Напярэдадні масавай уборкі ў в. Слабада-Кучынка прайшлі “Зажынкі”, якія сталі сапраўдным святам для працаўнікоў СГФ “Крыніца”
Вялікую частку ўрачыстасці заняло выступленне фальклорнай групы ветэранскай арганізацыі гаспадаркі (кіраўнік Валянціна Акуліч). Пад акампанемент баяна ў руках былога інжынера Міхаіла Рымашэўскага прагучалі песні “Крыніца”, “Еду, еду на камбайне”, “Деревенька моя” ў выкананні Антаніны Урадзімскай, Кацярыны Лазоўскай, Ніны Каспяровіч, Ніны Ліхадзіеўскай, Святланы Астрэйкі, Валянціны Барташэвіч і грамадзянкі брацкай Расіі Алены Лабанавай (прыехала з г. Каўрова).
Першы сноп жыта сжала старэйшая жняя Ганна Кашуба. А затым свяшчэннік песачанскага храма айцец Віталій Станкевіч асвяціў новы ўраджай і благаславіў хлебаробаў.
Ва ўрачыстасцях прыняў удзел старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, які з гонарам прыняў святочны каравай хлеба, як сімвал будучых здзяйсненняў.
— Для мяне слабадакучынская зямля асаблівая. З яе пачаўся мой працоўны шлях. Я жадаю працоўным СГФ “Крыніца” толькі перамог, багатага ўраджаю, спрыяльнага надвор’я, — адзначыў Анатолій Іосіфавіч.
На палях СГФ “Крыніца” будуць працаваць чатыры экіпажы камбайнераў. Сярод іх — сямейны экіпаж Віталія Хілько. Нельга ўзгадаць і пра тое, што Аляксандр Коршук сустракае ўжо сваё 30-е жніво і з гонарам прадаўжае сямейную дынастыю хлебаробаў, якая славілася на Капыльшчыне ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя.
У канцы ўрачыстасцей слова ўзяў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Кажура:
— Неабходна ўбраць без страт зерневыя культуры з плошчы 1070 га. Будзем працаваць дружна і арганізавана, прыкладзём усе намаганні, каб укласціся ў тэрміны. Добры ўраджай дапаможа нашай краіне стаць больш квітнеючай і заможнай.
Барыс Дзенісюк,
дэпутат Капыльскага раённага Савета дэпутатаў па выбарчай акрузе №4
Фота аўтара
Сноп з першага ўраджаю - А. І. Жданеню, А. Ч. Кажуру
Выступае фальклорная група ветэранаў
Комментарии