Першымі тысячнікамі сталічнай вобласці сталі камбайнавыя экіпажы ААТ “Ціміразеўскі” ў складзе Алега Пяцігорца і Уладзіміра Дрожжы, Сяргея Пяцігорца і Паўла Лінніка. У мінулую пятніцу віншаванні з працоўнай перамогай хлебаробы Капыльшчыны прымалі ад губернатара Мінскай вобласці Барыса Батуры.
“Гэта важная падзея для ўсёй Міншчыны, таму што вы першыя камбайнеры, якія дасягнулі тысячнага намалоту, — адзначыў Барыс Батура. – Тое, што ў Капыльскім раёне з’явіліся першыя тысячнікі – вельмі значна. Мы даўно чакаем ад Капыльшчыны больш важкіх вынікаў. І спадзяёмся, што ў гэтым годзе такія вынікі будуць”.
Павіншавалі герояў жніва таксама старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, в. а. старшыні Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мянчук і дырэктар ААТ “Ціміразеўскі Аляксандр Турбан. Камбайнеры-тысячнікі атрымалі грашовыя прэміі, падзячныя лісты і каштоўныя падарункі ад Мінаблвыканкама, райвыканкама, прафсаюзных арганізацый вобласці і раёна, а таксама кіраўніцтва гаспадаркі.
Даючы адзнаку ўборачнай кампаніі ў цэлым па вобласці, Барыс Васільевіч падкрэсліў, што сёлета аграрыі сабралі неблагі ўраджай рапсу (каля 220 тыс. тон). На сёння на палях Міншчыны паспеў і добры хлеб. Ураджайнасць збожжавых – звыш 40 ц/га. Губернатар адзначыў і поспехі на вырошчванні харчовага збожжа. Ён падкрэсліў, што ў вобласці не будзе праблем па выкананні дзяржзаказу.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
НА ЗДЫМКАХ:
1. Старшыня аблвыканкама Б. Батура і старшыня райвыканкама А. Жданеня з экіпажамі-тысячнікамі.
2. Інтэрв’
ю для тэлеканала «Беларусь 1» дае С. Пяцігорац
3. Віншаванне ад раённага Цэнтра культуры
Комментарии