У Капыльскім раённым краязнаўчым музеі стала добрай традыцыяй у рамках праекта «TOLLAS – да актыўнага грамадства ў любым узросце» праводзіць майстар-класы для людзей паважанага ўзросту, дзе яны вучацца ствараць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сваімі рукамі. Гэтым разам удзельнікі мера- прыемства майстравалі вясельныя скрыначкі са скуры, дэкарыраваныя тканінай, біжутэрыяй і іншымі матэрыяламі.
[caption id="attachment_20031" align="aligncenter" width="443" caption="Майстар-клас вядзе М. Мароз (справа"][/caption]
Абрана тэма майстар-класа невыпадкова, так бы мовіць, з перспектывай. Усе ўжо добра ведаюць, што пасля рэгістрацыі шлюбу ў аддзеле ЗАГС маладыя спяшаюцца ў музей. Супрацоўнікі гэтай установы культуры для кожнай пары рыхтуюць цікавую і насычаную праграму, заснаваную на звычаях і абрадах мінуўшчыны. А паколькі раней неад’емным элементам вяселля была скрыня нявесты, куды складваўся пасаг, то дэкаратыўныя скрыначкі стануць добрым дапаўненнем да відовішчнага музейнага мерапрыемства. У дадатак, плануецца, што ўручаць сувеніры маладым будуць самі аўтары вырабаў.

Праз паўтары гадзіны з’явіліся першыя скрыначкі. Ужо пасля майстар-класа ўдзельнікі мерапрыемства ажыўлена абмяркоўвалі тэхніку вырабу сувеніраў, выказвалі меркаванні наконт матэрыялаў для дэкарыравання. Людзі паважанага ўзросту падзякавалі Мілане Мароз і работнікам музея за цікавы майстар-клас і карысны актыўны адпачынак.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара
Комментарии