Пахмурным, але цеплым ліпеньскім надвячоркам усе пажылыя людзі вёскі Рымашы нібы памаладзелі. Апрануўшы прыгожыя ўборы, былыя настаўніцы, швачкі і даяркі, бухгалтары, паляводы і механізатары прыйшлі разам са сваімі дзецьмі, унукамі, якія завіталі да іх на адпачынак, да хаты, дзе раней жылі гасцінныя і працавітыя бацькі дырэктара Лоцвінскага сельскага Дома культуры Уладзіміра Дрожжы. Аўтобус з артыстамі ўжо быў на месцы.
Як прыемна пабачыць твары вяскоўцаў, сардэчна павітацца з імі! Гукі музыкі і першыя песні абуджаюць успаміны, радуюць душу. Чалавеку вельмі патрэбны жывыя хвіліны радасці, каб не зачахнуць у будзённасці. Усім спадабаліся песні ў выкананні капыльскіх спявачак Валянціны Зарамбоўскай і Любові Галубовіч. Не расчаравалі і лоцвінскія самадзейныя артысткі Жанна Пісарык і Ірына Хмялеўская. Які ж канцэрт без гумару! Усіх цудоўна рассмяшылі і павесялілі Валянці- на Шыманская і мастацкі кіраўнік Лоцвінскага СДК Галіна Дрожжа. Вельмі прыгожа гучалі ў канцэрце і мужчынскія галасы. Задушэўна спявалі Уладзімір Дрожжа і Віктар Ганчар, загадчык аўтаклуба Андрэй Загорскі і Антон Шышмароў. Прыемна здзівіў жыхароў вескі сёлетні капыльскі выпускнік Павел Дрожжа. Людзі нібы пад- сілкаваліся маладой энергіяй, задорам, з якім юнак выконваў песні. А старэнькая бабуля Марыя перажыла моманты шчасця, радавалася за свайго ўнука. Нікому не хацелася разыходзіцца, нават, калі пачаў крапаць дождж.
Бываюць розныя апладысменты: змушаныя, ветлівыя, дзяжурныя. А на гэтым канцэрце-свяце яны былі шчырыя! Не пашкадавала артыстам лепшых руж і малінава-ружовых флоксаў са свайго прыгожага кветніку Валянціна Семяновіч. А старшыня Бабаўнянскага сельсавета Ірына Аляксандраўна Запольская была не толькі гледачом на канцэрце, яна падвозіла на машыне нямоглых жанчын, каб і тыя парадаваліся разам з усімі.
Пасля канцэрта артыстам падзякавала былая жыхарка Рымашоў, выкладчык Мінскага ліцэя лёгкай прамысловасці Рэгіна Юр’еўна Аўчыннікава. Мы, аднавяскоўцы, паважаем яе за цудоўныя чалавечыя якасці, за любоў да роднай мовы, якую яна пранесла праз усё жыццё.
— Сёння з былых часоў паўстаў прывабны, жыццярадасны вобраз нашай любімай вескі. Людзі забыліся пра свае стомленыя рукі і хворыя ногі, — сказала Рэгіна Юр’еўна. — Быццам сам Гасподзь адарыў нас сваёй літасцю-радасцю і сабраў разам тры пакаленні – бацькоў, дзяцей і ўнукаў, гараджан, у сэрцах якіх ніколі не затухала іскра любві да родных куточкаў. Мне здаецца, што сёння нават вокны зачыненых хат пазіралі на нас жыва і весела. Дзякуем вам, вельмі шаноўныя выканаўцы, за канцэрт, за сардэчнасць. Прыязджайце да нас часцей!
Т. В. Стульба,
А. А. Курыльчык,
А. А. Пыл,
жыхаркі вёскі Рымашы
Комментарии