці да людзей забытыя рэцэпты беларускай нацыянальнай кухні і страў сваёй мясцовасці.
Таццяна БОХАН
Комментарии